В Докшицах обновляется автопарк
Новы аўтобус у Докшыцах давераны вопытнаму вадзіцелю Сяргею Лаўцэвічу.
У раёне курсіруе новенькі сучасны аўтобус МАЗ-206 докшыцкага ўчастка філіяла “Аўтатранспартнае прадпрыемства № 14 г. Лепеля”. Прыгожы і камфартабельны. Чытачы газеты цікавяцца: адкуль узяўся такі цудоўны падарунак для раёна? І ці плануецца далейшае абнаўленне аўтапарка?
Па адказ мы звярнуліся да дырэктара АТП № 14 Міхаіла Казімірчыка.
– Заключэннем дагавораў аб набыцці аўтобусаў займаецца наша галаўная кампанія – “Віцебскаблаўтатранс”, – патлумачыў Міхаіл Мікалаевіч. – Яна ж і размяркоўвае закуплены транспарт, улічваючы наяўнасць рухомага саставу і патрэбнасці таго ці іншага раёна. Гэтым разам выбар прыпаў на Докшыччыну. У цэлым аўтапарк докшыцкага ўчастка паступова абнаўляецца. Напрыклад, папярэдняе паступленне на базу адбылося ў мінулым годзе – тады з завода даставілі два МАЗ-257. У далейшым замена транспарту будзе ажыццяўляцца зыходзячы ад сітуацыі. Пытанне якаснага абслугоўвання пасажыраў заўжды на павестцы дня транспартных прадпрыемстваў.
Міхаіл Казімірчык расказаў, што сучасныя аўтобусы абслугоўваюць не толькі гарадскія і міжгароднія маршруты, але і прыгарадныя. Так, докшыцкі МАЗ-206 ездзіць у Віцебск, у аграгарадкі і вёскі, у будныя дні – па горадзе. Таксама выкарыстоўваецца на абслугоўванні заказных маршрутаў. Адным словам, не прастойвае.
Разам з тым падчас нашай размовы Міхаіл Казімірчык выказаў добрыя словы ў адрас докшыцкіх транспартнікаў:
– Дзякуючы старанням начальніка ўчастка Андрэя Курдзекі захоўваецца калектыў вадзіцеляў – цяпер, на жаль, не вельмі запатрабаванай прафесіі ў нашай галіне. Ён сам былы вадзіцель, таму не па чутках ведае спецыфіку работы, добра разбіраецца ў тэхніцы і валодае выдатнымі кіраўніцкімі здольнасцямі. Да ўсяго адданы калісьці выбранай арганізацыі – з адным запісам у працоўнай кніжцы. Людзі на ўчастку добрасумленна адносяцца да справы.
Новы аўтобус у Докшыцах давераны вопытнаму вадзіцелю Сяргею Лаўцэвічу, прадаўжальніку дынастыі – яго бацька Аляксандр Лаўцэвіч усё сваё працоўнае жыццё прысвяціў менавіта АТП № 14.
– Аўтобус з рэгуліроўкай узроўню падлогі, на мяккім хаду, з шырокім аглядам для вадзіцеля, вялікімі дзвярыма для пасажыраў, месцамі для інвалідаў, кандыцыянерам, – характарызуе выгоды машыны Сяргей Аляксандравіч. – Пасажыры ў захапленні і шчыра дзякуюць за зручнасці.
У аўтобусным парку докшыцкага ўчастка філіяла АТП № 14 г. Лепеля 20 машын, якія курсіруюць па 20 маршрутах.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.