Повар Анна Малей из агрогородка Ситцы набрала больше 10 тысяч подписчиков в ТіkТоk
Стаж сямейнага жыцця Аляксандра і Ганны Малей з аграгарадка Сітцы – трыццаць два гады. Самымі большымі сумеснымі дасягненнямі за гэты час пара лічыць выхаванне трох дачушак, будаўніцтва ўласнымі сіламі свайго дома, рэалізацыю на працы. І, канешне ж, тое, што сям’я ў іх моцная і ў ёй жывуць каханне, узаемаразуменне, павага і цеплыня.
– Мой муж старэйшы за мяне на пяць гадоў, і я пайшла за яго замуж у сямнаццаць, – распавядае Ганна Аркадзьеўна. – Ніводнага разу за ўсё жыццё не пашкадавала аб гэтым: Саша стаў для мяне менавіта тым праславутым надзейным плячом і каменнай сцяной. Дзякую за яго Богу і стараюся, каб і ён быў мною гэтак жа задаволены.
Аляксандр Мікалаевіч, у мінулым работнік ДП “АграСітцы”, вось ужо без малога дзесяць гадоў рупіцца лесаводам у Параф’янаўскім лясніцтве. Кажа, як і ў любой рабоце, ёсць свае цяжкасці, складанасці і свае вартасці, перавагі. Апошніх яму бачыцца больш, таму і не шукае лягчэйшага хлеба і даўжэйшага рубля. Ганна Аркадзьеўна ўжо больш за пятнаццаць гадоў працуе кухарам у сталовай Сітцаўскай сярэдняй школы – і працоўным месцам, і калектывам, і зносінамі з дзятвой вельмі задаволена.
А даведаліся мы пра гэту сям’ю выпадкова – з ролікаў у ТіkТоk, якія штодзённа здымае і выкладвае Ганна. У жанчыны больш за дзесяць тысяч падпісчыкаў, якіх прываблівае душэўнасць, шчырасць аўтаркі, а яшчэ тое, што яна размаўляе на беларускай мове.
– Ведаеце, першыя мае спробы агучвання відэа на рускай мове не прынеслі мне маральнага задавальнення, – прызнаецца суразмоўца. – Нібыта не я гэта была, нейкая штучная, несапраўдная. А загаварыла па-беларуску – і адчула: вось яно, маё! Стараюся весці аповед аб звычайных штодзённых справах, святах, паездках, уражаннях, канешне, на чыстай, літаратурнай мове. Але ж загадзя тэксты не рыхтую, таму не-не і праскочыць у мяне “трасянка”. Ды мае гледачы мяне не крытыкуюць, кажуць, у гэтым ёсць своеасаблівая адметнасць, пікантнасць.
Ганна Аркадзьеўна, якую ў ТіkТоk ведаюць пад імем Аннушка, кажа, што, калі б не падтрымка ўсёй сям’і, не рашылася б на такую авантуру: усё ж такі для гэтага і пэўная смеласць патрэбная, і час, і натхненне. Аляксандр Мікалаевіч, прызнаецца, у яе роліках здымаецца пад настрой, але можа і ідэю падкінуць, і падказаць, як лепш зняць, і дапамагчы ў здымках. Ну а дочкі ўжо ўсе дарослыя, жывуць у сталіцы, таму толькі падпісаны на маму і выказваюць ёй сваё захапленне.
Якія яны яшчэ, Малеі? Дружныя. Пасля работы за традыцыйным кубачкам кавы расказваюць адно аднаму, як прайшоў дзень, і плануюць справы на вечар. Любяць займацца чым-небудзь разам, а заняткаў такіх шмат, бо і гаспадарка ёсць, і дом з падворкам у парадку трымаюць. Найбольшае захапленне Ганны ўсё-такі не блогерства, не кветкі, а гатаванне. “Для кагосьці рыхтаваць святочны стол пакута, а для мяне найвялікшае задавальненне, – дзеліцца. – Накрыць прыгожа, з рознымі дэкаратыўнымі элементамі – проста кайфую ад гэтага!” Яшчэ сужэнцы – шчырыя вернікі, імкнуцца не прапусціць ніводнай нядзельнай імшы ў касцёле, дзе б самі ў гэты час ні знаходзіліся – ці ў Глыбокім, ці ў Мінску… Агульнае захапленне – падарожжы. Абое лёгкія на пад’ём, могуць сёння вырашыць, што паедуць у Браслаў ці на Нарач, і заўтра паехаць. Апошняя вандроўка Малеяў – у Гродна. На наступны год плануюць з’ездзіць у Пецярбург.
– Я не чытала ніколі кніг па псіхалогіі сямейнага жыцця, – заўважае напрыканцы размовы Ганна Аркадзьеўна, – але, як здаецца, крытэрыем таго, што мы з Сашам жывём правільна, з’яўляюцца словы нашых дачушак: мы хочам, каб нашы сем’і былі такімі, як у вас з татам. У старэйшай так і атрымалася, цешымся ўсе маленькай унучачкай. Прашу Бога, каб шчаслівым стаўся сямейны лёс і ў малодшых.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара і з асабістага архіва.