Брендовую праздничную продукцию предлагает Докшицкий хлебозавод
Прадукцыя Докшыцкага хлебазавода заўжды карыстаецца попытам пакупнікоў далёка за межамі раёна. Свята горада і фестываль “Дзве ракі” для хлебазаводаўцаў яшчэ адна магчымасць прадэманстраваць сваё майстэрства і творчы талент.
– З гэтай нагоды падрыхтавалі для жыхароў раёна і шматлікіх гасцей шырокі асартымент хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, – расказала начальнік лабараторыі, інжынер-тэхнолаг хлебапякарнай, кандытарскай і макароннай вытворчасці Святлана Чурко. – Сотня тортаў на любы густ чакае сваіх пакупнікоў, у тым ліку з графічнай эмблемай фестывалю на вафельных лістах, спецыяльна зробленай для ўпрыгажэння “кандытаркі”. Выпеклі і прыгожа ўпакавалі пяцьдзясят пернікаў з такой жа выявай – гэта будуць сувеніры для гасцей.
На хлебазаводзе пільна сочаць за пакупніцкім попытам, фарміруючы ў адпаведнасці з ім асартымент сваёй прадукцыі. Сёлета ў крамах раёна з’явіліся ў продажы батон і багет “Докшыцкі” з шасцісутачным тэрмінам прыдатнасці, а таксама хлеб з пшанічнай мукі “Тоставы”, што захоўвае сваю свежасць чацвёра сутак. Вырабы займелі ўжо немалую колькасць прыхільнікаў, а нястомныя завадчане эксперыментуюць ужо з новымі рэцэптамі.
Алена НЕСЦЯРОНАК