Настоящий полковник нашелся в Докшицком районе

Даўно, мо, дзясятак гадоў таму, у адной тэлеперадачы ішоў аповед пра жыццё і дзейнасць палкоўніка расійскай арміі родам з Беларусі. З экрана наш зямляк хораша гаварыў пра дом, родныя мясціны, сяброў-беларусаў, успамінаў пра дзяцінства, бацькоў. А далей высветлілася, што на бацькоўскай сялібе, дзе парадак падтрымлівае брат, ён не быў ужо гадоў з пятнаццаць, а жонку з двума сынамі, якая прайшла з ім шлях ад лейтэнанта, пакінуў дзеля новага “моцнага кахання”, маладзейшага за яго ледзь не напалову. І адразу памерк, як кажуць, “бляск эпалетаў”. “Не, гэта не сапраўдны палкоўнік, – падумалася тады. – Калі не стаў надзейнай апорай для бацькоў і створанай сям’і, то і грош цана яго прафесійным заслугам і дасягненням”.

3 019

А вось мой суразмоўца Віктар Таляронак, ураджэнец вёскі Кляпіцы, што ў Крулеўшчынскім сельсавеце, палкоўнік сапраўдны, хоць ужо і ў адстаўцы. Бо сваю малую радзіму любіць усёй душой, без пафасу і высокіх слоў, і да старэнькай матулі едзе, як толькі надарыцца магчымасць. “Гатовы забраць яе да сябе, у Мінск, у любы момант, – гаворыць Віктар Уладзіміравіч, – але ж, пакуль ёсць сілы, няхай мама жыве ў сваёй хаце гаспадыняй: бачу, як цяжка прыжываюцца вяскоўцы ў горадзе, як пакутуюць “на асфальце” без звыклых клопатаў і вясковага прастору. А мая задача зараз – ствараць усе ўмовы, каб ёй жылося камфортна”.
Пра ўласную сям’ю Віктар Таляронак заўсёды думаў і клапаціўся ў першую чаргу, бо лічыць гэта сваім асноўным і святым абавязкам. З жонкай Таццянай Васільеўнай, якую сустрэў і пакахаў яшчэ ў студэнцкія гады, ён разам ужо больш за чатыры дзесяцігоддзі. Ёсць усе падставы ганарыцца дарослымі дзецьмі: два сыны і дзве дачкі ў Віктара Уладзіміравіча, усе разумныя ды таленавітыя, атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі свае месцы ў жыцці. За што ні бяруцца – вывучэнне замежных моў, юрыспрудэнцыя, спорт, уласны бізнес – вынікі паказваюць бліскучыя.
– Сваім галоўным бацькоўскім абавязкам лічыў даць магчымасць дзецям атрымаць тую адукацыю, якая б, у сваю чаргу, дазволіла праявіцца іх здольнасцям у поўнай меры, – разважае палкоўнік Таляронак. – А вось тое, як яны змаглі выкарыстаць гэтыя веды ў жыцці, як рэалізавалі сябе прафесійна, – ужо цалкам іх асабістая заслуга.
У вёсачцы Кляпіцы, у якой у далёкія пяцідзясятыя налічвалася каля паўсотні двароў, зараз толькі чатыры жыхары. Мяняецца ўсё навокал, а ў памяці Віктара Уладзіміравіча жывуць тая вясковая вуліца, тая школа-васьмігодка ў Малажанях, дзе вучыўся, тая пяцікіламетровая дарога да Крулеўшчыны, якую штодзённа “адмерваў”, калі заканчваў дзявяты і дзясяты класы… Чытаў, успамінае, вельмі многа, дзе і калі толькі выдавалася магчымасць. Геаграфія была любімым прадметам, выпісваў тэматычныя часопісы, марыў пра цікавыя падарожжы. І мары юнака здзейсніліся. Неабсяжныя прасторы Савецкага Саюза, якія можна было тады без перашкод калясіць, і геаграфічны факультэт БДУ, куды вясковы хлопец, што ні разу не быў нават у тым жа Мінску, паступіў, як кажуць, сходу, далі яму магчымасць паглядзець свет і яшчэ больш палюбіць выбраную прафесію.
У 1972 годзе выпускніка геафака Віктара Таляронка залічылі ў штат Інстытута геахіміі і геафізікі Акадэміі навук БССР, а ўжо праз год ён стаў аспірантам Інстытута акіяналогіі і акіянаграфіі Акадэміі навук СССР. Няма сумненняў – яго чакала бліскучая кар’ера вучонага. Але жыццёвыя абставіны далі яго далейшаму лёсу зусім іншы накірунак. У 1979 годзе, калі да абароны дысертацыі засталося зусім нічога, Віктара… прызываюць у армію. І ён прымае рашэнне: адслужыць, а затым абавязкова вярнуцца ў навуку.
– Камандзір палка Мікалай Пятроў перайначыў мой лёс, – распавядае без ценю жалю Віктар Уладзіміравіч. – Калі настаў час звальняцца ў запас, ён пачаў агітаваць мяне застацца ў кадрах. Прапанаваў роту, а апошнім “козырам” быў ордэр на двухпакаёвую кватэру. Я прыкінуў, што “на гражданцы” атрымаю яе гадоў праз дваццаць. Сям’я і яе інтарэсы былі для мяне на першым месцы – згадзіўся.
Так пачалася кар’ера ваенная. У ёй былі розныя пасады. Чатыры гады разам з сям’ёй правёў на нямецкай зямлі, працаваў выкладчыкам ва ўніверсітэце марксізму-ленінізму ў ГСВГ. У 1993 годзе, калі пачаўся вывад савецкіх войскаў з Германіі, вярнуўся на радзіму і, адмовіўшыся ад заманлівых прапаноў калег-расіян у Санкт-Пецярбургу, прыйшоў працаваць на ваенную кафедру Белдзяржуніверсітэта. За гады службы ў БДУ прайшоў шлях ад выкладчыка да начальніка агульнавайсковай кафедры ваеннага факультэта. Працуе і зараз – начальнікам лабараторыі ваенна-тэхнічнай маёмасці. У размове з Віктарам Уладзіміравічам пра яго выкладчыцкую дзейнасць выяўляецца яшчэ адзін момант, які пацвярджае мудрасць і дальнабачнасць гэтага таленавітага, неардынарнага чалавека:
– У сваіх студэнтах я ў першую чаргу вылучаў не здольнасці засвойваць веды і атрымліваць добрыя адзнакі, як гэта часта бывае ў выкладчыкаў, а чалавечнасць, сумленнасць, прынцыповасць, жаданне тыя веды атрымліваць, імкненне да самаразвіцця. Розныя жыццёвыя абставіны бываюць. Трэба быць добрым псіхолагам і глядзець далёка наперад, інакш можна скалечыць маладому чалавеку лёс…
А лёс Віктара Таляронка, нашага земляка, якім мы можам па праве ганарыцца, яшчэ раз служыць пацвярджэннем: сапраўдны палкоўнік – не ваенная выпраўка, не камандны голас, не “грукат абцасаў па паркеце”. Сапраўдны палкоўнік – гэта годныя ўчынкі, правільныя рашэнні, надзейнасць, адказнасць – за блізкіх і падначаленых, бесперапыннае самаразвіццё і самаўдасканаленне, высокі прафесіяналізм у сваёй справе і любоў да радзімы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *