Вопрос благоустройства населенных пунктов рассмотрен на заседании президиума Докшицкого районного Совета депутатов
На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў пад кіраўніцтвам старшыні Валянціны Рандарэвіч разгледжаны пытанні аб рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі» і аб рэалізацыі дзяржаўнага прафілактычнага праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі».
Пра работу з пустымі дамамі паведаміў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ігар Жалейка.
Ён адзначыў, што адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці райвыканкама, раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў з’яўляецца добраўпарадкаванне тэрыторый населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі, уключэнне ў гаспадарчы абарот зямель, якія не выкарыстоўваюцца.
У той жа час нярэдка ўласнікі і спадчыннікі пустога жылля не прымаюць ніякіх мер па навядзенні элементарнага парадку як у дачыненні да саміх дамоў, так і да тэрыторый вакол іх.
Пастановай Савета Міністраў ад 16 мая 2025 года ўнесены змяненні ў правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, а менавіта канкрэтызаваны віды работ і перыядычнасць іх выканання, вызначаны патрабаванні да ўтрымання пабудоў, аб’ектаў расліннага свету, агароджаў. Ігар Мікалаевіч падкрэсліў, што сельвыканкамы, аддзелы райвыканкама, раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзяць работу па выяўленні парушэнняў патрабаванняў дадзеных правіл. Уласнікам (землекарыстальнікам) выдаюцца прадпісанні, у выпадку невыканання якіх пагражае адміністрацыйная адказнасць. З пачатку года выдадзена 691 прадпісанне, на канец ліпеня 565 з іх былі выкананы.
Таксама за гэты час складзены 51 пратакол.
У цяперашні час на тэрыторыі раёна знаходзіцца 136 пустых дамоў. Сярод мер, якія прымаюцца ў адносінах да такіх будынкаў, – прызнанне іх безгаспадарчымі ці вымарачнай спадчынай, продаж на аўкцыёнах ці без іх, знос і інш.
Праблемнай з’яўляецца сітуацыя, калі ўласнікі і спадчыннікі не пражываюць на тэрыторыі раёна. Дом прыходзіць у заняпад, зямельны ўчастак зарастае пустазеллем. Займацца навядзеннем парадку каля такога дома даводзіцца сельвыканкаму сумесна з арганізацыяй, замацаванай за населеным пунктам.
З дакладам пра мерапрыемствы, якія праводзяцца ў раёне ў рамках праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі», выступіла загадчык лабараторнага аддзела РЦГіЭ Алеся Савіцкая. План мерапрыемстваў прадугледжвае забеспячэнне здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах і арганізацыях, стварэнне інфраструктуры для вядзення здаровага ладу жыцця і інш.
Па абмеркаваных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Аляксандра Варанковіча.