Жительница деревни Крипули Лидия Коляго является инициатором многих проектов по благоустройству

IMG_0869

Руплівай пчолкай і энерджайзерам старшыня Крыпульскага сельскага Савета дэпутатаў Іван Лакуцэвіч называе адну са сваіх шчырых памочніц, жыхарку вёскі Крыпулі Лідзію Каляга, якая не толькі не застаецца ў баку ад любой распачатай справы па добраўпарадкаванні, але без ніякіх просьбаў часта бярэ на сябе клопат па арганізацыі тых спраў.

– З малых гадоў, мабыць, ува мне гэта закладзена – клапаціцца пра іншых і не быць абыякавай да ўсяго, што адбываецца вакол, – падзялілася падчас сустрэчы Лідзія Міхайлаўна. – Тата ў нас быў інвалідам, і мы, дзеці, апекаваліся над ім, дапамагалі, чым маглі, прадугадваючы яго жаданні і просьбы наперад. Ну і далей так пайшло, што чужых людзей не існуе, тым больш што тут я нарадзілася і жыву ўсё жыццё. Да мяне з дабром – імкнуся тым жа ўдвайне адплаціць. Нават калі і не з дабром… Важна ж, што ты сам у гэты свет нясеш, праўда? Ніколі і нікому не магу адмовіць, аб чым бы ні папрасілі.

У свае шэсцьдзясят сем суразмоўца рухавая і актыўная настолькі, што не кожнай маладой дзяўчыне пад сілу. Заспелі жанчыну за прыгатаваннем святочнага стала – чакала праз пару гадзін прыезду ўнукаў. Дык проста гарэла ўсё ў яе руках: ці не чатыры стравы адначасова гатавала, а на пліце яшчэ штось сквірчэла і булькацела. І такая яна ва ўсім. На веласіпедзе, заўсёдным сваім транспарце, ганяе толькі так, і больш па справах грамадскіх, чым асабістых. Амаль два дзесяцігоддзі таму менавіта Лідзія Міхайлаўна стала ініцыятарам добраўпарадкавання мясцовых могілак, узяла на сябе адказнасць за збор грошай з вяскоўцаў і выхадцаў (а іх жа ўсіх трэба было адшукаць). Клапацілася аб закупцы і дастаўцы будматэрыялаў, аб выдаленні старых дрэў, арганізавала людзей на афарбоўку агароджы. Згніў у вёсцы і паваліўся стары паклонны крыж – Лідзія і гэта не магла спакойна перанесці. Папрасіла ў брата трубу на яго аснову, зноў-такі збірала ахвяраванні на выраб самога крыжа, клапацілася аб устаноўцы. Фарбаваць яго ўзялася сама – дапамаглі МНСнікі з аўтакаленчатым пад’ёмнікам. Смяецца, страшнавата было працаваць на вышыні, але ж пераадолела страх для Божай справы.

Са старога прадуктовага павільёнчыка ў Крыпулях зроблена каплічка – наша гераіня і тут не засталася ўбаку. Раней у каплічку прыязджаў праводзіць малебны айцец Георгій, а зараз раз у два тыдні гэта робіць айцец Віктар Гмір. Лідзія Каляга і яму верная памочніца: захоўвае і прадае прыхаджанам свечкі, крыжыкі, царкоўную літаратуру, трымае з бацюшкам сувязь у вырашэнні самых розных пытанняў. Як і са старшынёй сельвыканкама.

– Любая агульная справа, на якую склікаем вяскоўцаў, – і Міхайлаўна ў першых радах, – папрасіў абавязкова адзначыць Іван Лакуцэвіч. – Часта і клікаць не трэба: выйшлі парадак наводзіць у чацвер – тут і памочніца наша з мятлой ці матыкай. Свята вёскі без яе актыўнага ўдзелу таксама не абыходзіцца. Вобразна кажучы, яе хата ніколі не бывае з краю. Як не паважаць, не любіць такога чалавека?

Яе жыццёвы шлях не быў лёгкім. Самае балючае, што не лечыць і ўсемагутны час, – пахавалі з мужам маленькага сына, а муж таксама пайшоў з жыцця заўчасна, у першую хвалю ковіду. Пра гэта яна, такая сонечная, іскрамётная, не можа гаварыць без слёз. Пра ўсе ж астатнія цяжкасці ў лёсе распавядае лёгка і без самоты ці жалю. На пытанне, кім давялося працаваць, адмахваецца са смехам: “Ой, так жыццё складвалася, што ўся працоўная кніжка спісана, як у таго п’яніцы…” Вучыцца не было магчымасці, таму пасля школы Ліда пачала працоўны шлях вязальшчыцай у трыкатажным цэху ў Докшыцах. Там яе перавялі на касіра – кажа, падабалася работа. А тут здарылася каханне, замужжа – і вось яна ўжо ў пральні ў Крыпулях. Пра школу светла ўспамінае – там рупілася кухоннай рабочай у сталовай. Нейкі час была малаказборшчыцай – можна ўявіць, як было штодзень цягацца з саракалітровымі бітонамі жанчыне зусім не моцнага целаскладу… Пайшла ж на пенсію з паштовага аддзялення. Там, згадвае, вельмі выручаў двухколавы сябар ровар – на ім у любую пару года за дзень рабіла круг у 25 кіламетраў з цяжкай сумкай ды яшчэ адным-двума мяхамі камбікорму на продаж.

Зараз Лідзія Міхайлаўна жыве разам з братам – чаго, справядліва заўважае, ім сядзець па адным у сваіх дамах? Часта адведваюць дочкі, унукі і ўнучкі. У нашай гераіні вялікая радня, і для ўсіх расчынены дзверы яе гасціннага дома. А галоўнае – для ўсіх шырока раскрыта яе любячае сэрца.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *