Магазин от местного сельхозпредприятия работает в агрогородке Ситцы
У аграгарадку Сітцы ўжо другі год працуе крама з аднайменнай назвай мясцовага сельгаспрадпрыемства. Што можна набыць у гандлёвым аб’екце? Ці задаволены асартыментам тавараў вяскоўцы? Даведаліся пра ўсё, калі там пабывалі.
Пакупнікоў ветліва сустрэла прадавец 4 разраду Марына Лявоха, якая, крыху расказаўшы пра сябе, пачала рэкламаваць аб’ект і тавар.
– У гандлі працую 14 гадоў, – гаварыла Марына Чаславаўна. – Перад тым як прыйсці сюды, 13 гадоў адстаяла за прылаўкам у краме “Родны кут”, што ў аграгарадку Параф’янава. Зараз вось абслугоўваю сітцаўчан. Наша крама адчыняецца кожны дзень у 9 гадзін і прымае наведвальнікаў без абеду і выхадных. Асартымент тавараў вельмі багаты. Можаце самі ў гэтым пераканацца.
Сапраўды, столькі відаў каўбасных вырабаў ці прапануюць нават сеткавыя крамы ў райцэнтры? Ёсць мясная, рыбная і малочная прадукцыя. На паліцах – цукеркі ад вядомых айчынных вытворцаў – “Камунаркі” і “Спартака”. Абсталяваны куток з таварамі нехарчовай групы, у тым ліку з беларускай сімволікай.
– Вяскоўцы з вялікім задавальненнем бяруць докшыцкі хлеб, кандытарскія вырабы, – працягвае прадавец. – У продажы ёсць і фрукты, і гародніна – на любы густ. Карацей кажучы, у нас не горш, чым у горадзе. Купіць можна і гранат, і хурму, і памэла.
За студзень 2026 года тавараабарот у краме “АграСітцы” склаў 32,4 тысячы рублёў – гэта ў два разы больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Тое, што крама ў пакупнікоў карыстаецца вялікім попытам, – факт бясспрэчны.
– Мы задаволены, што ў нашым аграгарадку кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства адкрыла такі аб’ект, – падзялілася мясцовая жыхарка Наталля. – Заўсёды ўсё свежае прадаецца. Абслугоўванне пакупнікоў – на высокім узроўні. Прадаўцы Марына Лявоха і Таццяна Кішыла, калі трэба, параяць, што смачненькае можна купіць. Не крама, а супермаркет!
Напрыканцы свайго візіту звярнулі ўвагу на паліцу з цыбуляй. Справа ў тым, што здзівіў яе памер. Для цікавасці нават папрасілі яе ўзважыць. На вагах высвецілася ўнушальная лічба: 620 грамаў. Вось дык цыбуліна!
Намеснік дырэктара КУСГП “АграСітцы” Надзея Голікава:
– Ідэя адкрыць краму прыйшла ў той час, калі вяскоўцы былі абдзелены гандлёвым абслугоўваннем. Выбар тавараў у аб’екце спажывецкай кааперацыі быў зусім бедны. Акрамя гэтага, у аграгарадку перастала працаваць прыватная крама. Трэба было ратаваць сітуацыю, і мы рашылі, што гэта павінна зрабіць сельгаспрадпрыемства. Здаецца, не прагадалі. Людзі задаволены, і мы таксама. Крама, у якой пастаянна пашыраецца асартымент тавараў, папулярная і працуе з прыбыткам.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.




