Три старших комбайнера ОАО «Торгуны» намолотили по 2000 тонн зерна
Тры старшыя камбайнеры ААТ “Таргуны” намалацілі па 2000 тон збожжавых. Першым такога выніку дасягнуў Вячаслаў Аніковіч, а ў хуткім часе да яго далучыліся Юрый Малюжанец і Аляксандр Трус (на здымку злева направа).
Па стане на 2 верасня ў раёне з 17 783 гектараў, адведзеных сельгаспрадпрыемствамі пад збожжавыя і зернебабовыя, гэтыя культуры ўбраны на плошчы 15 796 гектараў, што складае 88,8 працэнта. Практычна завяршылі жніво ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і ДП “Гняздзілава-Агра”, на фінішнай прамой ДП “АграСітцы”. Днямі да немалой кагорты тысячнікаў далучыліся яшчэ шэсць экіпажаў камбайна.
Чарговы раз выехаў на палеткі сельгасарганізацый з прыемнай місіяй ушанавання перадавікоў жніва старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч. У ААТ “Барсучанка” віншаванні ад прафсаюзнага лідара і дырэктара гаспадаркі Сяргея Маскалёнка прымаў старшы камбайнер Вадзім Ламановіч. Былы работнік “Барсучанкі”, Вадзім Стафанавіч зараз працуе ў ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, але штогод у гарачую пару ўборачнай спяшаецца на дапамогу.
Набралі абароты і “капітаны караблёў палёў” у райаграсэрвісе. Словы падзякі гучалі ў адрас старшых камбайнераў Аляксандра Судніка, Яўгена Машко, бацькі і сына Вячаслава і Юрыя Кавалёнкаў. “Каб гэтыя хлопцы ды не сталі тысячнікамі? Ведаю толькі адзін фактар, які мог бы паўплываць на адмоўны вынік, – нізкая ўраджайнасць. Усё астатняе ім па сіле”, – адзначыў Васіль Васюковіч.
У ААТ “Бягомльскае” заслужаную ўзнагароду прымаў Дзмітрый Дударонак, у ААТ “Таргуны”, якое лідзіруе па колькасці перадавікоў, – Павел Рудзько. Ці папоўніцца спіс, які на сённяшні дзень больш чым салідны, 22 тысячныя намалоты і тры дзвюхтысячныя, новымі героямі жніва? Ёсць надзеі, а галоўнае, у гэтых надзей закладзены падмурак.
Даведачна: Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых у раёне складае 27,5 цэнтнера з гектара. Самы значны ўнёсак у гэты годны вынік зрабілі ААТ “Таргуны”, дзе на сённяшні дзень на плошчах больш чым 4000 гектараў вырашчаны ўраджай у сярэднім 31,4 цэнтнера з гектара. Вышэйшы за раённы паказчык і ў ДП “АграСітцы” (29,8 ц/га). Варта адзначыць, што сваёй працай могуць ганарыцца і ў астатніх сельгаспрадпрыемствах: ураджайнасць у ААТ “Бягомльскае” складае 26,8 ц/га, у райаграсэрвісе – 26,5 ц/га, КУП “Докшыцкі” – 26,1 ц/га, ДП “Гняздзілава-Агра” і ААТ “Барсучанка” – 24,6 і 24,1 ц/га адпаведна.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.