«Монтажники миллиметровщицей звали, а это характеристика филигранной работы,» — делится крановщица Валентина Бяхова из Докшиц

IMG_6400 с

Шмат гадоў свайго жыцця аддала небу дакшычанка Валянціна Бяхава. Не, не лётчыцай была гэта цудоўная жанчына, зараз пенсіянерка, – кранаўшчыцай, і ў заплечніку яе працоўных здзяйсненняў не адзін дзясятак дамоў-гмахаў, ва ўзвядзенне якіх яна ўнесла сваю значную долю. У Докшыцах гэта некалькі шматпавярховікаў, а таксама будынак Беларусбанка.

Знаёмства з Валянцінай Сяргееўнай – яшчэ адзін яркі фрагмент, з якіх складаецца такое паняцце, як журналісцкае шчасце. Акцэнтаваць увагу на ўзросце жанчыны лічыцца маветонам. Аднак, мяркую, зусім не крыўднай для суразмоўцы будзе канстатацыя таго факта, што ў свае семдзесят з невялікім “хвосцікам” яна захавала ўсе шчодра падораныя ёй небам рысы, якія заўжды прывабліваюць да чалавека і выклікаюць захапленне. Гэта малады задор, уменні радавацца жыццю, вылучаць у людзях добрае і быць удзячнай, выдатнае пачуццё гумару, камунікабельнасць. А яшчэ – хуткасць і рашучасць у прыняцці рашэнняў. Лепш зрабіць і пашкадаваць, што памыліўся, чым не зрабіць і пашкадаваць, што не паспрабаваў, – гэта яе жыццёвы дэвіз.

Закончыўшы школу, юная ўраджэнка вёскі Лаці падалася ў сталіцу паступаць у інстытут за кампанію з сяброўкай: кампанейскасць у такім узросце з’ява нярэдкая. З гадамі Валянціна Сяргееўна нават забылася, якую ВНУ збіралася штурмаваць, бо па прыездзе ў Мінск, згадвае са смехам, у яе ўключыўся розум і прыйшло перакананне, што інстытут не асіліць. Тады дзяўчына разгарнула наўгад даведнік, у якім “падміргнула” ёй ПТВ, дзе ў ліку іншых будаўнічых прафесій значылася “машыніст крана”. “Чаму б і не?!” – мільганула думка. Валя памчалася па ўказаным адрасе, дзе ёй паведамілі: вы спазніліся, група набрана і ўжо выехала на практычныя заняткі. Здавацца было не ў характары Валянціны. Яна знайшла тую групу на будоўлі ў Зялёным Лузе і, пакуль будучыя кранаўшчыкі знізу разглядвалі кран і слухалі лекцыю выкладчыка, выпрасіла ў адной з дзяўчат трыко, апранула яго і хуценька паднялася ў кабіну на вышыню дзевяціпавярховіка. Здзіўленаму кранаўшчыку патлумачыла, што моцна захацелася паглядзець, якім будзе яе рабочае месца. З удзячнасцю ўспамінае, як той чалавек заступіўся за яе перад абураным выкладчыкам: “Калі з каго і будзе добры кранаўшчык, то з гэтай дзяўчыны”. І Валю ўзялі.

– Тое першае ўражанне, калі, здаецца, да аблокаў рукой падаць, а ўнізе рассцілаецца горад, словамі не перадаць – проста дыханне перахапіла, – у вачах Валянціны Сяргееўны загараюцца агеньчыкі. – Птушкай сябе адчула. І гэта са мной было ўжо заўжды. А кіраваць кранам, з дакладнасцю перамяшчаць, падаваць грузы – гэта асаблівы кайф. Ведаеце, – дзеліцца далей запаветным суразмоўца, – хоць і ёсць за працу не адна ўзнагарода, але найвышэйшай лічу ацэнку людзей. Мяне ж у свой час міліметроўшчыцай мантажнікі звалі, а гэта характарыстыка філіграннасці работы. Сапраўды, атрымлівалася дастойна, а калі ладзіцца справа, то і звычайны рабочы дзень як свята.

Пачатак яе працоўнага шляху ў Расіі. За рускага хлопца Валя, як сама жартуе, “скоропостижно” выйшла замуж (з таго жыцця ў яе захавалася, акрамя прозвішча, руская мова і мяккае тамбоўскае вымаўленне), і гісторыя гэта дакладна вартая напісання сцэнарыя і экранізацыі – куды б цікавей глядзелася, чым аднатыпныя сучасныя “мыльныя оперы”. Было шчасце, нарадзіліся сын і дачушка, жыллё атрымалі, але… “Зялёны змей” прывёў да краху не адну сям’ю, і Валя, атрымаўшы ва ўпартай барацьбе з ім паражэнне, праблему рашыла радыкальна: вярнулася з дзецьмі дадому. На дварэ стаяў 1979-ы…

Уладкавалася на працу ў “Полацксельбуд”. Пабывала пасля на будоўлях у многіх раённых гарадах вобласці, а пачынала ў Докшыцах з будаўніцтва трохпавярховых дамоў на вуліцы Школьнай. Прыходзілася і яшчэ нямала папрацаваць з работнікамі ПМК-52 – многіх Валянціна Сяргееўна згадвае з удзячнасцю і павагай. Шмат цёплых слоў было выказана ў адрас тагачаснага дырэктара прадпрыемства Канстанціна Раслевіча, у якога яна апошнія сем гадоў перад выхадам на заслужаны адпачынак працавала сакратаром. “Таленавіты кіраўнік і вялікай душы чалавек”, – так гаворыць пра Канстанціна Канстанцінавіча. Наогул, пра каго б у нашым дыялогу ні заходзіла размова, Валянціна Сяргееўна для кожнага знаходзіла трапную, а галоўнае добрую характарыстыку. Не дзіўна: што ў чалавеку ёсць, тое ён і выпраменьвае, і ў іншых бачыць.

Напрыканцы не вытрымала, каб па-жаночы не спытаць: як гэта – падымацца па кранавай лесвіцы на вышыню да 37 метраў і спускацца ўніз, асабліва ў ветраную пагоду, калі цябе яшчэ і гайдае туды-сюды?

– Ай, нічога асаблівага, – адмахваецца Валянціна Сяргееўна, нібы размова ідзе пра вышыню горкі ў дзіцячым садзе. – Лезь, не спыняйся, па баках і ўніз не глядзі – толькі наперад!
Такая яна і ў сваім дастаткова няпростым жыцці. Паводле вядомага выразу, народжаны поўзаць лятаць не можа. А яна можа лятаць, няма сумненняў! Прынамсі, уздымацца высока не толькі над дамамі, але і над жыццёвымі праблемамі, турботамі – дакладна.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *