Ученый-гидрограф, исследователь арктики Александр Макорта — наш Колумб ХХ века
Кожны куток Докшыцкага краю мае сваіх славутых землякоў. У рэспубліцы і далёка за яе межамі ведаюць кампазітара, аўтара музыкі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь Нестара Сакалоўскага, паэтаў і пісьменнікаў Алеся Ставера, Юрася Свірку, Пімена Панчанка, мастакоў Віктара Маркаўца і яго таленавітых сясцёр, Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай працы, імёны якіх носяць школы раёна. Гонар і слава Докшыччыны – шматлікія ваенныя дзеячы і навукоўцы. Сярод іх і вучоны-гідрограф, даследчык Арктыкі, наш Калумб ХХ стагоддзя Аляксандр Паўлавіч Макорта.
Нарадзіўся Аляксандр Макорта ў 1948 годзе ў в. Шаравечка Хмяльніцкай вобласці ў сям’і служачага. У 1961 годзе разам з бацькамі пераехаў на радзіму маці – у в. Тумілавічы Докшыцкага раёна. Тут ён скончыў мясцовую школу і ў 1966 годзе паступіў на гідраграфічны факультэт Вышэйшага ваенна-марскога вучылішча. Выдатнік вучобы, лейтэнант Макорта пайшоў вучыцца ў Ваенна-марскую акадэмію. Там актыўна ўдзельнічаў у геафізічных доследах у Карскім, Нарвежскім, Баранцавым, Грэнландскім марах і ў Паўночнай Атлантыцы, у тым ліку з борту падводных лодак. Пасля заканчэння з адзнакай акадэміі быў назначаны на пасаду намесніка начальніка гідраграфічнай экспедыцыі Паўночнага флоту, а ў 1984-м – яе начальнікам. З 1989 года – намеснік начальніка, а з 1992 года – начальнік упраўлення гідраграфічнай службы Паўночнага флоту, з 1998-га – намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення навігацыі і акіянаграфіі Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі.
Аляксандр Макорта праслужыў у Паўночным флоце больш за 26 гадоў. Атрымаў званне контр-адмірала. Быў арганізатарам навігацыйна-гідраграфічнага і гідраметэаралагічнага забеспячэння дзейнасці Ваенна-Марскога флоту ў Арктыцы. Ганаровы палярнік і лаўрэат прэміі Урада Расійскай Федэрацыі ў вобласці навукі і тэхнікі за стварэнне карт рэльефу дна Паўночнага Ледавітага акіяна.
На жаль, нечаканае захворванне трагічна перарвала жыццё таленавітага гідрографа ва ўзросце 53 гадоў. У знак прызнання яго заслуг і ўвекавечвання памяці ў 2020 годзе імя Аляксандра Макорты атрымаў вялікі гідраграфічны катэр, на якім працягваецца вывучэнне акіянаграфіі.
Бацька Аляксандра Макорты Павел Васільевіч выкладаў у Тумілавіцкай школе рускую мову і літаратуру. Падчас Вялікай Айчыннай вайны трапіў у партызанскую брыгаду “Жалязняк”, дзе і сустрэў сваю будучую жонку. Пасля вайны вярнуўся на радзіму ва Украіну. У 1961 годзе з сям’ёй прыехаў на адпачынак да родных жонкі ў Тумілавічы, дзе так і застаўся.
P.S. За прадастаўленую інфармацыю рэдакцыя дзякуе Тумілавіцкаму сельсавету і Таргуноўскаму клубу-бібліятэцы.
Падрыхтавала Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц.

