Как верующие из г.п. Бегомль нашли копию своей церкви Всех Святых

Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы – дакладная копія Храма ўсіх Святых у Бягомлі.

Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы – дакладная копія Храма Усіх Святых у Бягомлі.

Як вернікі з Бягомля адшукалі копію сваёй царквы і што яны робяць для аднаўлення святыні

Царква, якую вы бачыце на здымку, – дакладная копія Храма ўсіх Святых, які раней дзейнічаў у Бягомлі. Толькі ў Храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы, што знаходзіцца ў аграгарадку Турэц Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, лёс больш шчаслівы. Ён ні на адзін дзень не быў зачынены, а ў намоленых сценах захаваліся іконы XIX стагоддзя.

photo_2025-06-14_17-49-14

Прыхаджане з Бягомля разам з настаяцелем Храма ўсіх Святых іерэем Іаанам Сычэвічам пабывалі ў сценах гэтай царквы, каб яшчэ раз умацавацца ў веры ў паспяховы зыход той велізарнай справы, якую распачаў айцец Іаан разам з царкоўным саветам, – адраджэнні бягомльскага храма. І няхай зараз, гледзячы на руіны царквы, якія, дарэчы, з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, здаецца, што крыж гэты непасільны, крок за крокам справа зрушваецца з месца.

– Ідэя наведаць царкву ў мястэчку Турэц належыць нашаму царкоўнаму старасце Мікалаю Трахініну, – распавяла член царкоўнага савета Алена Курныш. – Шмат людзей адгукнулася на прапанову, многія паехалі сем’ямі.

Асабіста мяне вельмі ўразіла месца, дзе размешчаны храм, і яго велічная прыгажосць. Нягледзячы на ўнушальныя памеры, дзякуючы ўзвышшу, на якім ён узведзены, здаецца, што храм лунае паміж небам і зямлёй.

У аграгарадку бегамльчан сустрэў настаяцель Храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы іерэй Андрэй Абрамовіч. Ён распавёў, што царкву будавалі ўсяго два гады, з 1886-га па 1888-ы. Да гэтага ж дзесяць гадоў вёўся збор сродкаў, дарэчы, палову з іх выдзелілі з царскай казны. У святой справе прымалі ўдзел шаснаццаць лепшых будаўнікоў з ваколіц.

У сценах храма агр. Турэц.

У сценах храма агр. Турэц.

Адна з галоўных святынь храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы – ікона 1898 года, дастаўленая з Афона. Абраз змешчаны ў вельмі прыгожы кіёт.

photo_2025-06-14_17-48-58

Храм у Бягомлі пачалі ўзводзіць раней, чым на Гродзеншчыне, у 1877 годзе. Будавалі дзевяць гадоў, таксама на сродкі казны і прыхаджан. Яго адносілі да самых прыгожых царкоўных збудаванняў Віцебшчыны: царкву ўвенчвалі сем купалаў, а сцены даходзілі да метра ў таўшчыню. У 1930 годзе яго зачынілі, маёмасць была разрабавана, званніца знесена, іканастас разламаны. Да вайны там была піларама, у пасляваенныя часы – спіртзавод. У 1991 годзе царкву вярнулі вернікам, правялі невялікі рамонт, і службы ўзнавіліся. Аднак з-за таго, што будынак ніколі маштабна не рэстаўрыраваўся і разбураўся, у 2006 годзе было прынята рашэнне аб закрыцці святыні ў сувязі з пытаннямі бяспекі. З цягам часу каля храма пабудавалі новую прыгожую і вельмі ўтульную царкву.

Це

Храм Усіх Святых  Бягомлі. Фота з адкрытых крыніц.

 

ae1de38feb75e38e95eb62e86cbb1c3e

Руіны ж старога храма выклікалі вялікую цікавасць у шматлікіх падарожных, якія праязджаюць праз гарадскі пасёлак. Але знаходзіцца побач было небяспечна, і тады настаяцель Іаан Сычэвіч прыняў рашэнне абнесці тэрыторыю агароджай. Быў арганізаваны збор сродкаў, і справа зроблена, да таго ж тэхнікай расчышчаны падыходы да царквы. Тэрыторыю прыбралі, выкарчавалі кустоўе, абкасілі, на ўваходзе высадзілі кветкі. Бацюшка час ад часу праводзіць там вячэрнія службы. Каля ўваходу размясцілі стэнд з інфармацыяй пра царкву і скарбонку для ахвяравання на яе аднаўленне. Па ініцыятыве настаяцеля на тэрыторыі, якая аб’ядноўвае два храмы, у адзін з летніх дзён было праведзена цудоўнае дзіцячае свята. Пра бягомльскі храм была знята тэлепраграма “Існасць” (выпуск ад 8 сакавіка 2025 года). Зараз царкоўным саветам зроблены запыт у дзяржаўны архіў Санкт-Пецярбурга, дзе захоўваецца праект, па якім былі пабудаваны храмы ў г.п. Бягомль і агр. Турэц. Гэта дазволіць значна паменшыць выдаткі на праектна-пошукавыя работы, якія, як вядома, папярэднічаюць самому праекту рэстаўрацыі.

Вядома, што рэстаўрацыя святыні такога маштабу патрабуе велізарных фінансавых сродкаў, часу і сіл. Але вернікі разам са сваім апантаным справай святаром ужо ступілі на гэты шлях. І збочваць не плануюць. Яны цвёрда ўпэўнены ў тым, што не бывае малых намаганняў дзеля вялікага сэнсу. А з Божай дапамогай ісці па гэтай дарозе значна святлей.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота з архіва прыхода Храма Усіх Святых і адкрытых крыніц.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *