Молодой специалист из Борисова приехала в Замасточье Докшицкого района

Цяперашні галоўны эканаміст ААТ “Замастачанскі” і жыхарка вёскі Замасточча Таццяна Воднікава (на здымку) – яшчэ нядаўна былая гараджанка і студэнтка. Нарадзілася і вырасла ў Барысаве. Закончыла Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Атрымала спецыяльнасць эканаміста-менеджэра на прадпрыемстве  і паехала працаваць у вёску. Не выпадкова, не таму, што пакінуў шанец, а мэтанакіравана і планава. У дзяўчыны на ўсё свае планы. Спачатку была вучоба. І не на платнай аснове, каб не напружваць бацькоў, а на бюджэце і з высокім балам у дыпломе. Далей дзяўчына марыць дасканала авалодаць прафесіяй – хоча стаць высокакласным спецыялістам, такім, як, напрыклад, Марына Клімовіч, якую Таццяна лічыць сваім ідэалам і імкнецца ва ўсім быць падобнай на яе. А яшчэ ў маладога эканаміста жаданне зарабіць грошы, каб не залежыць ні ад бацькоў, ні ад мужа. А таму і замуж пакуль не збіраецца. 

Вучэбную практыку яна праходзіла ў Барысаве на макароннай фабрыцы “Борымак”. Мела добрага кіраўніка ў асобе галоўнага эканаміста, якая і заклала маладому спецыялісту ў галаву, што калі тая асвоіць эканоміку сельскагаспадарчай вытворчасці, то справіцца ў далейшым з любой. Прыняла да ведама Таццяна словы настаўніцы і пайшла па паказанай сцяжыне.

У канторы ААТ “Замастачанскі”  першым чалавекам, з якім сустрэлася, стала былы галоўны бухгалтар таварыства Тамара Стрыжонак. Жанчына ўжо на пенсіі, але вярнулася на работу пасля пэўнага перапынку. Вопыт і практыка ў кожнай справе – на вагу золата. А такога спецыяліста, як Стрыжонак, трэба пашукаць. На яе, а таксама на галоўнага заатэхніка Кацярыну Чувакову і іншых спецыялістаў абапіраецца малады эканаміст. Па яе словах, яна шмат пытаецца, удакладняе і ёй у гэтым ніхто не адмаўляе.

– Сюды я прыехала не толькі адпрацоўваць абавязковыя два гады пасля навучальнай установы, – гаворыць Воднікава, –  а і набываць вопыт. Магу з упэўненасцю сказаць, што тэарэтычных ведаў недастаткова, каб весці на належным узроўні работу, хоць і вучылася добра, была ў ліку першых пры размеркаванні. Практыкі не хапае. А таму адразу ўзялася авалодваць азамі жывёлагадоўлі. Зараз працую са спецыялістамі раслінаводства. Гэта на першы погляд, здаецца, што праца эканаміста звязана  толькі з паперамі, а на практыцы – з людзьмі. Працаваць складана. Неаднойчы даводзілася плакаць, хаця слёзы свае я паказваць не люблю. У маім характары ёсць штосьці такое, што я сама пакуль  не разумею, “мінус” гэта альбо “плюс”, аднак я ўсіх магу зразумець. Напачатку ад гэтага былі праблемы. Але набыты вопыт ужо дае магчымасць разабрацца ў сітуацыі, прыняць правільнае рашэнне.

Жыццё ў вёсцы Таццяне падабаецца. Разам з сяброўкай абжылі дом, які выдзеліла гаспадарка на двух спецыялістаў. Пасадзілі на градкі гародніну. Дзяўчына не рвецца ў горад, часцей прымае гасцей, чым ездзіць у Барысаў. Сюды любяць прыязджаць і бацькі, браты, сястра. 

Маці ганарыцца дачкой, якая спрабуе цвёрда стаць на ногі. Бацька задаволены, што яго любіміца вучыцца за шафёра. Нягледзячы на розныя жыццёвыя цяжкасці, а яны заключаюцца нават у тым, што трэба тры разы ў тыдзень дабрацца з Замасточча ў Докшыцы да аўташколы, Таццяна Воднікава настроена аптымістычна. Яе планы ажыццяўляюцца.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *