З 57-га года разам з раёнкай
У нашай новай рубрыцы сёння не будзем разважаць пра якую праблемную ці вострасацыяльную з’яву. Не пачнём шукаць адказ на адвечныя “што рабіць?» і хто вінаваты?”. Якраз наадварот.
Ад імя ўсіх роднавытокаўцаў хочацца падзячыць нашым чытачам, якія закранулі журналістаў, што называецца, за жывое, нагадалі пра неабходнасць нашай прафесіі і падарылі веру ў тое, што папяровая версія газеты, як бы яна ні вагалася на шалях з электроннай за права быць у імклівым свеце, усё ж усталявалася тут цвёрда і надоўга.
А зараз па сутнасці. У нумары 97 “РВ” ад 10 снежня бягучага года мы аб’явілі пра розыгрыш 10 сюрпрызаў сярод чытачоў, якія выпішуць раёнку мінімум на квартал 2023 года. І нават улічваючы тое, што “РВ” у нашым раёне выпісвае кожны сёмы жыхар, а чытае, зразумела, значна больш, не спадзяваліся, што вам так адгукнецца гэта прапанова. Паверце, столькі лістоў з квітанцыямі і добрымі словамі ў свой адрас раёнка не атрымлівала з дзесяцігоддзе. І хаця да завяршэння прыёму квітанцый яшчэ практычна тыдзень, колькасць прэтэндэнтаў ужо пераваліла за паўсотню.
Прыемна канстатаваць, што газету на квартал і нават паўгоддзе выпісваюць не толькі ў межах раёна. Напрыклад, адна наша чытачка, ураджэнка Докшыччыны, спецыяльна афармляла падпіску на раённую газету для матулі, каб тая ў сталічнай кватэры, куды пераехала да дачкі, менш адчувала тугу па малой радзіме. На жаль, стала вядома, што бабуля пайшла з жыцця, аднак газету па адрасе ўсё роўна выпісалі. Маўляў, прывыклі ўжо да навін з Докшыччыны. Вось дзе сапраўды як у тым хіце “Не прадаецца хата бацькоў”. Дарэчы, і такая рубрыка з’явіцца ў нас у наступным, юбілейным для газеты годзе.
Дзякуючы звычайнаму, здавалася б, розыгрышу, мы даведаліся пра столькіх нашых цікавых чытачоў, што ў наступным годзе журналістам будзе шмат тэм для новых артыкулаў. Абавязкова рэдакцыйная “Ніва” прыпыніцца каля дома Генадзя Палянскага ў Порплішчы. Генадзь Васільевіч, былы начальнік паштовага аддзялення, раёнку чытае з 1957 года і за свой працоўны шлях пешшу наматаў не адну сотню кіламетраў па вёсках сельсавета, каб аформіць падпіску на наша выданне.
Ці вось, напрыклад, урывак з ліста, які разам з квітком паштальён прынёс з Заборцаў:
“Добры дзень, паважаная рэдакцыя газеты “Родныя вытокі”. Піша вам шматгадовы падпісчык Мечыслава Мечыславаўна Норавіч. Прачытала пра розыгрыш і вырашыла даслаць квітанцыю. Хаця ўсё гэта і не надта важна. Галоўнае, што мы выпісваем і чытаем раённую газету больш за 40 гадоў. Нам ужо за 70, жывём у вёсцы, дзе з кожным годам становіцца ўсё больш пустых хат. Бывае, што і загаварыць няма з кім. Вось і чакаем з нецярплівасцю вашу газету. Жадаем усяму калектыву поспехаў у працы, здароўя і каб вы ніколі не зведалі бяды. Дзякуй, што вы ёсць. Вашы падпісчыкі Мечыслава і Мікалай Норавічы”.
Дзякуем, нашы паважаныя чытачы, і за ацэнку зробленага, і за тыя заўвагі, без якіх любы наш тэкст будзе прэсны, як тая страва без спецый. Кожны ваш ліст, кожны візіт, кожнае тэлефанаванне ў гэтыя перадсвяточныя дні кранае нашых журналістаў за жывое. Нагадваем, што прыём квітанцый працягваецца да 31 снежня па пошце (211722, г. Докшыцы, вул. Ленінская, 2) альбо на электронную скрыню rodvitoki@yandex.ru ці на вайбер +375-29-530-13-29.
Наталля СТАШЭВІЧ.