Читать — значит жить, так считает библиотекарь из Докшиц

Год кнігі даў цудоўную магчымасць успомніць пра людзей, на першы погляд, непрыкметнай прафесіі, але вельмі патрэбнай грамадству, яго духоўнаму патэнцыялу.

Маю на ўвазе захавальнікаў кніг, бібліятэкараў. У большасці сваёй – гэта людзі, якія па-сапраўднаму любяць веды, кнігу і нястомна прапагандуюць яе сярод чытачоў.

Марына Кавалеўская ў цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму раёна прыйшла працаваць маладзенькай дзяўчынай пасля таго, як закончыла Мінскі інстытут культуры. Напачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, калі друкаванае слова карысталася вялікім попытам, а наяўнасць асабістай бібліятэкі была неабходным атрыбутам для кожнага інтэлігента,  прафесія бібліятэкара была адной з самых запатрабаваных у грамадстве. У яе ішлі дзяўчаты-разумніцы, бо бібліятэка па тых часах – гэта цішыня, спакой, культура і зарплата амаль такая, як у настаўніка ці ўрача. Таму маці Марыны, адной з лепшых выпускніц сельскай школы ў Шаркаўшчынскім раёне, ганарылася выбарам дачкі, а потым радавалася, што па размеркаванні яна трапіла амаль што ў суседні раён.

Докшыцы для Марыны Міхайлаўны сталі тым месцам, дзе прайшло ў прынцыпе ўсё яе свядомае жыццё. Тут сустрэла цудоўнага хлопца, які стаў верным і спагадлівым мужам. З Анатолем нарадзілі і вырасцілі дачку Наталлю, якая закончыла Варшаўскі ўніверсітэт і зараз вучыцца пры ім у дактарантуры. Сям’ю Кавалеўскіх заўсёды аб’ядноўвала кніга, любоў да чытання. 

Марына Міхайлаўна пачынала бібліятэкарам у дзіцячай бібліятэцы. Потым пайшла на павышэнне і стала галоўным бібліёграфам ЦБС. Трэба сказаць, што гэтай пасадзе яна вельмі адпавядала. Эрудзіраваная, прафесійна граматная, умела хутка з дапамогай бібліяграфічных крыніц знайсці адказ на любое пытанне, падабраць неабходную літаратуру па зададзенай, самай складанай тэме. Зараз гэту місію больш выконвае інтэрнэт, але чытачы старэйшага пакалення і аўтар гэтых радкоў таксама (пасля таго, як “злавіла” сусветнае павуцінне на недакладнасці), усё ж такі больш вераць друкаваным даведнікам, слоўнікам і энцыклапедыям. У іх Марына Міхайлаўна па-ранейшаму вялікі знаўца. Зараз яна працуе бібліятэкарам чытальнай залы цэнтральнай раённай бібліятэкі. На гэтай пасадзе вельмі спатрэбіліся яе творчыя здольнасці, іранічны і толькі ёй уласцівы погляд на многія з’явы рэчаіснасці і, канечне, паэтычны талент. Дарэчы, калі ў Бягомлі грамадскасць раёна віншавала з 50-годдзем нашага земляка, вядомага паэта Юрася Свірку, то віталі яго 4-радкоўем, аўтарам якога была менавіта Кавалеўская.

Ах, Юрась, ты наш Юрась!
Прыязджай хутчэй да нас,
Ну, на што табе сталіца?
Калі лепей Маргавіца!

У сваю родную Маргавіцу паэт, канечне, не вярнуўся, але на ўрачыстасці ў гонар свайго ўжо 70-годдзя нечакана для ўсіх прачытаў радкі бібліятэкара з Докшыц.

Марына Міхайлаўна – першая памочніца загадчыцы бібліятэкі Алы Закалінскай у правядзенні ўсіх масавых мерапрыемстваў. Гэта дзякуючы іх творчай фантазіі, уменню працаваць з людзьмі доўгі час працуе клуб “Дакшычанка”, кожнае мерапрыемства якога –  сплаў літаратуры, паэзіі, музыкі, песні. Добрая, узаемная сувязь наладжана з вячэрняй школай, аддзяленнем дзённага прабывання інвалідаў.

Кожны дзень у чытальную залу бібліятэкі наведваюцца людзі па газеты, часопісы, па рэдкую кнігу. Яе гаспадыня прыязна вітае кожнага, умела знаходзіць аднаму яму цікавую тэму, параіць што можна па ёй пачытаць. Сама сабе парадуецца, бо ўпэўнена, што людзі перастаюць думаць, калі перастаюць чытаць.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: бібліятэкар раённай бібліятэкі М.М. Кавалеўская.

Один комментарий для “Читать — значит жить, так считает библиотекарь из Докшиц

  • 28.03.2012 в 12:17 пп
    Permalink

    Читать — значить жить-ВОТ ЭТО ПРАВИЛЬНО!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *