Гордится своим прадедом, подрывником бригады «Железняк», ученик Бегомльской средней школы Тимур Ставер
Дзевяцікласнік Цімур Ставер, вучань Бягомльскай сярэдняй школы імя С.С. Манковіча, узнагароджаны дыпломам першай ступені як пераможца абласнога этап рэспубліканскага конкурсу сачыненняў “Вайна вачыма нашчадкаў пераможцаў”. Прапануем вашай увазе конкурснае сачыненне бегамльчаніна.
У нашай сям’і памятаюць пра майго прадзеда Васіля Трафімавіча Стульба, падрыўніка аднаго з атрадаў брыгады “Жалязняк”. Мне пра яго расказала бабуля Валянціна Васільеўна.
Мой прадзед нарадзіўся ў вёсцы Ваўча Барысаўскага павета ў 1923 годзе. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Васіля было два браты і чатыры сястры. Жылі дружна, працавалі на зямлі, вялі невялікую гаспадарку.
Сціплы быт сям’і, як і быт усіх савецкіх сем’яў, парушыў вераломны фашысцкі напад у чэрвені 1941-га… Першым на вайну трапіў старэйшы брат прадзеда, дваццацігадовы Мікалай. Ён якраз праходзіў тэрміновую службу, а на пачатку вайны прайшоў курсы лётчыкаў. Потым трапіў на фронт, дзе і загінуў у адным з паветраных баёў…
Пасля атрымання сям’ёй афіцыйнага ліста аб тым, што Мікалай прапаў без вестак, мой прадзед Васіль, а таксама яго сябар і аднавясковец Іван, вырашылі не чакаць дзевятнаццацігадовага ўзросту, а значыць, і афіцыйнага прызыву ў армію, і вясной 1942 года васямнаццацігадовымі юнакамі пайшлі ў партызанскі атрад “Рамана”. Ён дзейнічаў на тэрыторыі Бягомльскага раёна і восенню 1942 года пераўтварыўся ў партызанскую брыгаду “Жалязняк”.
Падчас партызанскай вайны прадзед Васіль праявіў сябе смелым і адважным патрыётам сваёй Радзімы. Ён удзельнічаў у разгроме нямецкіх гарнізонаў у Докшыцах, Пустаселлі, Даўгінаве, Бераснёўцы. Быў у засадах па дарозе Докшыцы — Даўгінава, у выніку чаго ім і яго баявымі таварышамі было знішчана шмат фашыстаў. А яшчэ ён падарваў некалькі кіламетраў чыгуначнага палатна.
Пасля Вялікай Перамогі прадзед разам са сваімі баявымі таварышамі да 1948 года быў на аднаўленчых работах на тэрыторыях, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў у Гродзенскай вобласці. Пасля вяртання дадому працаваў у саўгасе шафёрам, брыгадзірам, потым – на аўтабазе. Ён быў галоўным памочнікам для маці, сясцёр і малодшага брата-інваліда, бо бацька памёр у 1944 годзе ад запалення лёгкіх. Цяжка жылося, але зноў жа дружна, трымаліся адзін аднаго, старанна працавалі.
У 1950 годзе Васіль ажаніўся з дзяўчынай са сваёй вёскі, Надзеяй. Пабудавалі новы дом. Сталі трымаць сваю гаспадарку: карову, свіней, курэй. Адна за другой на свет з’явіліся чатыры дачкі. Усіх вырасцілі, выхавалі і далі добрую адукацыю, разам дачакаліся семярых унукаў, а дзвюх малодшых унучак і праўнукаў пагушкаць давялося прабабулі Надзеі адной… На жаль, прадзед рана пайшоў з жыцця. Яму было толькі 64 гады. Пра вайну не мог гаварыць уголас, усе перажыванні трымаў у сабе. Крыўдна было за сяброў, якія назаўсёды засталіся маладымі, за брата, бо не ведаў нават, дзе яго магіла. Можа , таму і не вытрымала хворае сэрца…
Васіль Трафімавіч, як і яго брат Мікалай Трафімавіч, згадваюцца ў кнізе “Памяць” Докшыцкага раёна. Мой прадзед узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.
Мая бабуля ўспамінае, што яе бацька быў добры, клапатлівы, працавіты. Вельмі любіў жонку, дачок. Стараўся абавязкова прынесці пасля работы маленькім дзяўчынкам “зайцаў гасцінец” – жменю цукровых падушачак з крамы або некалькі салодкіх яблыкаў, якімі дзяліліся саслужыўцы, бо прадзядулеў сад быў яшчэ маладым і пладоў не даваў. Затое ўжо дарослыя дзеці і ўнукі ласаваліся дзядулевымі ранеткамі, штрыфелямі і белым налівам. Кажуць, што гэта былі найсмачнейшыя яблыкі ў іх жыцці. Веру, бо ведаю – расціў іх з любоўю да родных мой прадзед.
Я заўважыў, што сям’я – галоўная каштоўнасць, якую цэняць і захоўваюць ужо некалькі пакаленняў маіх продкаў. Разумею, менавіта ў сям’і – прадзедах, дзядах, бацьках, братах і сёстрах – наша падтрымка, сіла і багацце. Спадзяюся, што мы з маёй старэйшай сястрой і малодшым братам зможам перадаць сямейныя каштоўнасці сваім дзецям і ўнукам.