Прокурор Докшицкого района рассказал о борьбе с коррупционными преступлениями

IMG_2130

На Віцебшчыне назіраецца рост карупцыйных злачынстваў. Якім чынам адбываецца барацьба з гэтай заганай, расказвае пракурор раёна Ян Сасноўскі.

– Ян Іванавіч, якіх прынцыпаў прытрымліваюцца праваахоўнікі, змагаючыся з карупцыяй?

– Сярод іх празрыстасць дзеянняў дзяржаўных органаў, эфектыўнасць кантрольных і наглядных працэдур, а таксама непазбежнасць адказнасці ў выпадку парушэння заканадаўства. У залежнасці ад наступстваў устаноўлена крымінальная, адміністрацыйная, дысцыплінарная і грамадзянска-прававая адказнасць.

– Што гаворыць статыстыка?

– Нягледзячы на невялікую ўдзельную вагу карупцыйных фактаў у адносінах да агульнай колькасці ўчыненых злачынстваў на Віцебшчыне, назіраецца іх рост. Калі ў 2024 годзе адбылося 69 злачынстваў такой катэгорыі, то ўжо за першае паўгоддзе 2025-га – 50.

– Якія віды карупцыйных злачынстваў пераважаюць у вобласці?

– Крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і хабарніцтва. Найбольш схільныя да карупцыйных праяў сферы сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Службовыя асобы прадпрыемстваў названых галін сістэматычна фігурыруюць у зводках праваахоўных органаў.

Напрыклад, у бягучым годзе асуджана намеснік дырэктара Дубровенскага льнозавода, якая за вырашэнне пытанняў па нечарговай адгрузцы прадукцыі ў адрас камерцыйных структур прымала хабар. Пры гэтым грашовыя памеры залежалі ад аб’ёмаў адгружанай прадукцыі і па асобных эпізодах даходзілі да 3000 долараў.

У мінулым годзе былы начальнік аддзела маркетынгу і збыту Полацкага малочнага камбіната асуджана за хабар у памеры 1500 долараў за станоўчае вырашэнне пытання па рэалізацыі прадукцыі.

Пагаршаецца сітуацыя ў сельскай гаспадарцы. Сёлета ўстаноўлены шматлікія злачынствы, учыненыя службовымі асобамі пры вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі, утрыманні буйной рагатай жывёлы. Толькі за апошнія тры месяцы па выніках праверак, праведзеных па даручэнні Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, у вобласці распачаты 34 крымінальныя справы. У гэтым спісе значыцца і Докшыцкі раён.

Асаблівай увагі патрабуе сфера закупак тавараў (работ, паслуг), паколькі практычна палова хабараў перадаецца пры іх правядзенні, выкананні дагавораў, аказанні іншага заступніцтва камерцыйным структурам.

– Наколькі суровае пакаранне чакае карупцыянераў?

– Для супрацьдзеяння карупцыі прымаюцца дастаткова жорсткія меры. Крымінальным кодэксам прадугледжаны санкцыі, якія дасягаюць да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, здабытай злачынным шляхам, і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Да прыкладу, прыгаворам суда дырэктару Віцебскага машынабудаўнічага завода “Ноўмаш” за прыняцце хабару ў суме 30 000 долараў прызначана пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Аналагічнае пакаранне было прызначана і інжынеру прыватнага прадпрыемства “Сістэмы і тэхналогіі”, які садзейнічаў ва ўчыненні дадзенага злачынства.

Немалаважна, што асобы, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы, не вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотнай кампенсацыяй урону, выплатай даходу, атрыманага злачынным шляхам, а таксама ў адносінах да іх не прадугледжана ўмоўна-датэрміновае вызваленне ці замена неадбытага пакарання на больш мяккае.

– Вылучыце прычыны росту распачатых крымінальных спраў аб карупцыі.

– Вынікі нагляднай дзейнасці пракурораў сведчаць аб істотных недахопах у рабоце дзяржаўных органаў і арганізацый па падборы і расстаноўцы кадраў, павышэнні прафесійнага ўзроўню і ўдасканаленні маральных якасцей работнікаў. Нярэдка на кіруючыя пасады прызначаюцца асобы, якія маюць нізкі ўзровень правасвядомасці і маральнасці.

Мае месца ігнараванне прадугледжаных заканадаўствам прафілактычных механізмаў, накіраваных на ўстараненне прычын і ўмоў карупцыі, не забяспечаны кантроль кіраўнікоў за дзейнасцю падначаленых, адсутнічае сістэмны падыход да правядзення ідэалагічнай работы.

Ніна КРУКОВІЧ.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *