Вернуться домой — счастье. В этом твердо убеждена жительница агрогородка Крулевщина Светлана Пучинская

Святлана Пучынская са сваёй памочніцай дачкой Сафійкай.

Святлана Пучынская са сваёй памочніцай дачкой Сафійкай.

Вярнуцца дадому  – шчасце. У гэтНе прадаеццаым цвёрда пераканана жыхарка аграгарадка Крулеўшчына Святлана Пучынская.

– Жыццёвая сітуацыя, якая паўплывала на наша з мужам рашэнне чатыры гады таму пакінуць кватэру ў Глыбокім і вярнуцца ў мой бацькоўскі дом, была зусім не радасная, – уздыхае Святлана, і вочы яе вільгатнеюць. – Пайшла з жыцця мама, і сэрца маё балела не толькі з-за яе страты, але і з-за таго, што тата ў сваім горы застаўся адзін. Забраць да сябе? Пажылому чалавеку, прывязанаму да свайго куточка, гэта яшчэ адзін вялікі стрэс. Таму спыніліся на такім варыянце. І ведаеце, ніхто з нас аб выбары ні разу не пашкадаваў. Так, я пайшла з любімай работы і стала хатняй гаспадыняй. Так, мой муж Аляксандр Віктаравіч – вадзіцель-дальнабойшчык, дома бывае не заўжды. Але кампенсацыяй гэтаму – радасны бляск у вачах таты, для мяне – магчымасць займацца тым, што заўжды любіла, – хатнімі справамі, гаспадаркай, добраўпарадкаваннем сядзібы, для мужа – тое ж самае. Да ўсяго ён захапляецца яшчэ рамонтам і зборкай матацыклаў, а тут для гэтай справы ўсе выгоды. Я рада, што шмат часу магу ўдзяляць і тату, і мужу, калі ён вяртаецца з рэйса, і дзецям. Сын Мікіта ў нас ужо студэнт, а вось першакласніца Сафійка ўвесь час побач, і ад гэтага маё шчасце множыцца. Аказалася, што і вярнуцца дадому – шчасце.

ЕН 567

Прызнацца, на сядзібу Божалка-Пучынскіх мы звярнулі ўвагу яшчэ мінулым летам, калі наведваліся да іх суседзяў Бясецкіх, таксама слаўных гаспадароў. Кінулася тады ў вочы мора кветак і розныя самаробныя садовыя фігуры і кампазіцыі. Святлана Аляксандраўна пацвярджае: так, у ход ідуць самыя розныя матэрыялы, пачынаючы ад пластыку і заканчваючы цэментам. Смяецца: у Інтэрнэце ідэй тысячы, устрымацца ад спакусы стварыць штосьці ўласнымі рукамі немагчыма. І калі ў цёплы час года сілы накіраваны больш на справы кшталту бетанавання дарожак, узвядзення рознага роду гаспадарчых пабудоў, догляду за агародам, садам і кветнікам, то позняя восень і зіма – самая пара для, як суразмоўца называе, падзелак.

– Баюся ўжо залішняй стракатасці, а душа патрабуе: вось у гэты куточак нядрэнна б кашпо з ампельнай раслінай, а сюды грыб “пасадзіць” можна, а на стрэшку флюгер будзе самае тое, – ахвотна паказвае нам свае ўладанні і дзеліцца планамі Святлана.

Прыемна тое, што нашы новыя знаёмыя аказаліся з той рэдкай катэгорыі людзей, якім неабыякава не толькі сваё. Разам з суседам Дзмітрыем Вайцяховічам Пучынскія ачысцілі ад смецця, якое панакідалі іншыя, сухога галля, рознага ламачча невялікі лясны лапік за сваімі агародамі. Усе б так – якая прыгажосць панавала б навокал!

ЕН 547

Света любіць птушак. У гаспадарцы іх шмат, нават тры пеўні нейкім чынам мірна паміж сабой ужываюцца. А выяў, фігурак птушак, мусібыць, не менш. Усеагульны любімец лабрадор Арчы – жывёліна абсалютна вольная ў сваіх перамяшчэннях, бо сама прыязнасць і дабрыня. Уразіла, што, нават гуляючы з мячыкам, ён акуратна аббягае клумбы – цэніць працу гаспадыні. Манеўраваць так яму даводзіцца з ранняй вясны і да позняй восені: увесь гэты час на панадворку, дзе няма ні пядзі пустуючай зямлі, нешта цвіце.

Дружная крулеўшчынская сям’я – пастаянныя падпісчыкі “Родных вытокаў”. Святлана Аляксандраўна адзначае, што найбольш любіць чытаць пра людзей, іх лёсы, справы, поспехі, захапленні. Кажа, і ідэю па добраўпарадкаванні не адну падхапіла з такіх аповедаў. Ды ёй і самой, без сумнення, ёсць чым падзяліцца з іншымі.

Як заўжды, калі пабываеш у людзей таленавітых, творчых, захопленых любімымі справамі, на душы хораша і светла. Мабыць, таму, што ад іх саміх ідзе святло.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *