Кадры, оборудование, диспансеризация… Чем живет Докшицкая ЦРБ?
Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Вераніка Рамановіч расказала, якімі клопатамі жыве ўстанова ў цяперашні час.
– Вераніка Аляксандраўна, якія паказчыкі галіны аховы здароўя раёна змяніліся ў лепшы бок?
– Першае, што хочацца адзначыць, – сёлета ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года прыкладна на 12 працэнтаў знізілася агульная смяротнасць насельніцтва. Гэта самы важны індыкатар у нашай галіне, таму што своечасова спрафілактаваць захворванні, прадоўжыць жыццё людзей і ёсць асноўная мэта медыцыны.
Паўней быў задзейнічаны ложкавы фонд, а гэта значыць, у стацыянары пралечана больш пацыентаў.
Высокай застаецца запатрабаванасць дзённага стацыянара – выкананне плана яго паслуг складае 112 працэнтаў.
– З якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца ў дзённы стацыянар пацыенты?
– З захворваннямі апорна-рухальнага апарату, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, ішэмічнай хваробай сэрца. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца ложкі дзённага стацыянара сярод працуючых. Усе неабходныя лекі ў наяўнасці, прычым плаціць пацыентам за іх не трэба.
– Ці задавальняюць Вас тэмпы дыспансерызацыі?
– Галоўным чынам яе правядзенне праходзіць па распрацаваных графіках, і да канца года мы звычайна набліжаемся да максімальнага ахопу насельніцтва. Зразумела, ёсць катэгорыя людзей, якія з года ў год ігнаруюць запрашэнні на медабследаванне, і з гэтым нічога не зробіш. Тым не менш дыспансерызацыя ў першую чаргу мае на мэце прафілактыку захворванняў, у тым ліку іх ранняе выяўленне, лячэнне і папярэджанне ускладненняў. Напрыклад, пры медаглядзе можна своечасова выявіць такія хранічныя неінфекцыйныя захворванні, як сардэчна-сасудзістыя, анкалагічныя, цукровы дыябет, рост якіх, на жаль, назіраецца ў раёне. Многія захворванні ўзнікаюць у выніку няправільнага ладу жыцця, звязанага з нерацыянальным харчаваннем, гіпадынаміяй, шкоднымі звычкамі. Негатыўна ўплываюць на здароўе і празмерныя псіхаэмацыянальныя нагрузкі.
– Ахарактарызуйце кадравую абстаноўку ў ЦРБ.
– Вострага дэфіцыту няма. Дзеючыя спецыялісты ў выпадку неабходнасці праходзяць перападрыхтоўку і працуюць па сумяшчальніцтве. Так, загадчык педыятрычнага аддзялення Дзмітрый Сачына яшчэ і эндаскапіст, педыятр Аляксандр Хадаровіч адвучыўся па прамянёвай дыягностыцы, неўролаг Таццяна Таляронак сумяшчае працу на пасадзе анестэзіёлага-рэаніматолага.
Гэтым летам чакаем маладых спецыялістаў – выпускнікоў ВНУ і медкаледжаў: двух урачоў-стаматолагаў, хірурга (усе – “мэтавікі” з абавязковай адпрацоўкай тэрмінам на пяць гадоў), фельчара-лабаранта, зубнога тэхніка, тэхніка-масажыста.
А ў 2026 годзе, па папярэдніх даных, ва ўстанову павінны прыехаць па размеркаванні восем спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, сярод якіх урач-псіхіятр-нарколаг, анестэзіёлаг, педыятр, хірург, стаматолаг, урач агульнай практыкі.
Каб забяспечыць даступнасць медыцыны, у наш горад пастаянна прыязджаюць урачы вузкіх спецыяльнасцей з вобласці.
– Як умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ЦРБ?
– З апошняга – набыта абсталяванне ў афтальмалагічны і гінекалагічны кабінеты, у фізіятэратеўтычнае аддзяленне купілі масажную кушэтку, пнеўмакампрэсіённыя панчохі.
За кошт рэспубліканскага бюджэту набыты 64 камп’ютары, і зараз ідзе іх устаноўка на рабочых месцах урачоў і памочнікаў урачоў. Інфарматызацыя праходзіць ва ўсіх установах аховы здароўя Беларусі. Канчатковая мэта – стварэнне і ўкараненне электронных медыцынскіх карт, сістэм абмену данымі, аўтаматызацыя розных працэсаў. У прыватнасці, з увядзеннем электронных карт пацыенты будуць мець доступ да ўласнай медыцынскай інфармацыі ў любы час. Працэс інфарматызацыі ў Докшыцкай ЦРБ мяркуем завяршыць у трэцім квартале гэтага года.
Таксама плануем у хуткім часе ўстанавіць уласную дэзінфекцыйную камеру для абеззаражвання адзення, абутку, пасцельных прыналежнасцей і іншых рэчаў, таму што зараз арэндуем чужую.
У наступным годзе набудзем два аўтамабілі медыцынскай дапамогі.
Цяпер жа працягваецца абуладкаванне рэнтген-кабінета.
Калі гаварыць пра рамонты ў памяшканнях, то яны праводзяцца штогод. Наша задача – забяспечыць для пацыентаў не толькі лячэнне, але і камфорт.
– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?
– Канечне ж, перш-наперш, здароўя. І выкажу шчырую ўдзячнасць за выдатную работу. Прыемна адзначыць, што побач з вопытнымі спецыялістамі бальніцы гэтак жа рупліва працуюць і маладыя. Яны не толькі майстры сваёй справы, але і актыўныя ўдзельнікі разнастайных масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў раёне. Самы час успомніць удзячным словам і ветэранаў працы: урачоў, медсясцёр і санітарак. Вялікага шчасця ім у жыцці!
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.