У несчастного случая есть причина. В Докшицком районе прошел семинар по охране труда
У раёне прайшоў семінар па тэме “Выкананне патрабаванняў бяспекі і аховы працы ў арганізацыі. Стварэнне бяспечных і спрыяльных умоў працы для працуючых” пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Марыны Клімовіч.
Удзельнікамі семінара сталі прадстаўнікі органаў нагляду, спецыялісты па ахове працы, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Перад імі выступілі галоўны тэхнічны інспектар працы абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Акускоў, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслаў Палянін, прадстаўнікі іншых сфер.
Аляксандр Акускоў разам з тэхнічнымі інспектарамі працы абласных арганізацый галіновых прафсаюзаў правёў у раёне маніторынгі выканання заканадаўства.
– Спецыялістам па ахове працы і службовым асобам наведаных арганізацый аказана практычная і метадычная дапамога па пытаннях правільнага афармлення дакументацыі, стану рабочых месцаў і бяспечнай эксплуатацыі абсталявання, – расказаў пра ход маніторынгаў галоўны тэхнічны інспектар. – Асаблівая ўвага надавалася пытанням асабістай бяспекі, а таксама работам, якія праводзіліся ў халодны перыяд года на адкрытым паветры. Для прыняцця мер па ўстараненні выяўленых парушэнняў кіраўнікам арганізацый будуць накіраваны рэкамендацыі.
Аляксандр Акускоў паведаміў удзельнікам семінара пра стан вытворчага траўматызму ў арганізацыях вобласці за папярэдні год, вылучыў асноўныя прычыны няшчасных выпадкаў, звярнуў увагу на новаўвядзенні ў заканадаўстве ў сферы аховы працы.
Вячаслаў Палянін далажыў, што ў 2025 годзе ў арганізацыях, размешчаных на тэрыторыі раёна, адбылося 8 няшчасных выпадкаў на вытворчасці: адзін смяротны, 5 цяжкіх і 2 з лёгкім зыходам. Ва ўсіх выпадках ёсць або віна саміх пацярпелых у невыкананні нарматыўных актаў, якія рэгулююць патрабаванні бяспечнай працы, або іх асабістая неасцярожнасць. У тым ліку ў трох выпадках устаноўлена віна наймальнікаў.
– Гэтыя даныя сведчаць пра няякасную работу па ахове працы, – зрабіў высновы дакладчык. – За любым няшчасным выпадкам заўсёды крыецца яго прычына.
На семінары было падкрэслена, што адказнасць за ахову працы ў цэлым нясе кіраўнік арганізацыі. А непасрэдныя задачы службы аховы працы – арганізацыя работы ў дадзеным кірунку, кантроль за выкананнем заканадаўства, укараненне сістэмы кіравання аховай працы, папярэджанне вытворчага траўматызму і прафзахворванняў. У той жа час асноўныя абавязкі прафсаюзаў – абарона працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў, забеспячэнне здаровых і бяспечных умоў працы, перагаворы з наймальнікамі.
Увазе прысутных былі прапанаваны прафілактычныя ролікі пра парушэнне правіл бяспекі на прадпрыемствах, падрыхтаваныя на аснове запісаў відэакамер.
Марына Клімовіч заклікала прысутных, адказных за ахову працы, да безумоўнага выканання заканадаўства.
– Ад правільнай арганізацыі работы напрамую залежыць якасць працы і яе бяспека, – сказала яна. – Неабходна катэгарычна выкараняць распіванне алкаголю на рабочых месцах, ні ў якім разе не дапускаць п’яных да працы. Патрэбна ўсімі сіламі ўздзейнічаць на выпраўленне такіх сітуацый, бо за імі стаяць чалавечыя жыцці.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

