В объективе «РВ» – докшичанин Назар Алиев
Сёння ў фотааб’ектыве “РВ” дакшычанін Назар Аліеў. У грамадскім жыцці – дзевяцікласнік першай гарадской школы, вядомы нашым чытачаМ як неаднаразовы прызёр абласных і рэспубліканскіх IT-чэмпіянатаў, у жыцці духоўным – званар храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Як чатырнаццацігадовы юнак сумяшчае дзве гэтыя рэчы і ці застаецца ў яго час на дзяцінства? Пра гэта і не толькі, у размове з сучаснікам.
– Назар, пачнём з пытанняў рытарычных. Хто прывёў цябе ў храм і што цябе там зачапіла?
– У гэтым першачарговая заслуга двух людзей. Канешне, маёй мамы, Алены Андрэеўны, якая пастаянна падводзіла да прычасця. Трэба сказаць, што дашкольнікам я быў вельмі актыўным, мяне ўсё цікавіла, усюды хацелася патрапіць, усё памацаць, як кажуць, сваімі рукамі. Матуля жартуе, што кожны раз прасіла Бога не толькі ахоўваць мой шлях, але і супакойваць свавольствы. Потым бацькі адправілі мяне ў нядзельную школу, якая базіруецца ў дзіцячай бібліятэцы. Ну а ўжо нашы настаўнікі часта вадзілі ў храм. Там я і пазнаёміўся з назаўжды дарагім майму сэрцу чалавекам і святаром айцом Георгіем, які ў сваю чаргу, зразумеў мой характар і знайшоў правільныя словы і падыход. Памятаю, як хваляваўся, калі першы раз нам даверылі адказную місію – сустракаць Уладыку. Вельмі паладзілі мы і з айцом Паўлам. Мне падаецца, што ён добра адчувае моладзь і далікатна дае трапныя парады.
– А што ты думаеш пра такое меркаванне, быццам моладзь, прыбліжаная да храма, нейкая асаблівая?
– Калі вы маеце на ўвазе, што ціхая і спакойная, не цікавіцца нічым акрамя службы ў хараме, то гэта не так. Паглядзіце на мяне (смяецца). Наўрад ці я спакойны падлетак. Люблю інфарматыку, займаюся з настаўнікам Анатоліем Юльянавічам Стадольнікам, удзельнічаю ў профільных конкурсах. За гэтыя вынікі тры разы пашчасціла адпачыць у “Зубронку”! Пэўны час наведваў заняткі па авіямадэляванні ў Цэнтры дзяцей і моладзі. Кожны раз удзельнічаю ў Фестывалі праваслаўнай моладзі, завёў шмат сяброў з розных куткоў вобласці і краіны. Лічу, што праваслаўная моладзь нічым не адрозніваецца ад іншай моладзі, за выключэннем таго, што мы разам збіраемся памаліцца ці папрацаваць на славу Божую.
– Назар, а як ты стаў званаром?
– Калакольны звон зачароўваў мяне заўжды. А калі прыслужваў у нашым храме і мне дазволілі падняцца на званніцу, пераадолеўшы гэтыя 33 прыступкі і апынуўшыся на вышыні прыкладна роўнай чатырохпавярховіку, захапленню майму не было межаў. Стаў шукаць відэа, каб лепш разабрацца ў гэтай справе. Спачатку проста дзеля інтарэсу, пакрысе пачаў трэніравацца, падбіраць гукі пад кожную канкрэтную службу. Затым даведаўся, што ў Маскве ёсць анлайн-школа Ільі Драздзіхіна. Паступіў, вывучыў тэорыю. Выконваў практыку, пра што адпраўляў відэасправаздачы выкладчыку. І, нарэшце, атрымаў дакумент аб тым, што зараз я афіцыйна магу звацца званаром. Радасці маёй не было межаў. Але ўсё роўна яшчэ дадаткова вучуся самастойна тэхніцы звону па відэаўроках. Аснова ёсць, астатняе залежыць ад чалавека. Так кажа мой тата. І гэта праўда. Крыху больш за год узнімаюся на званніцу ў нашым храме ў якасці званара. У Докшыцах восем званоў. Самы вялікі – благавест, тры сярэднія – падзвонныя і чатыры малыя – зазвонныя. Пашчасціла пабываць на званііцах храмаў у Гродне, Полацку, арг. Ставы Брэсцкай вобласці і іншых.
На гэтым нашу размову з юным званаром завершым. І звернемся да знакаў і сімвалаў, якімі напоўнена жыццё кожнага чалавека. Імя гэтага хлопца абазначае “прысвечаны Богу”. Як складзецца яго прафесійны лёс, пакажа час. Але тое, што жыць ён будзе па законах сумлення і з Богам у сэрцы – відавочна. Ну, а калі казаць пра мары надзённыя, то днямі дакшычанін плануе ўдзельнічаць у фестывалі званароў пад Мінскам . Летам юнак ужо ўдзельнічаў у такім фэсце ў Полацку. Пажадаем яму плёну і Божай дапамогі.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.