Как в Докшицах большую поганку, или чомгу, спасали

IMG_0236 с

Эколагам прыходзіцца прымаць меры і ратаваць не толькі жывёл, а і птушак.

Так, яшчэ вясной у Докшыцкую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паступіў званок ад жыхароў вёскі Бярозкі. Яны паведамілі, што знайшлі маленькага мядзведзіка, якому, па ўсім бачна, была патрэбна дапамога. Спецыялісты тут жа выехалі на месца і прынялі рашэнне адвезці таптыжку ў Віцебскі заапарк, бо інакш ён не выжыў бы. Начальнік райінспекцыі Уладзімір Вішнеўскі асабіста даставіў на аўтамабілі “згубу” ў абласны цэнтр.

Сёлета таксама была аказана дапамога лебедзю і параненай вушастай саве. А літаральна некалькі дзён таму спецыялісты змагаліся за жыццё паганкі (яе яшчэ называюць чомгай).

Пачыналася гісторыя так. Дакшычанка Святлана, як звычайна, раніцай выйшла на работу і ўбачыла каля інтэрната на вуліцы Чарняхоўскага, дзе жыве, птушаня ў акружэнні некалькіх катоў. Пярнатая моцна шыпела, адмахвалася сваёй доўгай вострай дзюбай і старалася не падпускаць да сябе вусатых. Жанчына, не вагаючыся, накінула кофту на паганку, каб тая раптам не ўшчыкнула, і занесла яе дадому.

Калі Святлана вярнулася з работы, птушка сядзела ў вядзерцы з вадой, якое гаспадыня напоўніла для піцця сваёй часовай госці. Пазней прыехалі прадстаўнікі экалагічнай і ветэрынарнай службаў раёна. Агледзелі птушку. Прыкмет якіх-небудзь пашкоджанняў не выявілі, толькі вызначылі, што ёсць праблема са страўнікава-кішачным трактам. Увялі антыбіётык і адвезлі паганку на гарадское возера. Зараз яна дома.

Якім чынам чомга аказалася ў райцэнтры, спецыялісты дакладна сказаць не могуць. Хутчэй за ўсё, яна страціла арыентацыю.

Увогуле, чомга сустракаецца амаль ва ўсіх прэснаводных вадаёмах Еўропы з густой прыбярэжнай расліннасцю.

Вялікая паганка – пералётная птушка. Сваё крыху абразлівае імя атрымала за абсалютна нясмачнае мяса з рэзкім непрыемным пахам.
На патыліцы ў птушак тырчаць два пучкі цёмных пёраў у выглядзе невялікіх рожак, а галава знізу апраўлена доўгімі пёрамі, якія нагадваюць бакенбарды. Сілкуецца чомга рыбай, малюскамі, воднымі казуркамі і іх лічынкамі. Дарослыя птушкі ловяць дробных земнаводных і ракападобных. Падчас пошуку ежы чомга нырае ў ваду. Яна абследуе дно сваёй доўгай і вострай дзюбай ці ловіць здабычу, што плавае ў вадзе. Пад вадой чомга можа праплыць значную адлегласць, па некаторых назіраннях, да 30 метраў.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *