Первый докшицкий связист, таксист и строитель костёла

Май для Антона Іванавіча Зінкевіча – поўны святочных дзён. Апрача таго, што ў сям’і заўсёды адзначаецца Дзень Вялікай Перамогі, як адно з самых светлых святаў, у гэтым месяцы гаспадар святкуе свой дзень нараджэння і Дзень работнікаў радыё і сувязі – сваё прафесійнае  свята. Каля чатырох дзясяткаў гадоў аддаў Антон Іванавіч працы ў вузле электрасувязі. Быў манцёрам. Яго ведае кожны жыхар Докшыц і амаль кожны – раёна. На сваім веласіпедзе ён скалясіў усе населеныя пункты Докшыччыны. Цягнуў тэлефонны кабель, чыніў радыёкропкі і радыёлініі. Быў пастаянна на сувязі. 

Свой 80-гадовы юбілей Антон Іванавіч адзначыў сярод самых блізкіх. Былі дочкі і зяці, унукі і нават праўнучак. Былі цёплыя словы падзякі і віншаванняў. Былі ўспаміны…

За пройдзены жыццёвы адрэзак зроблена шмат. А шмат чаго засталося толькі ў планах. Жыццё было цяжкім, але і за гэта дзякуе Зінкевіч. Рос без бацькоў, працаваў бясконца. Ставіў перад сабой задачы – і рашаў. Намячаў планы – і ажыццяўляў іх. Стараўся штосьці мець – і меў. Хаця пры сустрэчы з намі сказаў:

– Ніколі мы не былі багатымі, і ўжо не будзем. Але не ў грашах шчасце. Галоўнае – здароўе: сваё, дзяцей, унукаў. Галоўнае, каб была цеплыня ў душах, спагада, дабрыня, чалавечнасць. Не трэба рабіць, каб зарабіць. Жыць – значыць прыносіць шчасце бліжняму.

Родам Антон Зінкевіч з Глыбоцкага раёна. Яго хутар Кляноўка размяшчаўся якраз у Галубецкай пушчы. Бацькі выхоўвалі шасцярых дзяцей. А колькі б магло быць унукаў! Не ўбачылі яны ні зяцёў, ні нявестак, а тым больш унукаў. Жывымі былі спаленымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Антону ў той час споўнілася 14 гадоў. Цяжка перажыў падлетак гвалтоўную смерць вяскоўцаў. Балюча было развітвацца з сёстрамі, якіх забралі ў Нямеччыну. Сам у час акупацыі дапамагаў партызанам. Праўда, калі ішоў у армію, не напісаў у дакументах, што меў справы з імі, а таму і не лічыцца ўдзельнікам Другой сусветнай вайны. Ды і не шкадуе. На першым месцы ставіць справу, а затым ужо тое, як яго называюць.

Кемлівасць і мудрасць Зінкевіча дапамагала выжыць, быць патрэбным людзям. Яшчэ да арміі хлопец за пазычаныя грошы купіў каня і займаўся перавозкамі, дастаўкай грузаў. На сённяшні дзень можна сказаць, што быў Антэк першым таксістам у Докшыцах. Затым, можна лічыць, і адным з першых сувязістаў. Яго “мабільны” тэлефон (вялікая трубка, з дапамогай якой ён выяўляў непаладкі на лініі і правяраў сувязь) і зараз захоўвацца ў доме, як самая каштоўная рэліквія. 

Антон Іванавіч – чалавек, які не любіць прасіць дапамогі. Ён з задавальненнем аказвае яе кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу. І жонка яго – Крысціна Іванаўна – такая ж. Невялікая кватэра, якую яны атрымалі напачатку сямейнага жыцця, заўсёды шматлюдная. Колькі ж тут было кватарантаў! Не дзеля грошай пускалі жыць людзей, а каб падтрымаць, дапамагчы ў складанай сітуацыі. У касцёле Зінкевічы заўсёды ў першых радах. Спачатку будавалі яго, затым аздоблівалі, наводзілі парадак. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, заўсёды пры справе.

Павіншаваць юбіляра з чарговай “круглай” датай прыехалі  былыя калегі. Начальнік РВЭС Віктар Падцяроб, старшыня прафкама Віктар Шаўцоў, электраманцёр Анатоль Іванішкін (на здымку) стварылі святочную атмасферу ў хаце ветэрана працы. Пажылыя людзі засталіся вельмі ўдзячнымі за ўвагу да сябе і за дапамогу, якую паабяцалі аказаць сувязісты Антону Іванавічу ў замене падлогі ў летняй кухні і набыцці прасла для плоту.

Тэкст і фота Нэлі БЯЛЯЎСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *