Одна любовь, одно дело на двоих. Знакомьтесь, супружеская пара Александр и Светлана Толкачи из города Докшицы

ЕН 780

“Любіць – гэта не значыць глядзець адно на аднаго. Любіць – гэта глядзець у адным напрамку”. Мудры, пранізліва-пачуццёвы Антуан дэ Сэнт-Экзюперы меў рацыю ў сваім выказванні. І ўсё ж вазьму на сябе смеласць крыху перафразаваць: любіць – гэта не толькі глядзець адно на аднаго, але і ў адным напрамку. Менавіта такія словы найлепшым чынам характарызуюць дакшычан Аляксандра і Святлану Толкачаў, цудоўную сямейную пару, якую вось ужо 33 гады яднае не толькі ўзаемнае прыцягненне, але і ўзаемнае імкненне да адных мэт, агульныя справы, захапленні, падтрымка і ўзаемаразуменне.

Іх сядзіба даўно прызнана домам узорнага парадку. Ці трэба тлумачыць, што за званнем гэтым, за дыпломамі і граматамі стаіць штодзённая несупынная шматгадзінная праца. Адна справа парадак стварыць – у разы цяжэй яго захоўваць.

Святлана Антонаўна, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 3 г. Докшыцы, ужо была гераіняй артыкула ў нашай газеце як адна з лепшых кветкаводаў у раёне. Сапраўды, па разнастайнасці відаў і сартоў кветак і дэкаратыўнага кустоўя, па ступені іх дагледжанасці, па дызайне прысядзібнага ўчастка яе ўладанні, як падалося, на ўзроўні батанічнага саду. Мяркуйце самі: толькі руж і гартэнзій у Святланы па паўсотні кустоў. І яна памятае назвы ўсіх сартоў і можа гадзінамі расказваць, якія ў кожнага патрабаванні па доглядзе. Іншых відаў кветак і зёлак не дзясяткі – сотні. У складзіку – горы мяшэчкаў, слоікаў, брыкетаў і вядзерцаў з падкормкамі, прэпаратамі супраць шкоднікаў, стымулятарамі росту і да таго падобным, у чым Святлана Антонаўна арыентуецца беспамылкова, як правізар у аптэцы. Увесь вольны час яна на ўчастку: праполка, абрэзка, падкормка, апрацоўка, паліў, высадка і перасадка… Райская прыгажосць патрабуе пякельнай працы. А вось што датычыцца дызайну, то гэта ўжо справа сумесная з Аляксандрам Уладзіміравічам.

ЕН 790

– Генератар ідэй, канешне ж, Света, а мая місія напачатку супраціўляцца, а пасля загарацца тымі ідэямі, уносіць свае карэктывы і ўдасканаленні і праводзіць іх у жыццё, – так характарызуе іх творчы тандэм галава сям’і, у якога – ніхто яшчэ лепш не прыдумаў сказаць – рукі залатыя. Ну і тэхнічны склад розуму, не без гэтага. Думаецца, з Аляксандра Уладзіміравіча, які працуе ў РЭСе машыністам аўтавышкі, атрымаўся б выдатны інжынер-праекціроўшчык або архітэктар. Але ён прызнаецца, што прастору для творчасці яму і так хапае. Кажа, працаваць з сумесямі тыпу тынкоўкі ці шпаклёўкі не любіць, а вось з дрэвам і ў асаблівасці з металам – з вялікім задавальненнем.

Цэлы набор будаўнічых прафесій Аляксандр Толкач асвоіў самастойна. І, мяркуючы па ўбачаным, на выдатна. А пачынаў з вырабу неабходных станкоў, колькасці і якасці якіх пазайздросціць любы майстар. Нават трамбоўшчык для пліткі ў свой час быў зроблены. Усе будынкі на сядзібе – справа рук гаспадара. Прыгожы, сучасны, адметны дом. Яго праект, афармленне кожнага куточка распрацоўвалі разам са Святланай. Альтанка, арэлі, лазня, дыхтоўная і каларытная агароджа – абавязкова. Чаму каларытная? Слупы ў яе не бетонныя, а каменныя, толькі каменне тое не змацавана цэментам, а размяшчаецца ў металічнай сетцы – зараз такія канструкцыі сталі моднымі, маюць у асноўным дэкаратыўную функцыю і называюцца габіёнамі. А ў Толкачаў яны выступаюць не толькі як слупы, але яшчэ і як падмуркі, агароджы-бардзюры, падстаўкі пад кашпо і нават сцены. У прыватнасці, у зоне барбекю. Габіёны цудоўна спалучаюцца з металічным ажурам, рабіць які Аляксандр Уладзіміравіч таксама вялікі майстар. Апісваць можна доўга – тут трэба бачыць. Перанесці б сядзібу-казку з завулка Якуба Коласа ў цэнтр Докшыц, дзе найбольшы рух, – людзі, як у фотазону, фатаграфавацца на іх падворак прыходзілі б…

– Усё ў нас зроблена для адпачынку, а адпачываць няма калі, – смяюцца гаспадары.

ЕН 792

Па тым, з якой любоўю глядзяць адно на аднаго, як часта гучыць у іх аповедзе “мы”, як ганарацца вартасцямі адно аднаго і яшчэ па дзясятку розных прыкмет бачна, што гармонія ў створаным іх творчым розумам і працавітымі рукамі куточку хараства з’яўляецца вынікам гармоніі іх душ. Гэта лірычнае адступленне, але выснова такая вельмі важная, – бадай, галоўнае, што вынесла з нашай сустрэчы. А зараз яшчэ пра адну грань яркага жыцця Толкачаў. Сужэнцы – прыхільнікі правільнага харчавання. У прадуктовых крамах купляюць нямногае. Год таму заняліся вырабам сыроў – для іх выкарыстоўваюць малако непасрэдна ад кароўкі. Дабаўкі самыя розныя: кмен, папрыка, базілік, цукаты. Ніколі не купляюць чай: Святлана Антонаўна вялікі эксперыментатар у плане падбору траў. Частавалася ў іх гарбатай з мяты, чабору, мелісы і лаванды – смаката і водар! Шмат ужываюць у ежу зяленіва – базіліку, сельдэрэю, кропу, пятрушкі, а таксама розных відаў капусты. Ніякіх паўфабрыкатаў – толькі мяса добрай якасці. Робяць самі каўбасы, якія сушаць у гасцёўні ў шыкоўным каміне (вядома ж, зробленым гаспадаром), а затым – у вакуумныя пакеты і ў маразілку. Хлеб Святлана Антонаўна пячэ грэчневы, можа дабаўляць семкі. Дражджавая выпечка з пшанічнай мукі толькі на святы – тут ужо Аляксандр Уладзіміравіч майстар: яго булкі з тварагом разыходзяцца на ўра. А пасцілу якую класную вырабляюць самі з розных ягад без драбочка цукру!

ЕН 794

Ну і вішанька на торце: зімой, калі актыўнасць спадае, Толкачы па чарзе даюць сабе нагрузку на эліпсоідзе – трэнажоры, зробленым Аляксандрам уласнаручна, як і трактар для работ на ўчастку. А адпачываць калі, спытаеце. Дык адпачываюць! Кожны год падарожнічаюць ці едуць на мора. А мне здаецца, што прыгажэй, чым у іх дома, няма нідзе.

ЕН 796

Алена НЕСЦЯРОНАК. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *