Нарушители попали в фотоловушку при выгрузке мусора в Докшицком районе

Нумары машын, рысы твару людзей добра бачны на здымках з фотапасткі, таму яны становяцца неаспрэчным доказам здзяйснення правапарушэння. Не варта думаць, што нахабства застанецца незаўважаным.
У пачатку чэрвеня двое мужчын загрузілі аўтамабільны прычэп непатрэбнымі ў гаспадарцы рэчамі і накіраваліся ў бок ляснога масіву Прудніцкага лясніцтва. Схаваўшыся ў гушчары ад людскога вока, яны пазбавіліся ад смеццевага цяжару. Праўда, не ўлічылі, што іх дзеянні трапілілі ў аб’ектыў фотапасткі, устаноўленай работнікамі лясгаса.
Куды павінна вывозіцца смецце з асабістых падворкаў? Правільна: у спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы, дзе яго ўтылізуюць. Як аказалася, не ўсе так лічаць.
Начальнік аддзела аховы лесу Бягомльскага лясгаса Міхаіл Сураўцаў патлумачыў, што здымкі з прыбораў, якіх маецца ў дастатковай колькасці, дыстанцыйна прыходзяць адразу ў аддзел аховы лесу, у лясніцтва і на сервер Віцебскага ДВЛГА. Таму правапарушэнне нескладана выявіць і зафіксаваць з дакладнасцю да хвіліны. Ужо на месцы былі знойдзены аўтамабільныя шыны, дываны, некалькі мяхоў з дробным смеццем, поліэтыленавая плёнка, пластмасавыя вёдры. Па нумары аўтамабіля выявілі яго ўладальніка. Такія відавочныя факты вінаватыя ўжо не маглі аспрэчыць.
У адносінах да парушальнікаў вынесены пастанаўленні па ч. 1 арт. 16.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якімі яны павінны прыбраць смецце за тыдзень. У адваротным выпадку мужчынам пагражае прыцягненне да адказнасці па арт. 24.1 КаАП РБ і разгляд справы ў судзе.
Як паведамілі ў Бягомльскім лясгасе, парушальнікі прыбралі за сабой і кампенсавалі нанесеную прыродзе шкоду.
Даведка. Выкідванне смецця ў лясах і ў іншых не адведзеных для гэтага месцах з’яўляецца парушэннем прыродаахоўнага заканадаўства і цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць. У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (арт. 16.22), за забруджванне лесу і іншай драўнінна-хмызняковай расліннасці прадугледжаны штраф да 10 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 25 б.в., а на юрыдычную асобу – да 50 б.в.
Наталля ВАСЬКО.
Фота з архіва Бягомльскага лясгаса.