Торгуновская земля на Докшиччине богата на известных людей

(злева направа) Аляксандр Малюжанец, Фёдар Малюжанец, Мікалай Маскалёнак і Уладзімір Корсун.

(злева направа) Аляксандр Малюжанец, Фёдар Малюжанец, Мікалай Маскалёнак і Уладзімір Корсун.

Вёска Таргуны да сённяшняга атаясамліваецца з імёнамі хлебаробаў, якія ў свой час сталі сапраўднымі зоркамі сельскагаспадарчай галіны. Калгас “Зара камунізму” нарадзіў цэлую плеяду выдатных працаўнікоў. Жыццё гаспадарцы, якая неаднаразова станавілася пераможцай Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва, узнагароджвалася пераходным Чырвоным Сцягам, даў Людвіг Антонавіч Петрашкевіч, а прадоўжыў яго справу, развіў і зрабіў адной з лепшых у рэспубліцы вялікага таленту чалавек, сапраўдны гаспадар на зямлі Уладзімір Мяфодзьевіч Новікаў.
Сярод яго паплечнікаў Уладзімір Анатольевіч Корсун. Механізатар, чыя выдатная праца адзначана сярэбраным медалём ВДНГ СССР, ганаровым знакам ЦК ВЛКСМ “Майстар высокіх ураджаяў”, Ганаровымі граматамі ЦК ЛКСМБ і Віцебскага абкама камсамола. У 1984 годзе ён быў абраны дэпутатам Савета Нацыянальнасцей Вярхоўнага Савета СССР па Глыбоцкай выбарчай акрузе.
Яшчэ адно легендарнае імя – Мікалай Антонавіч Маскалёнак. Дзесяць разоў ён прадстаўляў раён на рэспубліканскіх Дажынках. У шэрагу шматлікіх узнагарод камбайнера ёсць і тыя, якія яму асабіста ўручыў Прэзідэнт.
Сярод перадавікоў вытворчасці значыцца і імя механізатара Фёдара Васільевіча Малюжанца. Кавалер ордэна Працоўнай славы 3-й ступені і іншых узнагарод, неаднаразова прымаў удзел у абласных дажынках.
Былы сакратар партарганізацыі, намеснік старшыні калгаса Аляксандр Антонавіч Малюжанец з тых людзей, удзел якіх у жыцці гаспадаркі неацэнны. Гэта яго клопатамі таргуноўскія працаўнікі адчувалі сябе патрэбнымі краіне, сапраўднымі героямі дня.
Пра іх і іншых людзей, малой радзімай якіх з’яўляецца Тумілавіцкі сельсавет, ішла размова на свяце, якое адбылося на мінулым тыдні ў Таргуноўскім СДК.

Спявае Ала Краўчонак.

Спявае Ала Краўчонак.

Распачалося мерапрыемства, на якім прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, з прывітальнага слова старшыні Тумілавіцкага сельвыканкама Гена­дзя Пацэвіча, які выказаў словы падзякі вяскоўцам за іх працу, удзел у грамадскіх справах. А затым самыя шчырыя, цёплыя словы прагучалі са сцэны ў адрас тых адметных людзей, якія адстаялі сваю малую радзіму ў гады вайны, уславілі працай, упрыгожылі мастацкімі талентамі, выхавалі дастойных грамадзян нашай краіны. Былі ўзгаданы імёны ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Рыгора Гушчыка, удзельніка абласных Дажынак-2019 Юрыя Малюжанца, даярак-пяцітысячніц Алены Дайлідовіч, Ірыны Скурат, Галіны Казловай, Марыі Найдзяновіч, Раісы Капойка, Ніны Іскал, Галіны Пакора, Валянціны Казачонак, Алы Басюковай, Наталлі Гаўрыловіч. Ім падарыла песню вядомая таргуноўская спявачка Ала Краўчонак.

Адметная майстрыха з в. Вецяра Валянціна Казачонак

Адметная майстрыха з в. Вецяра Валянціна Казачонак

Шмат цікавага расказаў пра падзеі на тэрыторыі сельсавета ў гады мінулай вайны ляснічы Тумілавіцкага лясніцтва, аматар-краязнаўца Рыгор Пецько. Як стала вядома з яго слоў, дзядулю Рыгора Пятровіча давялося пабываць нават у Смольным, пабачыць Леніна.
Для землякоў прачыталі са сцэны свае вершы паэткі Людміла Салянка і Ганна Сінякова. Цудоўнымі вырабамі мясцовых майстроў Алены Маскалёнак, Аляксандра Антонава, Валянціны Казачонак, Веры Варанковіч прысутныя маглі палюбавацца на выставе, аформленай у фае.
Сваю порцыю прывітальных слоў атрымалі на свяце шматдзетныя маці: Лідзія Хілько, якая выхавала дзесяць дзяцей, а таксама Ларыса Шубіна, Тамара Васілевіч. За свой мацярынскі подзвіг яны ўзнагароджаны медалямі Мацярынства, ордэнам Маці. Вольга Ковель з’яўляецца ўладальніцай прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. Сёлета да яе, як вядома, далучылася і Таццяна Стальмакова.

Шматдзетная сям’я Андрэя і Ліліяны Карніловічаў з Таргуноў прадстаўляла сёлета наш раён на абласным аглядзе-конкурсе “Уладар сяла”. Для ўсіх герояў свята спявалі ўдзельнікі раённай мастацкай самадзейнасці.
Названыя імёны адлюстроўваюць толькі невялікую частку адметных людзей Тумілавіцкага сельсавета. Гэта зямля з’яўляецца малой радзімай для вядомай дзіцячай пісьменніцы Леанілы Чарняўскай, вучоных Паўла Апанасевіча і Валерыя Козіча, заслужанага палярніка Аляксандра Макорты. Сённяшнія яе жыхары ганарацца сваім мінулым, працягваюць традыцыі продкаў і, куды б ні закінуў іх лёс, памятаюць пра свой родны, да болю знаёмы куточак.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *