Два важных вопроса обсуждались на заседании Докшицкого райисполкома

photo_2025-08-22_10-05-24

З дакладам выступае начальнік аддзела
землеўпарадкавання райвыканкама Алег Каляга.

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Сяргея Абіралы прайшло адкрытае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. У ім прыняў удзел начальнік упраўлення землеўпарадкавання Віцебскага аблвыканкама Ігар Луговінаў.

Падчас пасяджэння былі абмеркаваны два асноўныя пытанні: як у раёне захоўваецца зямельнае заканадаўства і вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за першае паўгоддзе 2025 года.

Плошча раёна па стане на 1студзеня 2025 года складала 226 588 гектараў, – паведаміў начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Алег Каляга. – Налічваецца восем сельгасарганізацый, чатыры транспартныя, адна прыродаахоўная і тры лесагаспадарчыя, а таксама 21 фермерская гаспадарка. Летась адзін фермер завяршыў сваю дзейнасць. На тэрыторыі Сітцаўскага сельсавета створана адна новая ФГ – “Янкава Ляшчына”. Фермеру выдзелены 21 гектар зямлі.

У мінулым годзе работнікі ПМС правялі рэканструкцыі меліярацыйных сістэм “Патачанка-Габка” ў ДП “Агра-Сітцы”, “Вускрам’е” ў СФГ “Брадок”, “Сэрвач” у ААТ “Барсучанка”. Таксама праведзены работы па культуртэхнічнай меліярацыі ў ААТ “Таргуны”, ААТ “Бягомльскае” і ДП “АграСітцы”.

Сельгасарганізацыі працягваюць раскарчоўваць старыя пладовыя сады. Сёлета гэту работу неабходна выканаць на 47 гектарах. Адна з важнейшых задач перад работнікамі сельскагаспадарчай галіны – знос аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца. Так, у 2024 годзе разабраны комплекс збудаванняў у Пугачове, памяшканне для сена ў Свірках, аварыйнае збудаванне ў Беразіне, склад мінеральных угнаенняў у Гарадзішчы, будынак зернясклада ў Варганах і іншыя аб’екты.

У 2024 годзе пад новае будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў прадастаўлена 10 участкаў плошчай 2,37 гектара. Ад выдзялення дадатковых участкаў для будаўніцтва ў бюджэт паступіла 13 677 рублёў.

У Докшыцкім раёне праведзена суцэльная інвентарызацыя земляў. Выяўлена 247 фактаў самавольнага заняцця ўчасткаў: 81 – у 2022 годзе, 115 – у 2023-м, у 2025-м – 11 фактаў. Кожнаму землекарыстальніку былі накіраваны апавяшчэнні, у якіх указвалася, што неабходна з заявай звярнуцца ў райвыканкам альбо сельвыканкам і ўзаконіць самавольна заняты ўчастак.

Рэалізацыя, выручка і прыбытак

У эканоміцы Докшыцкага раёна занята больш за  7,7 тысячы чалавек. За першае паўгоддзе забяспечаны рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, паслуг на 13,9 працэнта. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі ўзрос у 2,4 раза і склаў 6,7 мільёна рублёў.

– Канчатковы фінансавы вынік па раёне станоўчы, – адзначыла ў сваёй справаздачы намеснік старшыні райвыканкама Марына Клімовіч. – Атрыманы чысты прыбытак у памеры 12 мільёнаў рублёў, што ў 2,2 раза перавышае ўзровень мінулага года. У выніку работы прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі забяспечана выкананне 12 з 16 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў раёна склалі 81 працэнт. Выручка ад рэалізацыі ўзрасла на 2,3 працэнта, а чысты прыбытак склаў амаль мільён рублёў. Стратных прадпрыемстваў няма. Забяспечаны рост інвестыцый у асноўны капітал на 63,4 працэнта да ўзроўню мінулага года.

ААТ “Завод “Ветразь” набыў аўтамабіль МАЗ з прычэпам коштам 425 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, аб’яўлены паўторны тэндар на закупку абсталявання для вытворчасці поўнага цыклу кнопкі ліфта. Аб’ём інвестыцый складзе 1,8 мільёна рублёў.

Не здае пазіцый і докшыцкі хлебазавод. У кастрычніку плануецца набыццё лініі па вытворчасці венскіх вафляў. У верасні – аўтамабіля для дастаўкі хлебабулачных вырабаў.

Што тычыцца сельскагаспадарчай галіны, то за сем месяцаў валавая вытворчасць малака ўзрасла па раёне на 1,4 тысячы тон і склала 24,5 тысячы тон. Узровень мінулага года не забяспечаны толькі ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Надой на адну карову па раёне склаў 2672 кілаграмы малака. Вышэй за сярэднераённы паказчык атрыманы надой у ААТ “Бягомльскае”, ААТ “Таргуны” і ДП “Гняздзілава-Агра”.

У чэрвені – ліпені ў сельгасарганізацыі паступіла 13 зернеўборачных камбайнаў (9 – за кошт сродкаў абласнога бюджэту і 4 – за кошт уласных сродкаў ААТ “Таргуны”), а таксама кормаўборачны камбайн, трактар МТЗ-82, два культыватары, сеялка для пасеву кукурузы, раскідвальнік для цвёрдых мінеральных угнаенняў і іншае прычапное абсталяванне.

Будаўнічымі арганізацыямі ў першым паўгоддзі атрымана выручка ад рэалізацыі прадукцыі на 14,7 працэнта большая, чым у 2024 годзе. Рэнтабельнасць продажу склала 13,1 працэнта.

Асноўная ўдзельная вага па знешнегандлёвых аперацыях прыходзіцца на Бягомльскі лясгас і суб’екты малога бізнесу. У агульнараённым аб’ёме экспарт піламатэрыялаў лясгасам складае 84 працэнты. Астатнія 16 працэнтаў прыходзяцца на суб’екты малога бізнесу, якія экспартуюць лесаматэрыялы і іншыя канструкцыі з драўніны.

У экспарце паслуг 78 працэнтаў прыходзіцца на турыстычныя. Іх аказваюць санаторыі “Баравое” і “Лясное”.

У бягучым годзе захавана станоўчая дынаміка росту заработнай платы (Докшыцкі раён займае 8 месца ў вобласці па яе ўзроўні). Сярэднемесячны паказчык – 1944, 1 рубля.

Найбольшая цякучасць кадраў склалася ў сферы гандлю – 24,4 працэнта, сельскай гаспадарцы – 16,4 працэнта і будаўніцтве – 15,8 працэнта. Найбольшая колькасць звальненняў за студзень – чэрвень 2025 года зафіксавана ў філіяле аблспажыўтаварыства, ААТ “Таргуны” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Разам з тым на партале дзяржаўнай службы занятасці размешчана 362 вакансіі, у тым ліку па рабочых прафесіях – 252.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *