Африканская чума свиней – особо опасная вирусная болезнь
Афрыканская чума свіней – гэта хвароба дамашніх свіней і дзікіх кабаноў, якая не залежыць ад узросту жывёліны, полу і пароды і выклікае знішчэнне практычна 100 працэнтаў пагалоўя.
Вірус АЧС можа перадавацца праз прамы кантакт паміж жывёламі, а таксама праз кроў, ежу, трупы свіней, чалавека, грызуноў, транспарт, прадметы догляду, гной і іншае. Распазнаць хваробу магчыма па адмове жывёліны ад ежы, павышэнні тэмпературы цела да 40-42 градусаў, прыгнечаным стане, пасіненні або пачырваненні скуры на вушах, жываце, хвасце, а таксама па рвоце, паносе, які бывае часам з прымессю крыві. Здараецца і раптоўная смерць без бачных прыкмет хваробы.
Вакцына супраць АЧС да гэтага часу не вынайдзена.
Для таго, каб папярэдзіць хваробу, грамадзяне павінны абгарадзіць асабістыя гаспадаркі з мэтай недапушчэння пранікнення туды дзікіх жывёл. Скормліванне дамашнім свінням адходаў прадуктаў харчавання, у якіх утрымліваюцца кампаненты жывёльнага паходжання – мяса, тлушч, кроў, – забараняецца. Пагалоўе належыць утрымліваць толькі ў хлявах, свінарніках, а наведваць іх варта ў асобным спецыялізаваным адзенні і абутку. Крайне непажадана дапускаць іншых людзей на тэрыторыю сваёй гаспадаркі. Самім пажадана быць вельмі асцярожнымі пры кантакце з хатняй жывёлай пасля наведвання лесу. Таксама нельга набываць жывых свіней ці прадукты іх забою ў неўстаноўленых для гэтага месцах і завозіць свіней з іншых рэгіёнаў без дамоўленасці з дзяржаўнай ветэрынарнай службай.
Пра ўсе выпадкі захворванняў і падзяжу дамашніх свіней неабходна неадкладна паведаміць спецыялістам ветслужбы. Хворых жывёл нельга забіваць без агляду ветэрынарнага ўрача. Трэба старацца не дапускаць пранікнення ў памяшканні, дзе ўтрымліваюцца свінні, грызуноў і дзікіх птушак, а таксама, па магчымасці, насякомых, асабліва мух. На тэрыторыях асабістых гаспадарак неабходна падтрымліваць чысціню. Абавязкова павінны быць у наяўнасці дэздыванок і месца для мыцця і дэзінфекцыі рук з асабістымі сродкамі гігіены.
Кожную дэкаду патрэбна апрацоўваць свіней і памяшканні, дзе яны ўтрымліваюцца, сродкамі ад вошай, блох, кляшчоў – пераносчыкаў хваробы, пастаянна весці барацьбу з грызунамі.
Н. НАВІЦКАЯ, начальнік эпізаатычнага аддзела ветэрынарнай станцыі.