Зимний спортивный праздник «Докшицкая лыжня — 2026» прошёл в райцентре
У мінулыя выхадныя ў парку “Заазёрны” ў райцэнтры адбылося зімовае спартыўнае свята “Докшыцкая лыжня-2026”. Сёлетні снегапад стаў сапраўдным падарункам для аматараў зімовых відаў спорту, бо леташні год так і не парадаваў снежным покрывам, з-за чаго раённыя лыжныя спаборніцтвы не адбыліся. І хоць у мінулую суботу студзеньскі мароз шчыпаў за нос, а завіруха ўсё яшчэ прыцярушвала наваколле, усе, хто прыйшоў на свята, радасна абменьваліся рукапацісканнямі і шчырымі ўсмешкамі.
Больш за 120 спартсменаў выйшла ў гэты дзень на лыжную трасу. У камандным заліку выступілі 16 зборных з 18 арганізацый і прадпрыемстваў раёна, а таксама двух сельсаветаў.
Ганаровымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, намеснікі старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна і Сяргей Карчэўскі. На пачатку спаборніцтва былі адзначаны пераможцы і прызёры круглагадовай спартакіяды сярод працоўных калектываў і каманд сельсаветаў. Іх вітала Валянціна Рандарэвіч, якая павіншавала аматараў здаровага ладу жыцця з зімовым святам і ўзнагародзіла мацнейшых спартсменаў па мінулагодніх выніках. Дыплом першай ступені і кубак чэмпіёнаў у чарговы раз атрымала каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Сярэбраным прызёрам стала зборная СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч, бронзавым – СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога.
– Радасна бачыць самых адважных, спартыўных, энергічных, маладых душой і целам людзей, якія сабраліся на гэтым цудоўным свяце, – гаварыла Валянціна Юр’еўна. – Галоўнае ў такіх мерапрыемствах не ўзнагароды, а добры настрой ад зносін, жаданне весці цікавы, здаровы лад жыцця і, канечне ж, згуртаванне калектываў.
Першымі на лыжную трасу выйшлі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна і іх намеснікі. За імі стартавалі ўдзельнікі лыжнай эстафеты.
Пакуль спартсмены саграваліся на трасе, заўзятары спрабавалі гарачую юшку, якую тут жа гатавалі кухары філіяла аблспажыўтаварыства, або танчылі пад папулярныя хіты ў выкананні салістаў Докшыцкага ГЦК. Дзеці бавілі час на гульнявой пляцоўцы, арганізаванай мясцовымі бібліятэкарамі.
Па добрай традыцыі свята завяршылася спаборніцтвам па перацягванні каната, у якім самымі моцнымі сталі прадстаўнікі каманды Докшыцкай ЦРБ. На другім месцы Крулеўшчынскі сельсавет, на трэцім – філіял “Докшыцыводаканал”.
Чэмпіёнамі лыжнай гонкі сталі спартсмены Бягомльскага сельсавета. Сярэбраныя прызёры – зборная СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч і Барсукоўскай БШ. На трэцяй прыступцы п’едэстала каманда аддзела па адукацыі райвыканкама.
Асабістымі прызамі былі адзначаны самыя ўзроставыя і маладыя ўдзельнікі. Падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” атрымалі Таццяна Гарбачова (Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый) і Уладзімір Бяльковіч (Бягомльскі сельсавет). Раённая арганізацыя ГА “БРСМ” адзначыла Паліну Бурніну (Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый) і Аляксандра Гаўрыловіча (ТЦСАН).
Юрый і Ганна Глазко (каманда Бягомльскага сельсавета):
– Сённяшняя гонка для нас трэніровачная перад чарговым этапам Кубка Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках сярод аматараў і ветэранаў. Будзем бегчы 20 кіламетраў. Свята ў Докшыцах сапраўды парадавала. Па-першае, сустрэчай з даўнімі сябрамі. Па-другое, усведамленнем таго, колькі ў раёне аматараў спорту, і менавіта зімовага. Такое ж пачуццё авалодвала намі падчас наведвання Кубка Садружнасці па біятлоне, які ўчора стартаваў у Раўбічах.
Соф’я Цяслёнак (каманда Крулеўшчынскага сельсавета):
– Сённяшняе спаборніцтва па лыжных гонках – гэта не проста спартыўнае мерапрыемства, а свята адзінства і дружбы. Цудоўны марозны дзень быў напоўнены энергіяй барацьбы, сапраўдным спартыўным азартам, усмешкамі і падарыў усім толькі добры настрой.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.






















