Электронная очередь начала функционировать в поликлинике Докшицкой ЦРБ
Паліклініка Докшыцкай ЦРБ абсталявана электроннай чаргой накшталт тых, што ўкаранёны ў банках і на пошце. Пацыенты бальніцы ўжо ацанілі значна палепшанае абслугоўванне.
Тэрміналы электроннай чаргі размешчаны на кожным з трох паверхаў.
На першым патрэбна ўзяць талон у рэгістратуру. Выбіраем адну з паслуг: проста рэгістратуру або рэгістрацыю бальнічных лістоў, вадзіцельскіх справак і рэгістрацыю пячаткі. У залежнасці ад мэты наведвання вас паклічуць у адпаведнае акенца. А пакуль што можна пасядзець на лаўках ці банкетцы, устаноўленых побач. Галоўная выгода для пацыентаў – не тоўпіцца ў чарзе, не дыхаць адзін аднаму ў патыліцу, не высвятляць, хто за кім.
Яшчэ адна навінка – інфармацыйнае табло з указаннем часу прыёмаў урачоў і колькасці талонаў, што робіць графік медыкаў празрыстым для наведвальнікаў.
Тут жа ўстаноўлены і тэрмінал “Электронная рэгістратура”. З яго дапамогай можна запісацца на прыём да ўрача на бліжэйшы месяц і атрымаць раздрукаваны талон, папярэдне ўказаўшы на дысплеі сваё прозвішча і дамашні адрас. Замест гэтых даных можна ўвесці ідэнтыфікацыйныя, у тым ліку для льготнага і пазачарговага абслугоўвання: штрых-код накіравання ці карты абслугоўвання або кароткі нумар, атрыманы на Talon.by. Можна і адмяніць заказы. Работа тэрмінала скарачае чаргу ў рэгістратуру і тым самым зніжае нагрузку на работнікаў, эканоміць час пацыентаў.
На другім паверсе электронная чарга ўстаноўлена ў кабінет функцыянальнай дыягностыкі, працэдурны і флюараграфічны кабінеты. На трэцім – у працэдурны кабінет № 304, дзе магчыма зрабіць ін’екцыі. Туды ж можна выбраць прыём з паметкай “тэрмінова”.
– Электронная чарга дазваляе ўпарадкаваць працэс абслугоўвання пацыентаў, робіць яго больш зручным і хуткім, – тлумачыць старшая медсястра паліклінікі Вольга Камінская. – Ніхто цяпер не ідзе без чаргі “толькі спытаць”, выклікаючы незадаволенасць астатніх, кожнае акенца рэгістратуры прымае вызначаныя патокі пацыентаў. Электронная рэгістратура – не менш зручны рэсурс пры планаванні візітаў да ўрачоў. Асабліва для людзей, якія ідуць на паўторны прыём, дыспансерны агляд, выпісаць “ільготныя” лякарствы, для цяжарных і дзяцей, картачкі якіх ужо знаходзяцца ў кабінетах урачоў. Калі картачак няма, неабходна атрымаць іх у рэгістратуры, а таксама замяніць талоны, атрыманыя ў тэрмінале.
І сама Вольга Канстанцінаўна, і работнікі рэгістратуры штодзённа кансультуюць пацыентаў па выкарыстанні новага абсталявання.
Вячаслаў Іванавіч, 68 гадоў, г. Докшыцы:
– Падабаецца такі клопат пра пацыентаў. З выкарыстаннем сучаснай электроннай сістэмы не трэба стаяць у жывой чарзе ў рэгістратуру блізка з хворымі, непакоічыся, што можна заразіцца. Ды і калі людзі падыходзяць да акенца па адным, захоўваецца канфідэнцыйнасць – не кожны ж хоча, каб суседзі па чарзе чулі, да якога доктара ты збіраешся пайсці ці іншую інфармацыю.
Наталля, 51 год, аг. Параф’янава:
– Мая мама чакала сваёй чаргі ў рэгістратуру, седзячы на лавачцы, – гэта таксама немалаважна для пажылога чалавека. А вось з электроннай рэгістратурай у мяне асабіста ўзнікла непаразуменне: падумала, што талона з тэрмінала дастаткова, каб трапіць на прыём. Разам з тым прыемна адзначыць, што работнікі паліклінікі не пакідаюць пацыентаў сам-насам з новаўвядзеннямі і пастаянна аказваюць дапамогу.



