В Докшицком районе история с банными вениками из заповедника закончилась уголовным делом за хранение оружия
Жыхар раёна 1962 г. нар. паехаў у запаведную зону вязаць венікі для лазні, што пацягнула адміністрацыйную адказнасць, а ў выніку яго гісторыя закончылася крымінальнай справай за незаконныя набыццё і захоўванне агнястрэльнай зброі.
Справа разглядалася пад старшынством суддзі Вячаслава Елісеенкі з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы намесніка пракурора раёна Надзеі Міцько.
Напачатку фігурант справы трапіў “пад вока” фотапасткі на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка, а знаходзіцца там без спецыяльнага дазволу забаронена. У сувязі з гэтым на месца правапарушэння выехалі супрацоўнікі прыродаахоўнай інспекцыі. Падпісваць пратакол мужчына адмовіўся і ўцёк. На яго пошукі прыехаў нарад міліцыі. Пры аглядзе бацькоўскага дома і гаспадарчых пабудоў уцекача былі выяўлены самаробная наразная агнястрэльная зброя і патроны.
Абвінавачаны растлумачыў, што ружжо знайшоў у гаспадарчай пабудове з дровамі, перанёс яго ў хату і схаваў у печы. Хацеў спаліць, “каб не мець праблем з законам”, але потым “забыў”. Магчыма, абрэз належаў яго брату, які ўжо адышоў у нябыт. Тым не менш падсудны не меў дазволу на захоўванне агнястрэльнай зброі, таму цалкам прызнаў сваю віну.
– Яго дзеянні кваліфікаваны па ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса, – пракаментавала прысуд Надзея Міцько. – Улічваючы ўсе абставіны па справе, у тым ліку наяўнасць у абвінавачанага пастаяннага месца жыхарства і работы, яго ўзрост, суд прыйшоў да высновы, што мэты крымінальнай адказнасці будуць дасягнуты шляхам прымянення пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў.
Злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам зброі, нясуць значную грамадскую небяспеку, таму цягнуць строгае пакаранне. Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь. Сярод санкцый Крымінальнага кодэкса – пазбаўленне волі тэрмінам аж на 12 гадоў.
Нагадаю, што асобы, якія добраахвотна здалі зброю і боепрыпасы ў органы ўнутраных спраў, вызваляюцца ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.
Ніна КРУКОВІЧ.

