Замдекана университета присваивала студенческие надбавки. Дело рассмотрели в суде Докшицкого района
Перад судом Докшыцкага раёна паўстала намеснік дэкана факультэта аднаго з дзяржаўных універсітэтаў вобласці. Жанчына 1988 года нараджэння была абвінавачана ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў паводле ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Справа разгледжана пад старшынством суддзі Дзяніса Корсака з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы намесніка пракурора раёна Надзеі Міцько.
У рамках сваёй работы намеснік дэкана арганізоўвала ідэалагічныя, выхаваўчыя і сацыяльныя мерапрыемствы на факультэце, забяспечвала ўдзел работнікаў і студэнтаў у грамадзянска-патрыятычных і іншых грамадска значных мерапрыемствах ва ўніверсітэце і за яго межамі. Для гэтых мэт патрабаваліся сродкі на набыццё канцэртных касцюмаў, святочных атрыбутаў, прызоў і іншых рэчаў, але ўніверсітэт іх не выдзяляў. Тады правапарушальніца, каб вызваліць сябе ад маёмасных затрат, дагадзіць непасрэднаму кіраўніку і атрымаць дадатковыя выплаты стымулюючага характару дзеля асабістага ўзбагачэння, скарысталася няхітрай схемай, якая нібыта ўжо практыкавалася на факультэце да яе. Ведаючы аб пералічаных студэнтам надбаўках да стыпендыі, яна незаконна давала ўказанні вярнуць іх на сваю банкаўскую картачку. Тым больш што згодна са службовымі абавязкамі намеснік дэкана сама павінна была ўносіць прапановы па заахвочванні работнікаў і навучэнцаў факультэта, у тым ліку ў складзе камісіі факультэта па размеркаванні надбавак да стыпендыі, а сума апошніх вызначалася ёю аднаасобна. Усяго са снежня 2023 года па сакавік 2025-га службовай асобе пералічана больш за 800 рублёў, якімі яна распарадзілася па ўласным меркаванні. Між тым надбаўкі да стыпендыі налічваліся за актыўны ўдзел у грамадскай рабоце.
– Вінаватая відавочна выйшла за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых ёй па службе, – каментуе справу намеснік пракурора раёна Надзея Міцько. – У выніку наўмысных дзеянняў нанесена істотная шкода законным інтарэсам тром студэнтам, якая выражаецца ў парушэнні іх правоў на атрыманне надбаўкі да стыпендыі і прычыненні маёмаснай шкоды. Абвінавачаная прызнала сваю віну цалкам і кампенсавала ўрон. Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 2 гады з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў і здзяйсненнем юрыдычна значных дзеянняў, на такі ж тэрмін. У дачыненні да асуджанай прыменена адтэрміноўка пазбаўлення волі на адзін год.
Ніна КРУКОВІЧ.

