Коренной витебчанин нашел свое счастье в Докшицах. Человек года Витебщины хирург Иван Шингарев

photo_2025-11-20_11-00-33 с

Иван Шингарёв. Портрет Хирурга и Человека.

Заведующий хирургическим отделением Докшицкой ЦРБ Иван Шингарёв в представлении не нуждается. Фамилию этого талантливого доктора и неравнодушного человека знают, наверное, все, кто хотя бы однажды посещал райбольницу. Несмотря на молодой возраст, за 13 лет работы в районе коренной витебчанин заработал, как кажется, самые главные составляющие честной жизни: уважение, имя, авторитет. Талончики к нему на прием разлетаются мгновенно, к мнению врача прислушиваются, а рукам доверяют самое ценное – здоровье и жизнь.

Журналистская встреча с героем могла состояться намного раньше, однако раза четыре переносилась по исключительно объективным причинам: востребованный хирург практически постоянно на работе. Когда же, как говорят, звезды сошлись, пообщаться пришлось о многом: пути в профессию, месте силы и корнях, профессиональном выгорании и его преодолении, семье и мечтах. Диалог был долгий, интересный, глубокий. А потому позволю ответы героя дополнять собственными репликами. Исключительно для полноты восприятия портрета «Человека года Витебщины», звание которого хирург получил в этом году.

– Іван Міхайлавіч, выбар прафесіі, безумоўна, уплывае на далейшы лёс чалавека. Але ж падлетку так цяжка вызначыцца з гэтым самым выбарам. Вы доўга вагаліся перад паступленнем у медыцынскі?

– Спачатку не разглядваў такі варыянт зусім. Вучыўся ў ліцэйскім класе з англійскім ухілам. Мова давалася добра, і кірунак мой, напэўна, быў прадвызначаны, каб не ўплыў матулі Ірыны Савельеўны, якая ў старшых класах стала далікатна заводзіць гутаркі пра прафесію ўрача. Справа ў тым, што мама, хаця і працавала настаўніцай, вельмі цікавілася медыцынай, шмат чытала і разумела пра ўздзеянне прэпаратаў, і ўвесь наш блізкі круг, матуліны сяброўкі звярталіся да яе па слушную параду ў лячэнні.

Ад аўтара. Наступнай у гэтай гісторыі магла быць прыгожая карцінка, як выпускнік ліцэйскага класа становіцца студэнтам медуніверсітэта, аднак лёс вырашыў выпрабаваць юнака, што называецца, на вернасць памкненням. Дык вось з выбарам прафесіі Іван Шынгароў вызначыўся толькі ў адзінаццатым класе, вырашыўшы, што профільныя хімію і біялогію ён падрыхтуе за кароткі час і выключна самастойна. Для паступлення з першага разу не хапіла зусім крышку балаў. Хлопец мог бы на год застацца дома і падцягнуць прадметы, аднак ён прымае рашэнне паступаць у медкаледж і ўжо праз два гады з дыпломам фельчара-лабаранта без асаблівых цяжкасцей здае ўступныя іспыты ў такі жаданы ВДМУ.

– Вучоба ў медкаледжы не адбіла жадання быць урачом?

– Наадварот. Зараз я ўдзячны лёсу за вопыт і навыкі фельчарскай працы. Гэтыя веды і напрацоўкі вельмі спатрэбіліся, калі на другім курсе ўніверсітэта паралельна ўладкаваўся на работу ў бальніцу. Хацелася і практыку мець, і капейчына лішняй ніколі не была для любога студэнта.

Ад аўтара. Да партрэта доктара трэба дадаць і той факт, што працаваў у бальніцы ён да заканчэння ўніверсітэта. Прызнаецца, што быў у гэтым памкненні і залішні юнацкі максімалізм, бо здароўя начныя дзяжурствы не дадаюць. Але ж на вучобе гэта не адбілася – перад заканчэннем ВДМУ сярэдні бал у будучага хірурга імкнуўся практычна да дзявяткі, што, як вядома, вельмі ўплывае ў медыцынскім асяроддзі на права вызначэння спецыялізацыі.

– Выбіраючы профіль, вагаўся паміж хірургам і анестэзіёлагам, – працягвае аповед Іван Шынгароў. – І зараз аднолькава захапляюць абодва кірункі медыцыны.

– Не хацелася застацца ў Віцебску?

– Можа і хацелася, але, відаць, Докшыцы – горад майго прафесійнага і чалавечага лёсу.

Ад аўтара. Вяртаючыся да лёсу: тут таксама цікавая і вельмі рамантычная гісторыя. Калі малады хірург даведаўся, куды яго размяркоўваюць, захацелася зразумець, што за мясцовасць, і пазнаёміцца з тымі маладымі спецыялістамі, якія таксама едуць у Докшыцы. І ён, што называецца, кінуў кліч у сацыяльных сетках. Знаёмыя далі кантакты выпускнікоў, размеркаваных туды ж. Малады чалавек патэлефанаваў па адным з нумароў. Трубку зняла дзяўчына, якая закончыла медкаледж, – яна прадставілася Веранікай. Першы тэлефонны званок, першае спатканне ў красавіку 2012 года – і вяселле ў верасні. Так што адзін тэлефонны званок звёў два прадвызначаныя адно аднаму сэрцы, а Докшыцкая ЦРБ займела сямейную пару маладых спецыялістаў. Зараз Вераніка Шынгарова працуе ў рэанімацыйным аддзяленні, аднак вельмі многія пацыенты добра ведаюць гэту прыязную медсястру з нязменнай шчырай усмешкай па працэдурным кабінеце, бо яна не менш таленавітая ў сваёй прафесіі, чым муж. Справа ў тым, што Вераніка мае вельмі “лёгкую руку” і можа падкалоць нават самыя схаваныя вены так, што болю не адчуеш і знаку не застанецца.

Іван Шынгароў з жонкай Веранікай і дачкой Алінай.

Іван Шынгароў з жонкай Веранікай і дачкой Алінай.

– Іван Міхайлавіч, адна справа – ардынатура, напрыклад, у абласной БСМД і другая – работа ў раённай бальніцы, дзе і тэхнічныя магчымасці другія, і кола абавязкаў часта не мае меж.

– З аднаго боку яно так, а з другога – гэта рознасць задач загартоўвае і дапамагае паглядзець на нашу прафесію пад іншым вуглом. Па-першае, у мяне не было аднаго настаўніка ў хірургіі. Спецыялісты нашага профілю па розных жыццёвых абставінах у ЦРБ час ад часу змяняліся, і я пакрысе вучыўся ад кожнага з іх рознаму. У асабліва складаных, крызісных для чалавечага жыцця сітуацыях, калі пацыенты былі нетранспартабельнымі, нам на дапамогу прыходзілі хірургі з абласных, а часам і рэспубліканскіх клінік. І гэтыя некалькі гадзін каля аперацыйнага стала побач з вузкапрофільнымі хірургамі расшыралі мой прафесійны гарызонт нашмат больш, чым тыдзень тэорыі на курсах павышэння кваліфікацыі, хаця і ў гэтай форме навучання мы маем вялікую патрэбу. Па-другое, кругаварот пацыентаў на прыёме і ў аддзяленні дазваляе шмат зразумець пра жыццё і чалавечыя лёсы, выцягвае на паверхню эмпатыю. І часам, калі на некалькі гадзін прыёму вызначана, скажам, дваццаць талонаў, і ў дзверы нясмела грукае які-небудзь трыццаць сёмы пацыент, а цябе вось ужо гадзіну-дзве чакаюць у аддзяленні, хочацца сказаць: “Прыходзьце, калі ласка, заўтра”. А потым, калі глядзіш у картку на адрас і разумееш, што бабуля прыехала на ранішнім аўтобусе, прапусціла ўсіх у чарзе, а дадому дабярэцца толькі пад вечар, прыём абавязкова працягваеш. Па-трэцяе, працуючы ў раёне, дакладна ведаеш, што ўсе твае прафесійныя ўдачы, як, дарэчы, і памылкі, без якіх, я ўпэўнены, не адбываецца станаўленне ніводнага доктара, навідавоку. Так на душы цёпла, калі зусім незнаёмыя людзі вітаюцца ў краме. Міжволі разумееш, што гэта твае пацыенты, калі падыходзяць, каб шчыра спытаць, як справы.

Ад аўтара. Доктар Шынгароў падаўся чалавекам надзвычай сціплым. Ён не імкнецца да залішняга пафасу і ўвагі. Што тычыцца ўшанавання яго справы ганаровым званнем “Чалавек года Віцебшчыны”, то да гэтага аспекту перспектыўны хірург ставіцца вельмі самакрытычна, адзначаючы, што ведае шмат калег, якія сваёй працай у аперацыйнай штодня даказваюць не меншую прафесійную годнасць. Хочацца парыраваць доктару. Так, дзейнасць кожнага вузкапрофільнага спецыяліста заслугоўвае ўвагі і прызнання. Толькі не меншага прызнання заслугоўвае работа маладога перспектыўнага хірурга, які больш за дзесяць гадоў узначальвае аддзяленне ў раённай бальніцы, пры гэтым пастаянна аперыруе, вядзе прыёмы, у любы час сутак бяжыць у прыёмны пакой па першым запатрабаванні, бо раён у нас транзітны і на адной толькі дарозе хапае розных здарэнняў, не кажучы ўжо пра бытавыя траўмы. Дык вось гэты хірург не кінуў сваёй справы, памкнуўшыся за лепшай прапановай ці большым рублём. Каму, як не такому доктару, быць ушанаваным?

– Пагутарым пра прафесійнае выгаранне. Чым асабіста вы напаўняеце батарэйку сваёй душы і дзе ваша месца сілы?

– Пачну адказваць з канца. Я 25 гадоў пражыў у Віцебску ў бацькоўскай кватэры, і самыя цёплыя ўспаміны звязаны з невялікай вёсачкай Добрына непадалёк ад абласнога цэнтра, дзе праводзіў дзяцінства. Аднак зараз маё месца сілы – гэта мой дом, наша тэрыторыя, месца, дзе жыве мая сям’я – жонка і дачушка Аліна. Я ўвогуле чалавек сям’і. Мой вялікі боль у тым, што ўжо няма на свеце бацькоў. На жаль, гэта тыповая гісторыя, калі многія медыкі сэрца, час і сілы аддаюць пацыентам, а клопату і ўвагі для сваёй сям’і застаецца па рэшткавым прынцыпе. Матулі няма ўжо больш за дзесяць гадоў. Тата Міхаіл Іванавіч пайшоў з жыцця пазней. Калі ён захварэў і меў патрэбу ў доглядзе, перавёз яго да сябе з Віцебска ў Докшыцы. Гэта хоць крыху супакойвае, калі думаеш, што да апошняй хвіліны мы былі побач. Што тычыцца барацьбы з выгараннем, то з гэтым імкнуся спраўляцца дзякуючы змене дзейнасці. Вырошчваю расліны і кветкі. І гэта хобі развілося менавіта ў Докшыцах. Калі яшчэ жылі ў службовай кватэры, пакрысе стаў цікавіцца зялёнымі гадаванцамі, набываць іх у розных кутках Беларусі і свету. Ну а шэсць гадоў таму, калі пераехалі ў дом, да кватэрнай аранжарэі дадалася безліч вулічных кветак, кустоўя, пладовыя дрэвы.

photo_2025-11-07_18-26-33

Кветкавае хараство Івана Шынгарова.

IMG_5609

Ад аўтара. Раслінны свет сядзібы Шынгаровых і сапраўды захапляе. Асабліва ўражвае тое, як рысы твару доктара, сканцэнтраванага на прафесіі, мякчэюць, калі ён пачынае расказваць пра кожны гаршчэчак сваю гісторыю: як набываў, даглядаў, радаваўся першым кветачкам, якія адценні яны мелі… На пытанне, па якім прынцыпе выбіраюцца расліны, Іван Міхайлавіч адказвае, што для яго вельмі важны…пах. Так, не колер і маштаб цвіцення, а менавіта водар, які зыходзіць нават ад самай невялічкай сцяблінкі. Што тычыцца рэдкіх экзэмпляраў, то многіх насельнікаў аранжарэі Шынгарова не заўсёды знойдзеш у кветкаводаў-аматараў з Беларусі. Сярод любімых раслін доктара шматлікія архідэі, неверагодна прыгожы паўночнаамерыканскі кладрасціс, канадскі цэрцыс, які вельмі нагадвае акацыю, віргінскі гамамеліс, кара, лісты і сцябло якога выкарыстоўваліся ў народнай медыцыне. А чаго толькі каштуе духмянасць бэзу, якога на ўчастку больш за дзесяць відаў і які так любіла маці героя…

Так што, як жартуе Іван Шынгароў, ён прыкіпеў да Докшыц не толькі сэрцам, дзякуючы сваім дарагім дзяўчаткам – галоўным людзям у жыцці, але і каранямі – дзякуючы ўсяму таму расліннаму багаццю, якое радуе доктара штодня. А гэта, падаецца, вельмі моцны падмурак. Трымайцеся, доктар, вы так патрэбны сваім пацыентам!

photo_2025-11-07_18-26-33 (2) photo_2025-11-07_18-24-48

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара, з адкрытых крыніц і асабістага архіва героя публікацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *