«Нет лучше места, чем на малой родины» — считает семья Тихоновец из деревни Бабцы Докшицкого района

izobrazhenie-072

Апошнім часам гараджане ў першым пакаленні, калі выходзяць на пенсію, з настальгіяй успамінаюць пра вёскі свайго дзяцінства, вяртаюцца ў бацькоўскія хаты. Бліжэй да сонца, зямлі, вясковай працы, уласнавырашчаных прадуктаў, далей ад шуму і мітусні мегаполіса.

Мікалай і Галіна Ціханаўцы пра родныя хаты ў Бабцах не забываліся ніколі. Ад сталіцы, дзе Мікалай Васільевіч працаваў на заводзе ацяпляльнага абсталявання, а Галіна Сцяпанаўна ў краме – крыху больш за сотню кіламетраў.
– Усе гады, што жылі ў Мінску, лічы, кожныя выхадныя ездзілі ў Бабцы, – расказвае гаспадар. – Мы, хаця і кватэру зарабілі ў горадзе, і дочкі там адукацыю атрымалі, і ўнучкі жывуць і нават праўнучка ўжо ёсць, былі і застаёмся вяскоўцамі. Умеем працаваць на зямлі і цану гэтай працы ведаем. А як на пенсію выйшлі, дык ніколькі не вагаліся, што вяртацца на радзіму трэба.
Забягаючы наперад, скажам, што вярнуўшыся на пастаяннае месца жыхарства ў Бабцы Ціханаўцы не спыніліся толькі на рамонце хаты і стварэнні камфортных умоў для вясковага жыцця, яны завялі вялікую гаспадарку, самае пачэснае месца ў якой адведзена кароўцы і гэтым самым павялічылі невялікі вясковы статак. Ёсць у Ціханаўцоў і ўласны “бізнес” – вось ужо некалькі гадоў яны займаюцца нарыхтоўкай ягад і грыбоў. Яны і самі лясныя дары збіра­юць, і землякам даюць магчымасць падзарабіць на спрадвечным занятку лясной Бягомльшчыны. Галіна Сцяпанаўна шуткуе, што бізнес сямейны, бо дапамагае прымаць дзікарослую прадукцыю і яе маці, 88-гадовая Ніна Лявонцьеўна, а вось за ўсе транспартныя пытанні адказвае сям’я дачкі Рыты.
Галіну Сцяпанаўну ў вёсцы ведаюць як энергічнага, неабыякавага чалавека, а яна разважае так:
– Усім нам хочацца дабрабыту, здароўя, мець лішнюю капейчыну, каб дзецям дапамагчы і сябе ўпэўнена адчуваць. Мая мама расціла мяне адна, калі маладой жанчынай засталася без мужа і пражыла адна ўсё жыццё. Але я не адчувала сябе ў нечым абдзеленай, хаця толькі з узростам зразумела, якіх сіл ёй гэта каштавала. Мне з Колем пашчасціла. Памятаю, як выйшла замуж, кажу: “Мама, можа і твой лёс складзецца”. А яна як адрэзала: “Мікалай у нас цяпер гаспадар”. Так і сталася. Гэта не байка якая: зяць з цёшчай сапраўды ўсё жыццё ў ладзе пражылі.
Галіна Сцяпанаўна прызнаецца, што яна па характары больш хуткая, імклівая, любіць, каб справа ў руках гарэла. Мо таму са спакойным і ўраўнаважаным Мікалаем Васільевічам 49 гадоў жывуць душа ў душу, бо адзін аднаго дапаўняюць.
Трэба сказаць, што Ціханаўцы не толькі самі павагу да малой радзімы захавалі, але і здолелі выхаваць яе ў дачок і ўнукаў. Усе яны ў Бабцы імкнуцца таксама штотыдзень і вельмі ганарацца сваёй малой радзімай. А яна, у сэнсе вёска, пакрысе таксама маладзее, асабліва ўлетку, бо генетычная памяць пра родныя мясціны, закладзеная ў кожным з нас, прабіваецца, нібы маладыя парасткі на пожні чалавечай душы.

НА ЗДЫМКУ: Мікалай і Галіна Ціханаўцы.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *