Два юбилея лаборанта Докшицкой ветстанции Зинаида Кожарнович
Далёка не кожны чалавек можа пахваліцца паўвекавым працоўным стажам. А лабарант бактэрыялагічнага аддзела лабараторыі ветэрынарнай станцыі Зінаіда Кажарновіч, якая неаднаразова адзначалася за добрасумленную працу і бездакорнае выкананне прафесійных абавязкаў, – можа! Як і павагай і любоўю ўсяго дружнага калектыву ўстановы – гэта несумненна дае стымул у рабоце і цэніцца, як прызнаецца наша гераіня, найвышэй.
Зінаіда Сяргееўна ў гэтым годзе адзначыла два юбілеі: сямідзесяцігадовы жыццёвы і пяцідзесяцігадовы працоўны. Кажа, была вельмі расчулена віншаваннем супрацоўнікаў, а ў дадатак атрымала зарад бадзёрасці і добрага настрою. Варта зазначыць, што і запіс у працоўнай кніжцы гэтай цудоўнай жанчыны толькі адзін. Уяўляеце: паўвека на адным рабочым месцы!
– У маім жыцці ўвогуле шмат стабільнасці, – усміхаецца суразмоўца. – Нарадзілася і вырасла я ў Барсуках, і так склалася, што і жыву там большую частку свайго жыцця за выключэннем непрацяглай “міграцыі” ў Докшыцы. Гэтым таксама задаволена: у вялікі свет ніколі мяне не цягнула, лепшага прытулку найперш для душы, чым родныя мясціны, няма.
Яны праляцелі-прамільгнулі незаўважна, гэтыя дзесяцігоддзі, з таго часу, як юная выпускніца Ільянскага саўгаса-тэхнікума ўпершыню з заміраннем сэрца пераступіла парог ветэрынарнай станцыі і апранула сваю першую рабочую форму – бялюткі накрухмалены халат. Хвалявалася, вядома: ці справіцца з абавязкамі, як прыме калектыў? І з палёгкай уздыхнула, калі зразумела: і работа падабаецца, і старэйшыя калегі да яе з дабрынёй і дапамогай. Сама шчырая, адкрытая, прыязная і памяркоўная, яна вельмі хутка ўлілася ў каманду, у якой зараз ужо старажыл.
Галоўная задача аддзела, у якім працуе Зінаіда Сяргееўна, – дыягностыка бактэрыяльных захворванняў жывёлы, а гэта значыць даследаванне біялагічнага матэрыялу, напрыклад, на сальманелёз, колібактэрыёз. Працуе наша гераіня ўжо шмат гадоў у тандэме з ветэрынарным урачом Віктарам Саковічам, пра якога гаворыць з вялікай павагай і адзначае, што разумеюць яны адно аднаго з паўслова. Дзейнасць лабаранта вымагае, акрамя, зразумела, ведаў, уседлівасці, вялікай акуратнасці, скрупулёзнасці і дакладнасці. Ну і аператыўнае вядзенне рознага роду дакументацыі, у якой таксама павінен быць “ажур”, таксама грань яе абавязкаў.
– Я ж ужо колькі апошніх гадоў рашуча збіраюся пайсці на пенсію, – гаворыць са смехам Зінаіда Сяргееўна. – Планую: пайду ў верасні ў адпачынак, а затым ужо і звольнюся. Зімой стану кнігі чытаць – гэта вельмі люблю, фільмы глядзець. Пацяплее – буду вольна ў агародзе корпацца – у мяне зямлі аж дваццаць сотак, добра, дзеці дапамагаюць трымаць усё ў парадку. Кветак яшчэ больш развяду. З унукамі, іх у мяне чацвёра, болей часу буду праводзіць… І што вы думаеце? Кожны раз мяне адгаворваюць. Віктар Васільевіч дык увогуле катэгарычны: рана, кажа, мне на пенсію па ўсіх паказчыках. Што там за паказчыкі, не ведаю, але Васільевічу давяраю і… зноў падпісваю кантракт. Не буду крывіць душой, пакуль што сама рада сваім рашэнням застацца: ветстанцыя для мяне другі дом, дзе адчуваю сябе патрэбнай, дзе работа звыклая і любімая, дзе камфортна і неяк па-дамашняму спакойна нават у самыя аўральныя дні. Так што яшчэ да верасня папрацую…
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

