Нетрезвые водители из Докшиц были строго наказаны
Складана зразумець людзей, якія гуляюць з законам у гульні. Пэўна, спадзяюцца, што абавязкова выйграюць. Але, як правіла, яны часцей у пройгрышы.
Жыхар Крулеўшчыны Андрэй Ленартовіч вырашыў, што ноччу даішнікі спяць, таму і рызыкнуў 23 ліпеня 2011 года раз’язджаць па вуліцах Глыбокага ў нецвярозым стане. Але яго спадзяванні не апраўдаліся. Быў затрыманы, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і ў адпаведнасці з арт. 18.16. ч.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях аштрафаваны на 20 базавых велічынь (700 тысяч рублёў), а таксама пазбаўлены права кіравання аўтатранспартам усіх відаў тэрмінам на 3 гады.
З таго, што адбылося, хлопец зрабіў вывад: п’янаму за рулём у іншы населены пункт ехаць не трэба, а ў родным аграгарадку можна. Але і тут яму не пашанцавала. У лютым ужо 2012 года яго затрымалі ў Крулеўшчыне. На гэты раз аматар садзіцца за руль з алкаголем на пару быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Суд прызнаў яго вінаватым у кіраванні транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за ідэнтычнае парушэнне і на падставе арт. 317-1. ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пазбавіў права кіравання транспартным сродкам на 4 гады са штрафам 100 базавых велічынь (10 мільёнаў рублёў).
Вадзім Шынкевіч з вёскі Вілейка рызыкнуў, не маючы права кіравання аўтатранспартным сродкам, сесці за руль у сталіцы. За гэты супрацьпраўны ўчынак быў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (1 млн. 50 тысяч рублёў). Але вывадаў не зрабіў ніякіх. Праз некалькі месяцаў быў затрыманы за рулём аўтамабіля на вуліцы вёскі Бярозкі. На гэты раз ён быў пазбаўлены права кіравання аўтатранспартным сродкам на 5 год і аштрафаваны на 20 мільёнаў рублёў.
Андрэй Гаўрыловіч з Докшыц сваё знаходжанне за рулём у стане алкагольнага ап’янення тлумачыў на судзе тым, што, маўляў, хацеў з’ездзіць на дыскатэку ў Гліннае. Дарэчы, малады мужчына жанаты, мае дзіця, але адказнасці за сваю сям’ю, якую ён павінен несці як муж і бацька, не адчувае. За “паездку на дыскатэку” ў студзені 2012 года ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і пазбаўлены права кіравання тэрмінам на 3 гады, аштрафаваны на 700 тысяч рублёў. Але аматару дыскатэк гэта спагнанне не паслужыла ўрокам. Ужо ў жніўні зноў быў затрыманы ў стане алкагольнага ап’янення ў той час, калі кіраваў аўтамабілем. На гэты раз Андрэй Віктаравіч накіроўваўся за цыгарэтамі. Яны для яго аказаліся вельмі дарагімі. А.В. Гаўрыловіч прыгаворам суда пазбаўлены права кіравання на 5 год і аштрафаваны на 25 мільёнаў рублёў.
Дакшычанін Дзмітрый Уліцкі першы раз за кіраванне аўтатранспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў 2008 годзе. Пасля гэтага ён выплаціў прызначаны яму штраф, здаў экзамен і атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Не зрабіў толькі аднаго: не зарокся раз і назаўсёды садзіцца за руль, пасля таго, як выпіў спіртнога. На працягу 2012 года два разы быў затрыманы п’яным у той час, калі кіраваў аўтамабілем. Суд вынес пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права кіравання тэрмінам на 5 год і накладання штрафу ў суме 35 мільёнаў рублёў.
Несур’ёзныя паводзіны вышэйназваных парушальнікаў закона з вялікай нацяжкай, але яшчэ можна спісаць на малады ўзрост, бо ўсе яны не перасягнулі 30-гадовага рубяжа. Чаго нельга сказаць пра Валянціна Лікара з Докшыц. Мужчына на шостым дзясятку год, кульнуў чарку, сеў за руль і паехаў у Янкі. Быў спынены супрацоўнікамі ДАІ і за парушэнне закона і ў адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі ўсіх відаў на 3 гады і аштрафаваны на 30 базавых велічынь. Не прайшло і года, як Валянцін Мікалаевіч зноў садзіцца за руль, чаго не меў права рабіць, і зноў у п’яным выглядзе. На гэты раз ён быў асуджаны ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам РБ. Атрымаў пакаранне ў выглядзе 4 год пазбаўлення права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў і штрафу ў суме 20 мільёнаў рублёў.
А. УЛЬСКІ, старшыня суда.