С удовольствием обслуживает сельчан продавец автомагазина Докшицкого филиала облпотребобщества Татьяна Пракапович
“Вяскоўцы заўсёды мяне чакаюць”. Так адказала на пытанне: “За што вы любіце сваю работу?” прадавец 4 разраду аўтакрамы № 1 Докшыцкага філіяла аблспажыўтаварыства Таццяна Пракаповіч. І дадала: “А я, у сваю чаргу, з задавальненнем іх абслугоўваю”.
Спажывецкай кааперацыі Таццяна Францаўна прысвяціла дваццаць гадоў. Спачатку стаяла за прылаўкам у краме ў Валодзьках, а пасля таго як, пабудаваўшы кааператыўную кватэру, пераехала жыць у райцэнтр, стацыянарны гандлёвы аб’ект змяніла на мабільны.
– У аўтакраме працую 15 гадоў і за гэты час усёй душой прыкіпела да вясковых пакупнікоў, – гаворыць Таццяна. – У адным экіпажы – разам з вадзіцелем Сяргеем Плютам. З ім наведваемся ў населеныя пункты Сітцаўскага, Параф’янаўскага, Бярозкаўскага, Валкалацкага і Тумілавіцкага сельсаветаў, якія значацца ў маршруце. Кожны дзень, акрамя суботы і нядзелі, загружаем у аўтамабіль свежыя прадукты і стараемся спраўна дастаўляць іх нават у самыя аддаленыя куточкі нашага раёна.
Дарэчы, летась прадавец з вадзіцелем пачалі абслугоўваць пакупнікоў у новых, больш камфортных умовах. Яны пераселі на новы аўтамабіль, які Докшыцкі філіял аблспажыўтаварыства атрымаў у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта, накіраваным на падтрымку гандлю на вёсцы і развіццё Белкаапсаюза. Аўтамабіль аснашчаны сістэмай спутнікавага маніторынгу для захавання графікаў руху, а таксама сучасным халадзільным і маразільным абсталяваннем, што дазваляе захоўваць прадукты, якія патрабуюць асаблівага тэмпературнага рэжыму.
– Нашы пакупнікі ў асноўным пажылыя людзі, – гаворыць Таццяна. – Некаторыя з іх па стане здароўя альбо ў сілу свайго ўзросту не заўсёды выходзяць да аўталаўкі. Таму часам сама магу забегчыся ў хату, запытацца, якія прадукты патрэбны, і тут жа прынесці іх. Рабіць гэта зусім нескладана, а наадварот, прыемна. Людзі ў нас добрыя і вельмі чулыя, многія – адзінокія, ім патрэбна выгаварыцца. Вось і нядаўна адна бабуля падзялілася, як ноччу дрэнна сябе адчувала з-за высокага ціску. Безумоўна, у такой сітуацыі трэба чалавека добрым словам падтрымаць, паспачуваць, ад чаго яму адразу становіцца лягчэй.
Ды і вяскоўцы ў сваю чаргу, не шкадуюць кампліментаў у адрас заўсёды ветлівага і ўважлівага прадаўца.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.