В преддверии праздника 1 сентября встретились с Виктором Шпаком, учителем математики Докшицкой средней школы № 1 имени И.С. Полевого, обладателем звания «Учитель года» и классным руководителем
Зусім хутка празвініць школьны званок, які дасць старт чарговаму навучальнаму году. Новы віток школьнага жыцця – рыхтуюцца да яго і вучні, і іх настаўнікі. Сустрэчы са сваімі падапечнымі чакаюць класныя кіраўнікі. З Віктарам Шпакам, настаўнікам матэматыкі докшыцкай сярэдняй школы № 1 імя І.С. Палявога і ўладальнікам звання “Настаўнік года”, а таксама класным (у прамым і пераносным сэнсе гэтага слова) кіраўніком у адной асобе, сустрэліся якраз напярэдадні першавераснёўскага свята, каб пагутарыць менавіта пра гэту, калі так можна выказацца, грань педагагічнай работы.
– Віктар Яўгеньевіч, усё часцей пра класнае кіраўніцтва гаворыцца як пра асобны напрамак дзейнасці настаўніка, які патрабуе асобнай жа падрыхтоўкі і абавязковага педагагічнага вопыту. Што Вы думаеце наконт гэтага?
– Калі настаўнік-прадметнік прыходзіць пасля заканчэння навучальнай установы працаваць у школу, ён можа пэўны час проста выкладаць свой прадмет, не ўскладваючы на сябе абавязкі класнага кіраўніка, і такім чынам набірацца вопыту. А як быць настаўніку пачатковых класаў, у якога такі варыянт не прадугледжваецца? І якая можа быць асобная падрыхтоўка? Паступаючы ў педагагічную ВНУ, ты павінен усведамляць, што табе ў любым выпадку давядзецца працаваць з дзецьмі яшчэ і ў якасці псіхолага, медыятара, арганізатара… Зразумела, у класнага кіраўніка спіс “іпастасей” нашмат даўжэйшы, чым у проста выкладчыка, – се ля ві.
– Не сакрэт, што дадатковую нагрузку ў выглядзе класнага кіраўніцтва гатовы браць на сябе не ўсе настаўнікі. Асабліва супраціўляюцца мужчыны.
– Так, класнае кіраўніцтва – гэта вялізная адказнасць і дастаткова цяжкая работа. Калі ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных педустановах стануць да яе неяк спецыяльна рыхтаваць, магчыма, гэта будзе мець станоўчы вынік. Хаця не ўяўляю, як можна падрыхтаваць да таго, што ты будзеш і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Колькасць выхаваўчых мерапрыемстваў апошнім часам вельмі вырасла, і кожнае патрабуе часу на падрыхтоўку звычайна больш працяглага, чым на падрыхтоўку ўрока, калі ты ўжо вопытны настаўнік і маеш напрацоўкі. Да ўсяго ж у абавязкі класнага ўваходзіць не толькі выхаваўчая, але і арганізацыйная работа – кантроль за паспяховасцю, паводзінамі, матывацыя, разбор канфліктных сітуацый, а таксама камунікацыя з бацькамі, вядзенне дакументацыі і шмат іншага. Вось і бяруцца многія за класнае кіраўніцтва без асаблівага энтузіязму, мужчыны асабліва, таму што мы ў сілу сваіх гендэрных асаблівасцей “заточаны” на работу з дакладнымі задачамі. А тут якіх толькі роляў на сябе не даводзіцца прымяраць! Адваротны бок “медаля” – у цябе ёсць, скажам так, свае дзеці, з якімі найбольш блізкі і якія пры правільным падыходзе бачаць у табе старэйшага таварыша, абаронцу, дарадцу, сябра, у якога можна штосьці пераняць і чамусьці навучыцца не толькі ў плане адукацыйным, але і ў агульначалавечым. А гэта дарагога варта. Таму класнае кіраўніцтва не магу назваць цяжкім грузам – усё ж такі маральнае задавальненне ад зносін з дзецьмі пераважвае.
– Мяркуючы па водгуках Вашых вучняў і іх бацькоў, у Вас усё атрымліваецца. Якім чынам?
– Складанае пытанне… Думаю, не ўсё і не заўсёды. Усё ж такі кожнае дзіця – гэта асобны свет, і немагчыма ўсіх аднолькава настроіць на хвалю ўзаемаразумення і двухбаковай прыхільнасці. Аднак старацца гэта зрабіць трэба абавязкова! Як? Разумееце, настаўнік, а тым больш класны кіраўнік – гэта ні трохі не пасада, у пэўнай ступені нават не прафесія – гэта вобраз. Вучыш і выхоўваеш дзяцей на ўласным прыкладзе – ніяк інакш. Хочаш, каб твой прадмет быў ім цікавы – ён павінен быць перш-наперш цікавым табе самому, ты ім гарэць п а в і н е н ! Тады і неардынарныя формы ўрокаў самі па сабе ў тваёй галаве будавацца будуць, і патлумачыць складанае даступна атрымаецца, і даць неабходнае і слабейшым, і мацнейшым вучням. Па-другое, вельмі важна ўвесь час дастойна праходзіць выпрабаванне “на слабо”. “Ага, – пратэстуюць, бывае, мае “малыя”, – думаеце, лёгка выйсці на сцэну і перад усімі заспяваць, калі спяваеш так сабе?” Што ж, выходзім разам – і спяваем, і танцуем, і ў інсцэніроўках іграем (і спявае, і танцуе, і іграе на сцэне Віктар Шпак выдатна – Аўт.). Тлумачу ім: для таго каб зразумець, ці варта займацца якой-небудзь справай, трэба абавязкова паспрабаваць. Не варыянт разважаць пасля з кіслай мінай: а вось каб я рашыўся тады, дык, можа б… Сам у жыцці прытрымліваюся такога прынцыпу і ўмоўнага ладу з часціцай “б” не ўспрымаю.
– Віктар Яўгеньевіч, Вы згодны з тым, што галоўнае ў прафесіі педагога – любіць дзяцей?
– Не. Любіць дзяцей – гэта, скажам так, нармальны стан нармальнага чалавека, ці педагог ён, ці трактарыст, ці бухгалтар. Гэта па ўмаўчанні. Для настаўніка ёсць шмат галоўнага. У кожным дзіцяці трэба бачыць асобу. Трэба ўмець выявіць здольнасці, вызначыць “мяжу” інтэлектуальных магчымасцей і “танцаваць” у навучанні ад гэтага. Важна быць такім, каб табе давяралі. Важна займець аўтарытэт менавіта настаўніка і выхавацеля, а не ўрокадаўца. Шмат яшчэ што важна, і чым даўжэй ты ў прафесіі, тым гэтых пунктаў становіцца больш.
– Класнаму-мужчыне складаней з дзяўчынкамі, затым ужо дзяўчатамі, чым з хлопчыкамі-юнакамі?
– Не сказаў бы. Усё індывідуальна. У мяне вось дачка, мы з ёй вельмі блізкія: і размаўляць можам на любыя тэмы, і дзяліцца патаемным – разнаполасць тут, думаю, не мае ніякага значэння. У выпадку з вучнямі тое ж самае. Калі ёсць давер, узаемапавага, паразуменне, пол не мае значэння.
– У педагогіку прыйшлі мэтанакіравана?
– Не. Бывае, што ў жыцці на прыняцце рашэнняў уплываюць абставіны. Я мог бы стаць ваенным або інжынерам, але, паўтаруся, не люблю ўмоўны лад дзеясловаў, таму і не шкадую, што не стаў. Выбар зроблены – значыць, ладзім жыццё ў адпаведнасці з ім.
– Вы сказалі, настаўнік – гэта вобраз. А вобраз заўжды шматгранны. Раскажыце, які Віктар Шпак не ў школе.
– Звычайны чалавек, які жыве і перажывае розныя пачуцці, думае, сумняваецца, памыляецца, радуецца і сумуе, займаецца любімымі справамі. Мне падабаецца рабіць штосьці сваімі рукамі – не абмяжоўваю сябе ў гэтым ніякімі рамкамі. Калі будаваць, то дом з нуля і пад ключ з сантэхнікай і электрыкай. Калі займацца агародніцтвам, то не проста вырасціць ураджай, але яшчэ і ўсялякіх закрутак, саленняў ды варэнняў з яго назапасіць на зіму. Калі гатаваць, то не прасцецкія суп ды яечню, а што-небудзь асаблівае. Праўда, тут мая ахвота ўваходзіць у супярэчнасць з жаданнем падтрымліваць цела ў аптымальнай фізічнай форме (спорт для мяне таксама не на апошнім месцы). Нечалавечую вытрымку трэба праяўляць, каб не з’есці лішні кавалак Свецінай выпечкі, у якой яна ас, як, дарэчы, і ў рукадзеллі (жонка Святлана Пашкоўская-Шпак, кіраўнік народнага ансамбля “Землякі” Параф’янаўскага СДК – Аўт.). Яшчэ мая любімая Святлана вельмі захапляецца вырошчваннем кветак. Усёй душой падтрымліваю гэта яе хобі і дапамагаю, чым магу. А яна затое ніколі не супраць маіх паездак на рыбалку – а рыбак я апантаны! – і пры магчымасці можа скласці мне кампанію. Дык, крыху перайначыўшы мудрага ката Матроскіна, магу сказаць, што сумесная праца на сумесную карысць аб’ядноўвае (смяецца). Які я яшчэ? Напэўна, шчаслівы, бо ёсць сям’я, дом, сябры, прафесія, у якой маю магчымасць сябе рэалізоўваць, мае вучні, ёсць планы і задумы на далейшае – гэта, здаецца, усё, што патрэбна ў жыцці.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.