За каждым решением — чья-то судьба. О работе и не только беседуем с заместителем прокурора Докшицкого района Надеждой Митько

IMG_0296 сСёння — Дзень работнікаў пракуратуры

Ці жаночая гэта справа – працаваць у пракуратуры? Якія мэты стаяць перад пракурорскімі работнікамі? З якім крыміналам часцей за ўсё сутыкаюцца докшыцкія праваахоўнікі? Пра гэта і не толькі напярэдадні Дня работнікаў пракуратуры ішла размова з намеснікам пракурора раёна Надзеяй Міцько.

…Рабочы кабінет Надзеі Віктараўны светлы, прасторны, устаўлены пакаёвымі кветкамі, што надае дамашняга камфорту. А на сталах – стосы папак з нагляднай вытворчасцю крымінальных спраў і іншых дакументаў. Настольныя кнігі – кодэксы, якія на памяць ведаць немагчыма, бо, як заўважае намеснік пракурора, заканадаўства дынамічна змяняецца. Работа патрабуе пільнасці і скрупулёзнасці, таму што за кожным рашэннем стаіць чыйсьці лёс.

Гераіня нашага артыкула – ураджэнка Пастаўскага раёна. Докшыцкая пракуратура стала для яе першым і адзіным месцам працы. Прыехала сюды яшчэ ў гады студэнцтва ў 1998 годзе на пасаду стажора следчага і наступныя паўтара года сумяшчала работу з вучобай на стацыянары. У прафесіі і працоўным калектыве не расчаравалася, таму пасля заканчэння Полацкага ўніверсітэта з задавальненнем замацавалася ў Докшыцах. Як аказалася, на доўгія гады. Працяглы час працавала памочнікам пракурора, а на цяперашнюю пасаду назначана ў канцы 2010-га.

– Гэта раней пераважную колькасць пракурорскіх работнікаў складалі мужчыны, цяпер жа ў прафесіі шмат жанчын, у тым ліку на кіраўнічых пастах, – зазначае Надзея Віктараўна. – Жаночая ўважлівасць да дробязей і чуласць найлепшым чынам дапамагаюць у рабоце па абароне правоў грамадзян. Хаця, з іншага боку, па сваёй сутнасці жанчынам маральна цяжэй: пры разглядзе крымінальных спраў яны бліжэй да сэрца прымаюць чужы боль, больш суперажываюць. Тым не менш адчуваць патрэбнасць сваёй дзейнасці, мець дачыненне да аднаўлення справядлівасці – гэта прафесійнае шчасце.

Надзея Віктараўна расказвае, як праходзяць рабочыя будні ў пракуратуры. Па панядзелках і па меры неабходнасці праводзяцца планёркі, падчас якіх размяркоўваецца работа на тыдзень: падтрыманне дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе, удзел у разглядзе грамадзянскіх спраў, вывучэнне вынесеных судом прыгавораў на прадмет законнасці, прафілактычныя мерапрыемствы, праверкі і іншае. З улікам таго, што гэта нагрузка прыпадае ўсяго на трох пракурорскіх супрацоўнікаў, відавочна, што абавязкаў у кожнага шмат.

Вялікі пласт работы складае вывучэнне крымінальных спраў і падтрыманне дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе.

У крымінальнай статыстыцы раёна лідзіруюць крадзяжы, сярод частых злачынстваў таксама махлярства, фіксуюцца ўгоны транспарту. У апошнія гады не зарэгістравана злачынстваў цяжкай катэгорыі, тым не менш у судзе раёна справы па іх разглядаюцца, калі перадаюцца з іншых раёнаў вобласці. Такая практыка з’яўляецца добрым вопытам для докшыцкіх суддзяў і пракурорскіх работнікаў.

– Кожная разглядаемая справа адкладваецца ў памяці, – кажа Надзея Міцько. – Запамінаеш і пацярпелых, і абвінавачваемых. Па-чалавечы шкада іх, нават закаранелых злачынцаў. Напрыклад, 25 гадоў назад, калі я толькі ўладкавалася на працу, разглядалася справа па крадзяжы ў адносінах да аднаго з жыхароў раёна, які на той момант не дасягнуў узросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці. І вось з той пары дадзены грамадзянін перыядычна здзяйсняе крадзяжы. Бадай, унушальны злачынны стаж перашкаджае яму нармальна сацыялізавацца ў грамадстве.

Сярод апошніх Надзея Віктараўна вылучае тры крымінальныя справы па артыкуле “Катаванне”, адна з іх узбуджана правамі пракурора ў адносінах да грамадзяніна, які здзекаваўся з жонкі і пагражаў ёй забойствам. Звычайна такія “героі” вядуць сябе ціха ў прысутнасці праваахоўнікаў і на судзе, але пасля адбывання пакарання бяруцца за старое, не засвойваючы ўрокаў.

Яшчэ адна справа ўзбуджана правамі пракурора па службовым злачынстве.

І летась, і сёлета нямала фактаў нявыплаты аліментаў. Наогул, моцна ўражвае праблема раўнадушных адносін да дзяцей, адзначыла намеснік пракурора, асабліва калі ў судзе грамадзян пазбаўляюць бацькоўскіх правоў.

Зразумела, работа, звязаная з барацьбой са злачыннасцю, накладвае адбітак на асабістае жыццё, таму так важна мець уласную ўтульную прастору, дзе можна пераключыцца ад негатыву.

У Надзеі Віктараўны яна акрэслена. Гэта яе дом, шчодра аздоблены кветкамі. Лецішча, дзе можна акунуцца ў простыя гаспадарскія клопаты і наталіцца маляўнічымі пейзажамі. Любімыя заняткі – маляванне і вышыўка, якія далучаюць да свету прыгожага. Сям’я, у якой, акрамя яе самой, яшчэ два юрысты – муж Сяргей Анатольевіч і дачка Дзіяна. Малодшая, Сафія, яшчэ школьніца. А на Пастаўшчыне Надзею па выхадных чакае матуля, якая стараецца не распытваць пра работу: хай дачка напоўніцу насыціцца цеплынёй роднага жытла, каб з новымі сіламі прыступіць да выканання адной з найважнейшых дзяржаўных задач – забеспячэння вяршэнства права.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Аляксандра Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *