Медсестра Виктория Малюженец из Докшиц могла бы продолжить педагогическую династию

Медсястра Вікторыя Малюжанец з пацыентам Арцёмам.

Медсястра Вікторыя Малюжанец з пацыентам Арцёмам.

Дакшычанка Вікторыя Малюжанец магла б прадоўжыць педагагічную дынастыю: яе бабуля ў свой час працавала настаўніцай, а мама – выхавальніцай у дзіцячым садзе. Аднак выбар абітурыенткі спыніўся на медыцыне, таму што дапамагаць хворым – ці не самая высакародная місія?

Але ж вось перапетыі жыцця: пасля заканчэння Барысаўскага медкаледжа з кваліфікацыяй “фельчар-акушэр” дзяўчына трапіла ў педыятрычнае аддзяленне Докшыцкай бальніцы, а гэта значыць, што працаваць яна стала ўсё роўна з дзецьмі, працягваючы традыцыі жаночай паловы сям’і.

У педыятрыі медсястра дзесяць гадоў, і ўсё гэтак жа моцна, як на пачатку прафесійнага шляху, непакоіцца за маленькіх пацыентаў, думае пра іх нават дома, дзеліцца перажываннямі з блізкімі.

– А адразу наогул рукі трэсліся перад уколам, баялася зрабіць балюча малому, невыносна было чуць дзіцячы плач, – успамінае Вікторыя Юр’еўна. – Зараз жа ў запасе цэлы арсенал угавораў і хітрых прыёмаў, каб адцягнуць увагу дзіцяці ў час медыцынскіх працэдур. Мы тут і настаўнікі, і псіхолагі, і намеснікі мам.

Яшчэ адна вострая тэма для Вікторыі – адмоўнікі, якіх час ад часу размяшчаюць у бальніцы. Пакінутыя біялагічнымі маці, яны інстынктыўна шукаюць цяпла ад цёцяў у белых халатах, ходзяць услед хвосцікамі, просяцца на ручкі.

– Калі ўпершыню сутыкнулася з такой праблемай, то плакала і дома: не магла паверыць, што для кагосьці ёсць нешта больш важнае ў свеце, чым уласныя дзеці… – кажа Вікторыя.
Зараз медсястра не ўяўляе сябе ў іншым аддзяленні бальніцы – усё ж зносіны з дзецьмі напаўняюць пяшчотай, падкупляюць непасрэднасцю і пакідаюць у душы цёплы след.

Медсёстры працуюць тут пазменна ў якасці працэдурных і паставых адначасова. Суправаджаюць доктара падчас ранішняга абходу, выконваюць яго назначэнні: ставяць кропельніцы, робяць уколы, раздаюць лякарствы і г. д.

Аддзяленне разлічана на дзесяць месцаў, дзеці да пяці гадоў знаходзяцца разам з адным з бацькоў. Між тым мамы і таты маюць не меншую патрэбу ў спагадлівасці, чым іх дзеці. Усхваляваных дарослых трэба супакоіць, растлумачыць ім пра эфектыўнасць лячэння, пастаянна падтрымліваць сувязь. Некаторых такая неспакойная работа прыводзіць да эмацыянальнага выгарання, але наша гераіня зазначае, што ёй гэта не пагражае, таму што паралельна наталяе сэрца любімымі захапленнямі.

Адно з іх – вырошчванне руж. У яе палісадніку ўжо каля трыццаці сартоў, але на гэтым гаспадыня спыняцца не збіраецца. Другое прыгожае хобі – дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Раней займалася вышыўкай бісерам, а цяпер майструе для родных і сяброў падарункавыя букеты з фруктаў і цукерак, а яшчэ больш ёй падабаецца ўпрыгожваць дэкаратыўнымі вырабамі памяшканні.

Навагодняя кампазіцыя, створаная рукамі медсястры ў гульнявым пакоі.

Навагодняя кампазіцыя, створаная рукамі медсястры ў гульнявым пакоі.

З вялікім задавальненнем медсястра з залатымі рукамі і летась, і сёлета стварала для пацыентаў аддзялення яркую навагоднюю атмасферу. Напярэдадні 2026-га ў гульнявым пакоі абуладкавала тэматычную кампазіцыю з ёлкай, камінам, гадзіннікам, свечкамі, зоркамі, конікам з санкамі, арыгінальнымі скрынкамі з падарункамі. Аздобіліся навагодняй атрыбутыкай і калідоры. У выніку дзеці, якія ў святочныя дні вымушаны былі знаходзіцца ў бальніцы, адчулі дамашнюю ўтульнасць і дачыненне да чароўнай казкі ад феі-медсястры.

Усмешлівая, клапатлівая Вікторыя выклікае давер і сімпатыю ў малых і іх бацькоў, карыстаецца павагай у калег за граматнасць і адказнасць. Сама яна лічыць, што медык павінен мець валявы характар і разам з тым быць добрым, мудрым, пачцівым. А самае галоўнае – мець шчырае жаданне дапамагаць людзям.

Муж Вікторыі Міхаіл, які працуе ў Вітуніцкім лясніцтве, з разуменнем адносіцца да выдаткаў жончынай прафесіі і падтрымлівае яе маральна, умела спраўляецца з рознымі хатнімі справамі. Іх дачушка Ксенія ўжо шасцікласніца, сын Ілья пойдзе ў школу ў наступным навучальным годзе. Дзеці сумуюць па маме, калі тая нясе начное дзяжурства, затое з якой радасцю потым сустракаюць яе дома! Лічаць, што іх матуля – самая лепшая ў свеце.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *