45 лет со знаком качества трудится в ОАО «Докшицкий райагросервис» Роман Машко

ЕН 1131 с

Роман Машко из родной Березовки за 66 лет своей жизни практически не отлучался: учился на зоотехника в Ильянском совхозе-техникуме, немного поработал по специальности в Городокском районе и отслужил в армии. Вернулся после службы в колхоз имени Жданова, чтобы остаться в родных местах уже навсегда, работать на земле, которую полюбил всем сердцем.

– Прызначылі мяне на пасаду заатэхніка-селекцыянера, – згадвае мінулае Раман Уладзіміравіч. – За сваё станаўленне ў прафесіі вельмі ўдзячны тагачаснаму галоўнаму заатэхніку Зінаідзе Васільеўне Стаброўскай, якая дапамагала, вучыла, накіроўвала, умацоўвала маю веру ў сябе як спецыяліста. Гэта былі цікавыя, памятныя гады, а яшчэ – шчаслівыя, бо сустрэў сваё каханне. У 1983 годзе ажаніўся, старшыня калгаса Станіслаў Напалеонавіч Стаброўскі выдзеліў нам кватэру, прапанаваў мне замяніць Зінаіду Васільеўну на пасадзе галоўнага заатэхніка. Папрацаваў два гады, а затым у калгас прыехаў спецыяліст з вышэйшай адукацыяй, і я перайшоў у брыгадзіры фермы “Бярозаўка”. Свайму “дзіцяці” – а на ферме тады ўтрымлівалася каля тысячы галоў жывёлы і працавалі людзі, якім магу сказаць толькі вялікі дзякуй, – аддаў 22 гады жыцця.

Раман Уладзіміравіч з жартамі і смехам расказвае, што на працы прападаў ад цямна да цямна, і аднавяскоўцы казалі: калі ўпоцемку на вуліцы Садовай у чыімсьці двары то тут, то там бліскае ліхтарык, можна не сумнявацца: гэта двор Рамана Машко, і ён на досвітку або пад поўнач займаецца гаспадарчымі справамі.

– А яшчэ, – працягвае аповед суразмоўца, – выраз “Іду на работу – дзеці яшчэ спяць, вяртаюся дамоў – дзеці ўжо спяць” ніякае не перабольшванне, у мяне так і было. Дачушка Каця, займаючыся ў пачатковых класах, на пытанне настаўніцы, кім працуе тата, адказала, што веласіпедыстам. Нічога дзіўнага: бачыла яна мяне толькі тады, калі прылятаў за нечым дадому з фермы на веласіпедзе… Вядома, больш увагі дзецям удзяляла мая дарагая палова, якая працавала настаўніцай. Мне ж заставалася толькі выхоўваць іх на ўласным прыкладзе, як трэба адносіцца да прафесійных абавязкаў. Шчаслівы, што дзеці выраслі годнымі людзьмі, радуюся новаму пакаленню ў сям’і – унучкам, унуку. Ці шкадую, што так шмат часу аддаваў рабоце? Напэўна, не. Раней большасць так жыла, сорамам вялікім гультайства лічылася.

Працоўны стаж нашага героя – 45 гадоў з адзнакамі за добрасумленнасць і прафесіяналізм, і гэта не канчатковая лічба, бо ён і зараз “у страі”. Але па парадку. Раман Уладзіміравіч перажыў некалькі рэарганізацый свайго калгаса, які спачатку памяняў назву на “Рассвет”, пасля, у 1999-м, быў далучаны да калгаса імя Я. Коласа, затым, у 2007-м, да райаграсэрвіса. У гэтыя часы давялося пабыць зноў-такі галоўным заатэхнікам, брыгадзірам на МТФ “Крыпулі”, асемянатарам, аператарам па вырошчванні БРЖ. Зараз, смяецца, сам сабе брыгадзір на роднай ферме “Бярозаўка” – 150 цялушак пад яго апекай. Трымае дома гаспадарку, у якой нават конь мае прапіску.

– Жыццё ёсць рух, – робіць напрыканцы размовы праўдзівую выснову. – Вось у маім гадзінніку крокамер, дык што там стандартныя дзесяць тысяч крокаў – я іх за дзень ледзь не ўдвайне больш раблю.

Так трымаць, Раман Уладзіміравіч!

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *