Журналистика не прощает безразличия. Корреспондент «РВ» Евгения Малевич

Женя

Сёння — Дзень друку

Калі б трэба было складаць рэйтынг самых адданых газеце супрацоўнікаў, прозвішча гэтага журналіста значылася б на адной з першых прыступак.

Яна з тых, хто бязмерна любіць газету, дзеля журналісцкага задання ніколі не лічыцца з асабістым часам, мае мастацкі погляд на вёрстку выдання, не шкадуе добрай парады, а дзеля аднаго выдатнага кадра ці здымка на перадавіцу гатова дамовіцца з людзьмі на любы дзень і час, арганізаваць лакацыю, знайсці ўвесь дадатковы інвентар, частаваць дзяцей цукеркамі ці да ночы манціраваць відэа з брэндавага свята. Яна з тых супрацоўнікаў, якія робяць не толькі тое, што патрэбна, але і некалькі пунктаў звыш задання. Усё, як у знакамітым гімне журналістаў: “Трое суток шагать, трое суток не спать/Ради нескольких строчек в газете. /Если снова начать, я бы выбрал опять/Бесконечные хлопоты эти”.

Паважаныя чытачы, напярэдадні прафесійнага свята дазвольце пазнаёміць вас з карэспандэнтам “Родных вытокаў” Яўгеніяй Малевіч, ці нашай Жэняй, як мы называем яе ў калектыве.

У жніўні будзе 23 гады, як Яўгенія Валянцінаўна ўладкавалася ў рэдакцыю на пасаду аператара электроннага набора і вёрсткі. Чаму Яўгенія Валянцінаўна? У журналістыцы ж прынята звяртацца на “Вы” і па імені. Ды проста прыйшла ў газету Жэня з настаўніцтва. Па першай адукацыі яна мастак-афарміцель. Тры гады выкладала ў Гняздзілаўскай базавай школе маляванне, чарчэнне, а яшчэ геаграфію і пару прадметаў у давесак, як гэта часта бывала ў невялікіх сельскіх установах адукацыі. Школу і дзяцей Яўгенія любіла і любіць не менш за рэдакцыю, аднак жыццёвыя абставіны складаліся так, што пэўны час маладая жанчына працавала ў сталіцы. Калі прыняла рашэнне вярнуцца на радзіму, у рэдакцыі, дзе аператарам электроннага набору і вёрсткі працавала яе матуля Людміла Міхайлаўна, якраз патрэбен быў другі аператар. Тут неабходна зрабіць адступленне, каб чытачы не падумалі, што ў газеце Жэня апынулася пад цёплым мацярынскім крылом. Наадварот, патрабаванні да яе ад старэйшай калегі, нягледзячы ні на што, былі самыя строгія. Людміла Міхайлаўна вёрстцы нашай раёнкі аддала дваццаць гадоў прафесійнага жыцця. Яна першай асвойвала працу на камп’ютары, два разы на тыдзень вазіла газету ў Наваполацкую друкарню, уводзіла новыя элементы аздаблення паласы, а яшчэ часта выступала ў ролі карэспандэнта. Адным словам, спуску Жэні не было. Больш за тое, да сённяшняга дня маці для яе самы строгі крытык – ад перадавіцы і да апошняй рэкламы на восьмай паласе яна сочыць за газетай і выказвае сваё аб’ектыўнае меркаванне.

Ведаеце, усе, хто не выпадкова, а сэрцам сутыкнуўся з чароўнай сілай друкаванага слова, нават на заслужаным адпачынку не перастаюць быць супрацоўнікамі рэдакцыі. Наша прафесія ўнікальная тым, што, дзе б ні знаходзіўся, у выхадныя ці будні, калі неабыякавы да навакольнага свету, ты заўсёды на рабоце.

Час няўмольна ляціць… Зараз за плячыма Яўгеніі 11 гадоў работы на вёрстцы, вучоба ў Інстытуце журналістыкі БДУ і 12 гадоў афіцыйнага статусу карэспандэнта. Гэта, паўтаруся, афіцыйнага: рыхтаваць артыкулы Жэня пачала нашмат раней. Спачатку пераклады, потым невялікія замалёўкі, фотаэцюды, вершаваныя подпісы, першыя грунтоўныя тэксты… Дарэчы Яўгенія прыклала сваю творчую руку і да рэдызайну нашай газеты два гады таму, тым самым зэканоміўшы раёнцы сродкі на паслугі пабочных спецыялістаў. Новы, больш кароткі і ёмісты, лагатып “РВ” на першай паласе – яе рук справа.

Можа падацца, што прафесія журналіста лёгкая. Ды гэта зусім не так. Ад вялікага кола кантактаў, безлічы мерапрыемстваў, пастаянных зносін з героямі будучых нумароў часам хочацца ўзяць паўзу, дзень маўчання… У чым знаходзіць адпачынак наша Жэня? Адказ на паверхні – у сузіранні свету і творчасці. Напрыклад, большасць пейзажаў для аздаблення свайго дома Яўгенія намалявала сама. Яна захапляецца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, можа стварыць прыгожую рэч, як кажуць, з нічога. А яшчэ бязмерна любіць наш раён. На веласіпедах з сынам ці пешшу з дачкой-студэнткай наведвае любімыя з дзяцінства мясціны. І як бы дзеці і муж ні ўгаворвалі пакінуць фотаапарат ці тэлефон дома, ніколі іх не слухае. “А раптам які ўдалы кадр прапушчу, а можа нешта будзе цікавае, што для газеты спатрэбіцца?” – заўсёды круціцца ў яе ў галаве. Вось такі адпачынак напалову з работай атрымліваецца. А калі шчыра, то мы за гэта Яўгеніі Малевіч вельмі ўдзячны, бо, каб не яе неабыякавасць да справы, не было б у нашых сацыяльных сетках постаў з першай вясёлкай над горадам, суніцамі ў красавіку, снежнымі верхавінамі над Чыстаполлем і шмат яшчэ чым, такім дарагім кожнаму жыхару Докшыччыны, якія нязменна набіраюць выдатныя лічбы праглядаў. А значыць, усе яе намаганні недарэмныя.

Яўгенія Малевіч мае стос прафесійных узнагарод. Яна пераможца абласнога конкурсу друкаваных СМІ на прэмію Ф. Скарыны ў намінацыі “Лепшы творчы праект” за праект “Творчасць. Прыгажосць. Гармонія”; неаднаразовы дыпламант рэспубліканскага конкурсу “Лепшы матэрыял пра пошту”; лаўрэат ІІ ступені рэспубліканскага народнага фотаконкурсу “Радзіма” ФПБ; лаўрэат творчага конкурсу на лепшы матэрыял у СМІ аб дзейнасці Дзяржаўтаінспекцыі Віцебшчыны; фіналіст Міжнароднага фотаконкурсу “Мама і дзеці ў нацыянальных касцюмах”. А яшчэ – удзельніца раённага конкурсу “Супер-мама”, каляднага гарадскога балю і, да ўсяго, прафсаюзны лідар рэдакцыі.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *