Ростовые куклы шьет сотрудница Докшицкого отделения Департамента охраны Валентина Войтехович
На пасадзе дзяжурнага пульта кіравання Докшыцкага аддзялення Дэпартамента аховы Валянціна Вайцяховіч працуе ўсяго толькі год. У мінулым бухгалтар, яна даўно хацела знайсці пазменную работу, каб займацца яшчэ і рамесніцтвам. Валя захапляецца творчасцю: шые лялькі. Сваё майстэрства, дарэчы, паспела прымяніць і на новым працоўным месцы, калі вырабіла вялікую раставую ляльку-саву (на здымку) – сімвал Дэпартамента аховы.
Як маці чатырох дзяцей спраўляецца са шматлікімі абавязкамі і адкуль чэрпае натхненне? Гэтыя і іншыя пытанні задалі мы суразмоўцы падчас знаёмства.
– Шыццём занялася ў дэкрэце, – гаворыць Валя. – Чаму менавіта ім? У школе любіла вышываць. Матуля добра вязала, нават на заказ. Думаю, што жанчына ў прынцыпе павінна ўмець рукадзельнічаць. Вось і паспрабавала маленькаму сыночку зрабіць цацку сваімі рукамі. Штосьці падгледзела ў Інтэрнэце. Так, шывок за шыўком, справа і пайшла. Як кажуць, “сарафаннае радыё” прарэкламавала маю творчасць. Стала рамеснікам. Цяпер нават не ўяўляю сябе без нітак і іголак. У дэкрэтных адпачынках напрацоўвала вопыт. Навучылася, акрамя мяккіх лялек, рабіць развіваючыя дапаможнікі для дзяцей. Вучылася на спецыяльных курсах. Некалькі работ падарыла Крулеўшчынскаму дзіцячаму саду, які зараз наведваюць малодшыя дзеці. Як на ўсё хапае часу? Рана ўстаю, позна кладуся спаць. У свеце творчасці столькі цікавага, і так хочацца ўсё паспрабаваць. Муж Дзмітрый і дзеці ва ўсім падтрымліваюць. Асабліва дзесяцігадовы Аляксей. Сёлета ён скончыў пачатковую школу. У вучобе выдатнік, наведвае школу мастацтваў – іграе на баяне. Старэйшы Сцяпан ужо дзевяцікласнік. Апошнім часам захапіўся даследчай работай – хоча стварыць летапіс сям’і. Пяцігадовая Стэфанія і чатырохгадовы Елісей пакуль дашкаляты. Яны для мамы-майстрыхі той самы стымул, які натхняе на новыя яркія непаўторныя вырабы. Лёша і Сцёпа разам з бацькам прыслужваюць у храме Усячэння галавы Іаана Прадцечы ў Крулеўшчыне.
Акуратнасць, адказнасць, стараннасць, якія характарызуюць Валянціну ў творчасці, вельмі патрэбныя ёй і ў прафесійнай дзейнасці. У службе аховы важную ролю мае пульт кіравання, дзяжурны якога прымае сігналы трывогі і інфармуе пра іх групы затрымання. Неабходна пастаянна быць максімальна сабраным, добра ведаць службовыя інструкцыі і ўмець граматна выкарыстоўваць атрыманыя навыкі на практыцы. З чым Валянціна Вайцяховіч спраўляецца на выдатна.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.