Преступления по трем статьям УК совершил работник одного из учреждений Докшицкого района
Калі б работнік адной з устаноў, размешчаных на тэрыторыі нашага раёна, накіраваў свае менеджарскія здольнасці ў законнае русла, цаны яму не было б у кадравы дзень. На жаль, рэалізаваў ён іх толькі ў мэтах самаабагачэння за чужы кошт. У выніку ў адносінах да спецыяліста ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 433 (“Незаконнае ўзнагароджанне”, па шасці эпізодах), ч. 2 арт. 211 (“Прысваенне або растрата”, дванаццаць эпізодаў), ч. 2 арт. 209 (“Махлярства”, два эпізоды) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Расследаваннем займалася ўпраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці. Крымінальная справа па абвінавачванні інжынера па арганізацыі эксплуатацыі і рамонце будынкаў і збудаванняў дзяржаўнай установы, 1981 года нараджэння, раней не судзімага, была разгледжана ў адкрытым судовым пасяджэнні ў Докшыцах пад старшынством суддзі Дзяніса Корсака з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы – старшага памочніка пракурора раёна Наталлі Піскуновіч і абаронцы – адваката юрыдычнай кансультацыі раёна Святланы Шышла.
Устаноўлена, што інжынер падманным шляхам прасоўваў сваіх кандыдатаў у якасці патэнцыяльных пастаўшчыкоў тавараў (работ, паслуг) для ўстановы і за гэта атрымліваў узнагароджанне. Так, за ўстаноўку вокнаў, абіванне мэблі, пастаўку матэрыялаў ён папоўніў уласны кашалёк больш чым на 5 тысяч рублёў.
Неаднаразова выкрадаў давераныя яму таварна-матэрыяльныя каштоўнасці: фарбу, плінтусы, мантажную пену, дзвярныя ручкі, замкі, герметык, іншае – і збываў выпадковым пакупнікам. У цэлым нанёс урон установе на суму каля 2700 рублёў, з іх больш за 1200 паклаў сабе ў кішэню.
Праз рэалізацыю махлярскіх схем пры ўстаноўцы вокнаў і дзвярэй зламыснік апрыходаваў яшчэ каля 5 тысяч рублёў: дагаворы заключаліся з аднымі майстрамі, а работы выконваліся іншымі, розніцу паміж коштам паслуг ён забіраў сабе.
Пры знаёмстве з ходам расследавання гэтай крымінальнай справы, занатаваным, між іншым, на сотнях старонак, уразіла нахабнасць злачынцы, упартасць, з якой ён выпатрабоўваў са сваіх “кампаньёнаў” грошы, і беспадстаўная ўпэўненасць у беспакаранасці. На што разлічваў чалавек, разгарнуўшы сістэмную злачынную дзейнасць? Трэба быць абсалютна неадумлівым, каб не баяцца расплаты.
Вызначаючы пакаранне, суд улічыў характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненых злачынстваў, мэты і матывы ўчыненага, асобу абвінавачанага і яго станоўчую характарыстыку. Абставін, якія абцяжарвалі б адказнасць, не ўстаноўлена. Змякчальныя абставіны – яўка з пакаяннем, чыстасардэчнае раскаянне, выплата даходу, атрыманага злачынным шляхам, і добраахвотнае пакрыццё ўрону.
Наталля Піскуновіч, старшы памочнік пракурора раёна:
– Суд прыйшоў да высновы, што мэты крымінальнай адказнасці па ч. 2 арт. 433 КК Рэспублікі Беларусь могуць быць дасягнуты пры прымяненні да абвінавачанага асноўнага пакарання ў выглядзе абмежавання волі, а таксама, улічваючы колькасць эпізодаў злачынства і памер атрыманага незаконнага ўзнагароджання, дадатковага пакарання ў выглядзе штрафу.
Па ч. 2 арт. 211 КК Рэспублікі Беларусь прысуджана абмежаванне волі. Акрамя таго, з улікам прысваення абвінавачаным маёмасці, за ўлік, захоўванне і распараджэнне якіх ён быў адказным, дадатковае пакаранне – пазбаўленне права займаць адпаведныя пасады.
Па ч. 2 арт. 209 – таксама абмежаванне волі.
А па сукупнасці злачынстваў суд прызначыў вінаватаму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 4 гады са штрафам у памеры 12 000 рублёў у даход дзяржавы і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем матэрыяльнымі каштоўнасцямі, на тэрмін 4 гады.
Шкада, што не ўсе памятаюць, што рана ці позна пакаранне спасцігае злачынцу.
Ніна КРУКОВІЧ.