Жемчужина Докшицкого благочиния Свято-Покровская церковь этим летом засияла во всей своей величественной красоте

IMG_5835

Пярліна  Докшыцкага благачыння Свята-Пакроўская царква  гэтым летам пазбавілася апошніх будаўнічых рыштаванняў і заззяла ва ўсёй сваёй велічнай прыгажосці не толькі ў пераносным, але і прамым сэнсе. Хто яшчэ не бачыў, то раю наведацца да храма вечарам, каб палюбавацца  крыжамі на яго купалах, якія дзякуючы штучнай падсветцы як бы  лунаюць у паветры.

Аб’ёмная праца па рамонце даху храма, якую некалі распачаў протаіерэй Георгій Мялешка, завяршылася рамонтам званіцы. Новыя фарбы асвяжылі браму, а тэрыторыю вакол храма  ўпрыгожылі шматлікія кветкі. Таксама ўстаноўлены туалет.

– Яшчэ ў алтары зрабілі касметычны рамонт, – распавядае клірык Свята-Пакроўскай царквы Павел Іоська. – Ёсць планы і на далейшае. Іх заўсёды бласлаўляе і падтрымлівае  настаяцель нашага храма епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій.  Дасць Бог, усе іх зможам увасобіць у жыццё. Кожны храм мае патрэбу ў дапамозе не толькі грашовай, але і рукамі, працай, часам. У нас шмат памочнікаў сярод вернікаў, якія добрасумленна і старанна, выкарыстоўваючы свае здольнасці, дадзеныя Богам, падтрымліваюць парадак у царкве і вакол яе, прыбіраюць могілкі. А кветкаводствам, напрыклад,  заняліся маладыя працаўнічкі Святлана Валодзькіна, Сняжана Малюжанец, Святлана Жызнеўская. Ім шчыра дапамагаюць прыхаджанкі больш сталага веку. Сёлета яны ўнеслі шмат новага і ва ўнутранае ўбранства храма да калядных свят, да дня Святой Тройцы. Вітаецца любая ініцыятыва і дапамога ў славу Божую.

Пачын дзяўчат натхніў выкладчыкаў нядзельнай школы прыхода, яе вучняў і іх  бацькоў. Сабралі грошы, набылі матэрыял, саджанцы, расаду, працавалі некалькі дзён – і вось ужо дзве клумбы ля ўваходу ў царкву  радуюць  самае прыдзірлівае эстэтычнае вока сваёй непаўторнай прыгажосцю. Зробленае падштурхнула на далейшую працу.  Прыдумалі стварыць дзіцячую пляцоўку. Будзе дзе займацца маленькім вернікам, пакуль бацькі знаходзяцца на службе ў храме. За вельмі кароткі тэрмін прыладзілі коўзанку, паставілі і пафарбавалі арэлі.

– Ведаеце, пасля таго як талакой выконваецца справа, што прыносіць карысць людзям, на душы становіцца лёгка і светла,  у ёй пасяляецца дабрадзейнасць. І тады хочацца працаваць больш і больш, – прызнаецца загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі і па сумяшчальніцтве выкладчыца нядзельнай школы Алена Гудзь. – Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамагаў увасобіць задуманае.

IMG_0332 photo_2025-09-03_14-18-04 photo_2025-09-03_14-18-31

 Т. Альшэўская, г. Докшыцы.

Фота аўтара і Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *