Бабуліна лета, ці Як пахне шчасце
Вы памятаеце, як пахне сапраўднае лета?
Не гарадское, загазаванае, з распаленым асфальтам, а тое, што засталося там, у дзяцінстве, за высокім плотам бабулінай хаты. Там, дзе трава па калена, дзе сонца не паліць, а лашчыць, а час цячэ, як мёд, – густа, салодка і без спешкі.
Я заплюшчваю вочы – і зноў там. Драўляны дом… Дыхтоўны, моцны, як дзедавы рукі. Рыпучы ганак, на якім бабуля кожную раніцу пакідае міску з малаком для рудой коткі Джэські. Падлога ў калідоры халодная нават у ліпеньскую спёку, а на кухні увесь час пахне малаком, хлебам і чымсьці няўлоўна родным.
Ах, гэта раніца! Прачынаешся не ад гукаў будзільніка, а ад крыку пеўня. Бабуля ўжо на нагах: стукае чыгункамі і шэпча нешта дзеду. А ты выбягаеш басанож у двор, і першае, што адчуваеш, – раса. Халодная, аж казыча пяткі. Бяжыш праз агарод – і ўвесь свет вакол звініць, як шкляны: стракозы, пчолы, далёкі гул трактара…
Дзень доўжыцца вечнасць. То дапамагаеш дзеду насіць дровы, то ляжыш у густой траве, разглядаючы мурашак. А ўвечары – гарбата на верандзе, варэнне з агрэсту, бабуліны казкі пра тое, “як было раней”. І зоркі… Божа, якія там былі зоркі! Яны падалі і былі так блізка, што здавалася – працягні руку і дакранешся.
Цяпер гэтага няма…
Дом яшчэ стаіць, але бабуліны рукі больш не месяць цеста, дзед не спявае ў агародзе старыя песні. Усё застыла, як фотаздымак у альбоме. Але часам мне зноў чуецца рыпанне студні, адчуваецца смак сырадою – і я разумею: гэта не проста ўспаміны. Гэта мая Радзіма. Тая, што была, ёсць і будзе – у паху сена, у шэпце лісця, у цёплых сценах бабулінага дома.
А чым для вас пахне шчасце?
Н. ЛЫЧКО,
настаўніца Парплішчанскай СШ.