И лентами вышивает, и в техниках «Изонить» и кунисайгу умеет работать Марина Микитевич, учитель Глинской средней школы
Як нітка з іголкай. Так кажуць пра людзей, якія не могуць існаваць адно без аднаго. У нашым выпадку выраз можна вельмі ўдала прымяніць да чалавека і любімага занятку. Тым больш што занятак гэты – шыццё.
Настаўніца гісторыі і абслуговай працы Глінскай сярэдняй школы Марына Мікіцевіч – чалавек, шчодра адораны звыш шматлікімі талентамі. Але шыццё – найвялікшая яе любоў, занятак, які, канешне ж, не толькі прыносіць радасць, але і карысць, бо дазваляе ствараць, па-першае, рэчы эксклюзіўныя, па-другое – у разы танней, чым гэта каштуе ў крамах.
– Напэўна, у кожнага чалавека ёсць свой настаўнік, які пакінуў глыбокі след у душы, паўплываў на выбар далейшага прафесійнага шляху. Памятаю і люблю ўсіх сваіх настаўнікаў, а ўрокі працы, якія вяла ў Таргуноўскай школе Ала Віктараўна Трус, у асаблівасці. Менавіта яна прывіла мне любоў да шыцця, як аказалася, на ўсё жыццё. Так умела зацікавіць і так даступна растлумачыць, што на выпускны вечар у 9 класе я пайшла ўжо ва ўласнаручна сшытай сукенцы. А пасля мне шмат даў Віцебскі індустрыяльны каледж, куды накіравалася вучыцца, каб атрымаць веды на прафесійным узроўні. Педуніверсітэт імя М. Танка быў ужо пасля: хацела выкладаць яшчэ і гісторыю, якой заўсёды цікавілася.
Марына Іванаўна расказвае, што ў інтэрнэт-крамах і на WB перыядычна скупляе ўсю новую тканіну, якая паяўляецца ў продажы.
– Столькі яе ў мяне, што таксама гандляваць можна пачаць, – смяецца. – Зараз не столькі вольнага часу, а вось з наступленнем восені і зімы паліцы шафы і камоды, занятыя тканінай, пакрысе апусцеюць: столькі задумана! Раблю выкрайкі і шыю з вялікім задавальненнем, у тым ліку верхняе адзенне, спартыўныя касцюмы, – маю на тое прафесійную машынку, аверлок, не баюся эксперыментаваць. Адна справа, калі ідзеш у краму і стараешся там падабраць рэч, якая найлепшым чынам сядзе на тваю фігуру, і зусім іншая, калі такая рэч спецыяльна па фігуры шыецца.
Марына Іванаўна добра вяжа пруткамі і шыдэлкам – гэтаму ўжо навучылася ад мамы. Пад ахвотку можа займацца вышыўкай, бісерапляценнем, асвоіла яшчэ шмат розных тэхнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, працягвае пазнаваць новае і, вядома ж, вучыць сваіх выхаванцаў. Так, у мінулым навучальным годзе дыванок, сплецены на раме вучаніцамі школы пад яе кіраўніцтвам, заняў другое месца ў вобласці на конкурсе “Саматканы цуд”, і такіх перамог за гады працы ва ўстанове адукацыі шмат. На ўроках ГКП, якія вядзе Марына Іванаўна, пасцельную бялізну якасна і хутка шыюць нараўне з дзяўчатамі і хлопцы. Часам і лепш, бо ў сілу тэхнічнага складу розуму менш “баяцца” швейных машынак, удакладняе суразмоўца. Чатыры хлопчыкі нават атрымалі пасведчанні швачак на базавым узроўні.
Любіць Марына Іванаўна і кветкамі займацца, і выпечкай – торты, пірагі смачныя атрымліваюцца. Зараз вось больш глыбока зацікавілася майстэрствам іх упрыгожвання. Памятаючы пра тое, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, можна не сумнявацца, што ў хуткім часе з-пад яе ўмелых рук будуць выходзіць ужо кулінарныя шэдэўры.
Алена НЕСЦЯРОНАК.