О будничных заботах работников экологической службы рассказали в Докшицкой районной инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды

IMG_6601

На экалагічнай бяспецы раёна начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Вішнеўскі і галоўны спецыяліст Андрэй Яцына (злева направа).

Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя, які адзначаецца 5 чэрвеня, з’яўляецца выдатнай нагодай для таго, каб у чарговы раз прыцягнуць увагу грамадства да праблем прыродаахоўнай дзейнасці, забеспячэння экалагічнага дабрабыту, а таксама захавання камфортнага жыцця людзей.

Напярэдадні прафесійнага свята начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Вішнеўскі расказаў карэспандэнту “РВ” пра паўсядзённыя клопаты работнікаў экалагічнай службы, а таксама пра тое, які эксперымент плануецца правесці на адным з палігонаў у раёне.

– Уладзімір Уладзіміравіч, вашай службай праводзяцца рэйды і маніторынгі, падчас якіх выяўляюцца розныя негатыўныя з’явы. Менавіта яны і наносяць шкоду прыродзе.

– Такія маніторынгі праводзяцца пастаянна. Напрыклад, з пачатку гэтага года на тэрыторыі раёна службай былі ўстаноўлены 73 факты звалак. Адзін з іх нядаўна зафіксаваны каля вёскі Падомхі на землях агульнага карыстання. Яшчэ адзін выявілі ў вёсцы Верацейка Крыпульскага сельсавета: непадалёку каля поля “красавалася” гара з пластмасавай тары. Кіраўніцтву мясцовага сельгаспрадпрыемства ўжо накіравана інфармацыйнае пісьмо.

– Як складваецца абстаноўка з інвазіўнымі відамі раслін, і што неабходна прадпрымаць, каб справіцца з гэтай праблемай?

– Пытанне застаецца актуальным, але кантралюемым. Напрыклад, баршчэўнік Сасноўскага ў раёне выяўлены прыкладна на плошчы 0,07 гектара. Устаноўлена некалькі месцаў, дзе ён пачаў разрастацца. Пераважна на землях Крыпульскага і Параф’янаўскага сельсаветаў, часткова ў Літоўцах Крулеўшчынскага сельсавета, а таксама ў вёсцы Віржы Валкалацкага сельсавета. Ва ўсіх месцах спецыялістамі была праведзена хімічная апрацоўка раслін, устаноўлены далейшы кантроль.

Яшчэ адзін “захопнік”, які хутка заваёўвае тэрыторыі, – канадскі залатарнік. З ім таксама вядзём барацьбу. Некаторыя людзі дагэтуль лічаць гэта пустазелле ўпрыгожаннем і садзяць яго на прысядзібных участках, дачах, могілках. Аднак залатарнік мае адну непрыемную асаблівасць. Праз некаторы час ён зможа выцесніць з таго месца, дзе расце, усе астатнія расліны. Самы просты і даступны спосаб знішчыць “захопніка” – ручны. Скошваць яго трэба не менш як тры разы за сезон – з пачатку вясны і да першай паловы ліпеня.

– Вядома, што на навакольнае асяроддзе негатыўна ўплываюць камунальныя адходы. Як можна мінімізаваць іх, а таксама як зрабіць так, каб каштоўныя другасныя матэрыяльныя рэсурсы не траплялі на звалку разам з іншым смеццем?

– На тэрыторыі раёна знаходзяцца два палігоны сярэдняй магутнасці – у Бягомлі і Докшыцах. Сёлета палігон у гарадскім пасёлку быў абраны для эксперыменту. Там плануецца правесці яго мадэрнізацыю, што ў далейшым дазволіць істотна палепшыць сітуацыю з утылізацыяй цвёрдых бытавых адходаў, а таксама ўкараніць сучасныя тэхналогіі, накіраваныя на мінімізацыю негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе. На палігоне ў Бягомлі пабудуюць спецыяльную пляцоўку, дзе будзе арганізавана сартаванне адходаў ручным спосабам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *