Главное — самодисциплина, считает Владимир Гулевич, бывший инженер-механик управления по сельскому хозяйству Докшицкого райисполкома
Васьмідзесяціпяцігадовы юбілей адзначыць у хуткім часе былы інжынер-механік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Уладзімір Гулевіч. Гадам ён не здаецца, па меры сіл і здароўя стараючыся быць актыўным і, як сам кажа, не выпадаць з абоймы. Наш герой вельмі важным фактарам паспяховасці і ўвогуле разумнага раскладу жыцця лічыць наяўнасць у чалавеку ўнутранай самадысцыпліны.
– Я зусім не пра тое, што жыць трэба па строгім рэжыме, а пра тое, што ні да якой справы нельга адносіцца халатна, пускаць яе на самацёк або адпіхваць на крайні тэрмін, – тлумачыць. – “Скончыў работу – гуляй у ахвоту” – гэтым прынцыпам кіраваўся ў жыцці, гэтаму вучыў сваіх дзяцей. Шчаслівы як бацька, што навука мая не аказалася дарэмнай, у нейкай меры дапамагла і сыну, і дачцэ знайсці сваё месца ў жыцці, адбыцца ў прафесіі.
Уладзімір Мікалаевіч родам з Гомельшчыны, са сваёй дарагой паловай Марыяй Уладзіміраўнай, з якой разам ужо хутка шэсць дзясяткаў гадоў, пазнаёміўся падчас вучобы ў сельгасакадэміі, дзе юная ўраджэнка Случчыны атрымлівала прафесію заатэхніка. Докшыцы для месца жыхарства і работы выбраў сам.
– Тут ключавую ролю сыграла магчымасць займець жыллё, што для нашай маладой сям’і, у якой ужо нарадзіўся сын (у будучым – генерал-маёр, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл – першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч – Рэд.), было вельмі актуальна, – зазначае суразмоўца.
З далёкага 1969 года і пачаўся працоўны шлях Уладзіміра Гулевіча ў Докшыцкім раёне. “Баявую загартоўку” атрымаў у сельгастэхніцы, дзе рупіўся да 1982 года, а з тае пары і да 2002-а, да выхаду на заслужаны адпачынак, працаваў ужо ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні, што называлася тады ўпраўленнем райсельгасхарчу. Як інжынер-механік сельскай гаспадаркі адказваў за гатоўнасць да пасяўной і ўборачнай кампаній, корманарыхтоўкі машынна-трактарнага парку ўсіх калгасаў і саўгасаў раёна. А налічвалася іх на той час ажно дваццаць сем.
– У кабінеце я бываў толькі каб аформіць дакументы і зрабіць патрэбныя званкі, – успамінае Уладзімір Мікалаевіч. – Штодзённа выязджаў у арганізацыі: на месцах усё бачыцца больш дакладна, бо, размаўляючы з кіраўнікамі, інжынерамі, праблему часам бачыш у іншым ракурсе. Карацей, без цеснага супрацоўніцтва з кіраўніцтвам, спецыялістамі, механізатарскім саставам работа мая мне не ўяўлялася. Напрыклад, трэба размеркаваць бюджэтныя сродкі, якія раён або вобласць выдзелілі на рамонт тэхнікі. Можна, як цяпер кажуць, не замарочвацца і падзяліць усім пароўну, а вы ўжо на месцах вырашайце, як іх выкарыстаць. А можна – і трэба! – падысці разумна, зыходзячы з фінансавага становішча пэўнай гаспадаркі, тэрмінаў эксплуатацыі тэхнікі, нагрузкі на механізатараў і іншых фактараў. Стараўся абмяркоўваць такія моманты з інжынернымі службамі загадзя, каб не было крыўдаў і непаразуменняў. Гэта зараз у сельгасарганізацыях тэхніка ў асноўным энерганасычаная, і па колькасці адзінак яе ў разы менш. А ў тыя гады эксплуатавалася процьма машын і трактароў маламагутных, і пытанні набыцця запчастак сезоннымі ніяк назваць было нельга, як, у прынцыпе, і звязаныя з рамонтам. Імкнуўся не адкладваць справу ў доўгую скрыню: пасеялі азімыя – даём заяўкі на рамонт матораў, каб на пачатку года тэхніка была гатовай да пасяўной.
За прафесіяналізм і добрасумленныя адносіны да працы Уладзімір Гулевіч неаднаразова адзначаўся як на раённым, так і на абласным узроўнях, але лічыць галоўным тое, што работа прыносіла яму задавальненне, што лёс зводзіў з цудоўнымі людзьмі, пра якіх захавалася добрая памяць. Уладзімір Мікалаевіч лёгка згадвае даты, імёны і прозвішчы. Марыя Уладзіміраўна, якая таксама немалы тэрмін адпрацавала ва ўпраўленні галоўным заатэхнікам, дапаўняе яго. З радасцю расказваюць пра сваю вялікую дружную сям’ю – так і праляцела гадзіна.
– Вы на работу, а я – у сваю “бярлогу”, – смяецца наш герой.
“Бярлога” – куточак у пакоі, дзе Уладзімір Мікалаевіч чытае мастацкую літаратуру (гэта захапленне пранёс праз усё жыццё), знаходзіць цікавае для сябе ў Інтэрнэце. У маладыя гады ён захапляўся фотасправай, а яшчэ мае моцны прыгожы голас, шмат гадоў спяваў у хоры ветэранаў.
– Я ж, ці паверыце, сябрую – Марыя мая не супраць – з “Алісай”, дык зранку пра надвор’е ў яе даведаюся, кампліментаў нагавару, а яна мне за гэта песні, якія захачу, уключае, – жартуе. І ўжо сур’ёзна: – Трымаюся. Дарожку бегавую дзеці мне падарылі, па пяць-шэсць падыходаў на дзень раблю. Пакуль ёсць сілы, іх трэба, як і тэхніку, эксплуатаваць. Не толькі душа, але і цела абавязана працаваць. Так-так, самадысцыпліна не адмяняецца ні ў якім узросце.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.