Районный этап конкурса профессионального мастерства «Учитель года» состоялся на базе Бегомльской СШ

IMG_0158

У раёне вызначылі настаўнікаў года. Падвядзенне вынікаў раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” адбылося на базе Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча.

Сталі на прыступку вышэй

Усяго ў конкурсе ўдзельнічала восем педагогаў з розных устаноў адукацыі. Яны прадэманстравалі крэатыўнасць пры самапрадстаўленні перад журы на сцэне і пры падрыхтоўцы відэавізітак, прафесіяналізм пры правядзенні адкрытых урокаў у незнаёмых класах і ўласныя напрацоўкі падчас работы педагагічных майстэрань.

За кожным з канкурсантаў стаялі цэлыя каманды ў складзе адміністрацый школ, іншых педагогаў і вучняў. Калегі аказвалі як метадычную падтрымку, так і маральную, а дзеці выступілі разам са сваімі настаўнікамі на сцэне.

У цэлым мерапрыемствы конкурсу атрымаліся цікавымі.

Музычную атмасферу на цырымоніі ўшанавання пераможцаў стваралі выхаванцы Цэнтра дзяцей і моладзі.

Музычную атмасферу на цырымоніі ўшанавання пераможцаў стваралі выхаванцы Цэнтра дзяцей і моладзі.

– Кожны з канкурсантаў – прафесіянал, творчы педагог, яркая асоба і мае свае адметнасці ў прафесійнай дзейнасці, таму вызначыць пераможцаў было вельмі няпроста, – адзначыла старшыня журы, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Кучыц.

Яна выказала шчырую ўдзячнасць канкурсантам за працавітасць, а калектывам устаноў – за зладжаную агульную работу. Разам з тым заўважыла, што прайграўшых у конкурсе няма, бо кожны з удзельнікаў абагаціўся новым вопытам і стаў на прыступку вышэй.

Тым не менш былі вылучаны пераможцы ў кожнай з пяці намінацый, па якіх праводзіўся раённы этап.

Пераможцы

У намінацыі “Малады настаўнік” перамагла прадстаўніца Глінскай СШ Віялета Юхнавец. Настаўніца пачатковых класаў прыступіла да работы толькі ў гэтым навучальным годзе пасля заканчэння ўніверсітэта з чырвоным дыпломам. Граматная, метадычна падкаваная, упэўнена правяла ўрок рускай мовы ў гарадской школе з колькасцю больш за дваццаць вучняў у класе, хаця ў Глінным працуе толькі з двума першакласнікамі. У педагагічнай майстэрні Віялета прадставіла ўласныя інавацыйныя распрацоўкі па выкарыстанні віртуальных экскурсій і інтэрактыўных плакатаў, якія ўжо паспяхова апрабаваны ў некалькіх школах вобласці.

Пераможца намінацыі “Замежная мова” – настаўніца англійскай мовы СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч Марыя Даўнаровіч, якая ў педагогіцы пятнаццаты год. Па характары спакойная, ураўнаважаная, а конкурс адкрыў яе як актыўнага, дзейнага спецыяліста, які ўмела дасягае пастаўленых мэт. Лічыць, што конкурс садзейнічае канструктыўнаму аналізу работы і ў выніку паляпшэнню якасці выкладання прадмета.

У намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” пераможцай прызнана настаўніца СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч Алёна Занько. Яркая, харызматычная, імкнецца захапіць вучняў эмацыянальным выкладаннем беларускай мовы і літаратуры, арыгінальнымі заданнямі, на ўроках стварае цёплую, душэную атмасферу, каб не пакінуць раўнадушным ніводнага з дзяцей. “Вельмі падабаецца мая прафесія”, –прызналася педагог. У роднай школе вучыць ужо пяць гадоў, а да гэтага некаторы час працавала ў Мінску і ў іншых установах Докшыц.

Пераможцы раённага этапу конкурсу Марыя Даўнаровіч, Наталля Лапчык, Вікторыя Падляшчук, Алёна Занько і Віялета Юхнавец (злева направа) разам з начальнікам аддзела па адукацыі Аленай Кучыц.

Пераможцы раённага этапу конкурсу Марыя Даўнаровіч, Наталля Лапчык, Вікторыя Падляшчук, Алёна Занько і Віялета Юхнавец (злева направа) разам з начальнікам аддзела па адукацыі Аленай Кучыц.

Настаўніца СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога Вікторыя Падляшчук адзначана ў намінацыі “Пачатковыя класы”. У прафесіі з 2013 года, знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых метадычных ідэй, укараняе іх у навучальны працэс. “Конкурс даў нам цудоўную магчымасць абмяняцца вопытам, – кажа Вікторыя. – Усе канкурсанты – суперпадрыхтаваныя настаўнікі, і нават у зусім маладых ёсць чаму павучыцца”.

Настаўніца Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча Наталля Лапчык – пераможца ў намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”. Ураджэнка Докшыц, з 2013 года працуе ў Бягомлі, дзе калісьці настаўнічаў і яе тата. Палюбіла пасёлак усёй душой, праніклася яго гераічнай гісторыяй, таму ў конкурснай педмайстэрні з вялікім натхненнем “ажыўляла гісторыю” праз фундаментальную асобу Сцяпана Манковіча – славутага камісара партызанскай брыгады “Жалязняк”, Героя Савецкага Саюза. Гісторыю Наталля абрала для прафесійнай дзейнасці пад уплывам свайго школьнага настаўніка Аляксандра Манукова, таму цяпер і сама імкнецца, каб гэты прадмет стаў такім жа любімым і для яе вучняў. На адкрытым уроку паказвала эфектыўнае ўзаемадзеянне дзяцей у групах і арганізацыю самастойнай вучнёўскай работы.

Маштаб свята

Усе ўдзельніцы адрасавалі самыя добрыя словы за дапамогу калектывам сваіх устаноў. Такім чынам, конкурс сапраўды атрымаўся маштабным і святочным. Канкурсанты былі ўзнагароджаны дыпломамі, а пераможцы атрымалі спецыяльныя статуэткі.

У цырымоніі ўзнагароджання таксама прынялі ўдзел старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Алена Камінская і першы сакратар РК БРСМ Вераніка Норавіч. Яны павіншавалі ўдзельнікаў з важнай падзеяй і ўручылі ім падарункі.

Канкурсантаў павіншавала старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Алена Камінская.

Канкурсантаў павіншавала старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Алена Камінская.

Пакеты з падарункамі перададзены і ад раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі, а ад Докшыцкага хлебазавода – торты.

На гэтым конкурс не закончыўся. Наперадзе – абласны этап, у якім прымуць удзел і нашы пераможцы. Пажадаем ім далейшых поспехаў.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *