И животновод, и блогер. Татьяна Ганус снимает ролики о работе на МТК «Бегомль» для ТіkТоk
Па выніках мінулага года лепшай сярод загадчыкаў малочнатаварных фермаў і комплексаў з занясеннем на раённую Дошку гонару прызнана Таццяна Ганус, якая трэці год разам са сваёй калегай Ірынай Васілевіч кіруе комплексам “Бягомль” ААТ “Бягомльскае”.
– Перамогу такую не лічу толькі асабістай, – адзначае ў размове Таццяна Мікалаеўна. – Хіба атрымалася б усё, як належыць, каб не было ў нас з Ірынай Васільеўнай паразумення і ўзаемадапамогі, каб наш калектыў, у якім налічваецца тры дзясяткі работнікаў, не быў такім адказным, дружным, згуртаваным, каб не мелі заўсёднай падтрымкі ад кіраўніцтва, спецыялістаў нашага сельгаспрадпрыемства? Безумоўна, не. Адзін у полі не воін – справядліва сказана. Адчуваеш падтрымку, сваю патрэбнасць, з добрым настроем ідзеш на працу – станоўчыя вынікі чакаць не прымусяць. Важна яшчэ, каб займаўся менавіта сваёй справай, да якой ляжыць душа, а жывёлагадоўля – гэта маё прызванне. Тут можна і пра сямейную дынастыю гаварыць, бо працы ў гэтай галіне прысвяцілі жыццё і мае мама з бабуляй.
З Таццянай сустракаемся не ўпершыню і кожны раз не прамінаем адзначаць яе актыўнасць, энергічнасць, пазітыўны настрой. Тэрыторыя комплексу даволі значная па плошчы, і загадчыцам даводзіцца за змену намотваць немалы кіламетраж. Каб жанчыны маглі працаваць больш аператыўна і з меншымі фізічнымі намаганнямі, кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Навіцкі распарадзіўся набыць для іх веласіпед – сапраўды вялікая палёгка, адзначае Таццяна Мікалаеўна. Была прапанова перайсці на рэканструяваную ферму “Дабрунь”, дзе для яе дзейснай натуры быў бы яшчэ большы размах, але не згадзілася, бо, кажа, усёй душой прыкіпела да свайго калектыву. “Ад дабра дабра не шукаюць”, – рэзонна заўважае.
Дарэчы, пра цікавыя рабочыя моманты і хвіліны адпачынку, святы ў калектыве Таццяна здымае ролікі і выкладвае іх у ТіkТоk – праглядаў, лайкаў і каментарыяў нямала. “Стараюся паказаць людзям усё тое, чым можа прывабліваць прафесія жывёлавода, – усміхаецца суразмоўца і дадае: – Ну хіба ж не прыемна ў нас працаваць, калі вакол чысціня, парадак і прыгажосць?” Бясспрэчна, так! Альтанка, паўсюдна дагледжаныя клумбы з кветкамі, малады сад, рознага роду садовыя фігуры. Адна з апошніх – сімпатычная кароўка, якая выглядае праз агароджу каля веснічак, якія вядуць з тэрыторыі комплексу на мехдвор. А яшчэ бягомльскія рупліўцы разбілі вялізную альпійскую горку, на якой ладзяць штосьці дэкаратыўнае з шын, і робяць карову ў яе натуральную велічыню з пенапласту. “Задум безліч, – смяецца Таццяна Мікалаеўна. – Калі ўдасца ўсё ажыццявіць, да нас экскурсіі можна будзе вадзіць”.
Верыцца, што ўдасца. Як удаецца трымаць самы высокі паказчык у раёне і адзін з самых высокіх у вобласці – больш за 20 кілаграмаў малака ў сярэднім ад каровы, пры гэтым малако стопрацэнтна рэалізуецца сортам “экстра”. Ніякіх сакрэтаў поспеху няма, кажа загадчыца, – дысцыпліна, адказнасць і захаванне ўсіх тэхналогій утрымання, кармлення і даення жывёлы. Гэта кароткая фармуліроўка акрэслівае штодзённую велізарную працу кожнага работніка на сваім участку. Прынамсі, Таццяна Ганус, якая ўсё жыццё прысвяціла жывёлагадоўлі, чалавек, які ўсёй душой хварэе за справу і за свой калектыў, знаходзіцца дакладна на сваім месцы.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.